Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 11 шлюбаў, зроблены пяць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі пяцёра маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Дар’я Сахарэвіч, Міхаіл Бурачэўскі, Софія Севасцьяновіч, Мікіта Мігура і Цімафей Суднік.

Зямны шлях закончыўся для дзевяці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі пажар у Наваколасаве. Агнём пашкоджана частка калідора, сцяны і падлогі кватэры. Прычына здарэння высвятляецца, матэрыял па гэтым факце перададзены ў раённы аддзел Следчага камітэта.

Міліцыяй зарэгістравана 153 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана сем крымінальных спраў, у пяці з іх устаноўлены падазраваемыя. Па падазрэнні ў атрыманні хабару ў памеры 20 тысяч долараў ЗША затрыманы дырэктар ААТ «Вішнявецкі-агра».

 Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання прадпрыемствамі і арганізацыямі заканадаўства, а таксама спагнання пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці. У ходзе аналізу інфармацыі аддзела эканомікі райвыканкама ўстаноўлена, што найбольшы аб’ём дэбіторскай запазычанасці ў ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Яго асноўныя даўжнікі – арганізацыі АПК раёна, але ёсць і прыватныя прадпрыемствы. Работа па спагнанні запазычанасці прадпрыемствам не праводзіцца.

Суд асудзіў да года пазбаўлення волі (з адтэрміноўкай выканання прыгавору на  год) 36-гадовага стаўбчаніна, які, будучы ў арганізацыі матэрыяльна адказнай асобай, учыніў крадзеж. 54-гадовы стаўбчанін ажыццявіў перапланіроўку ў доме, за што аштрафаваны на 540 000 рублёў.

ДАІ выявіла 264 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра п’яных вадзіцеляў і 14 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 17 недысцыплінаваных пешаходаў (у тым ліку двое веласіпедыстаў). Зафіксавана 9 дарожных аварый. Раніцай 18-га верасня на 44-м км аўтадарогі Пяршай – Івянец–Нясвіж вадзіцель на аўтамабілі «МАЗ» з прычэпам, гружаным лесам, наехаў на веласіпедыста, жыхара Дзераўной 1946 года нараджэння, які ажыццяўляў манеўр выезду з абочыны на правую паласу руху. Мужчына атрымаў цяжкія траўмы, ад якіх у бальніцы памёр. 22-га верасня адбыўся інцыдэнт на аўтамагістралі: спачатку па невядомых прычынах загарэўся аўтапрычэп а/м «Вольва», які перавозіў папяровую прадукцыю, а калі  трасу зацягнула дымам (быў яшчэ і густы туман), на сустрэчнай паласе сутыкнуліся тры аўтамабілі. На шчасце, ніхто не пацярпеў.  

«Хуткая» атрымала 229 выклікаў, у прыватнасці 15 – да асоб з алкагольным ап’яненнем. 

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *