Традыцыі «квартальных» сустрэч

На сувязі - рэдакцыя Нумары

image_pdfimage_print

22-га верасня ў гарадскім аддзяленні паштовай сувязі ладзіўся абласны Дзень падпісчыка.

Удзел у ім брала і наша газета, для якой кожная такая «квартальная» сустрэча – чаканая, жаданая, бо яна – жывая сувязь з нашымі падпісчыкамі і чытачамі. Мы заўсёды рады тым, хто ўліваецца ў іх рады і становіцца, па сутнасці, нашым сябрам, дарадцам, аўтарам… Як прыемна, калі хтосьці дзеліцца сваімі эмоцыямі і прызнаецца: «Выпісваю «Прамень» усё жыццё!» Мы хацелі б пабольш чуць пытанняў накшталт: «Як жыць без раённай газеты?..» Нам бальзамам на душу, калі назву раёнкі вымаўляюць па-свойму, па-дамашняму, памяншальна-ласкава – «Праменька»… 

Для сваіх падпісчыкаў, па добрай  шматгадовай традыцыі, мы прадугледзелі ў Дзень падпісчыка прызы і, безумоўна, магчымасць паўдзельнічаць у розыгрышы пяці бясплатных падпісак на квартал. Розыгрыш праходзіў сярод усіх падпісных квіткоў, аформленых на «Прамень» у гэты дзень у гарадскім аддзяленні паштовай сувязі. Для старшага інструктара Таццяны Уласік было выдзелена асобнае, камп’ютарызаванае месца, таму абслугоўванне кліентаў ішло хутка, без чаргі і затрымак. «Мы стараемся адпавядаць запытам кліентаў», – падкрэслівае намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух. У Дзень падпісчыка яна, як і звычайныя наведвальнікі, таксама не пайшла з аддзялення без аформленай падпіскі. Па яе прыкладзе зрабілі гэта і іншыя работнікі пошты. На памяць кожнаму ўдзельніку Дня падпісчыка засталіся прызы.       

Вызначаны і вынікі розыгрышу сярод падпісных квіткоў на «Прамень». Уладальнікамі падарунка рэдакцыі – пяці бясплатных квартальных падпісак – сталі на гэты раз наступныя сем’і стаўбчан: Шацілаў (вуліца Міру, 11), Бузуноўскіх (вуліца Сянкевіча, 37), Станілевічаў (вуліца Заслонава, 5) Кавецкіх (вуліца 17 Верасня, 13), Малікавых (завулак Камінтэрна, 6). Віншуем пераможцаў!

Нагадваем, што падыходзіць да завяршэння падпісная кампанія на раённую газету «Прамень». Аформіць падпіску на чацвёрты квартал 2015 года можна ў любым аддзяленні паштовай сувязі, а таксама ў паштальёна. Не спазніцеся!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *