На прасторах Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

Ферма «Засулле »  ААТ «Каганец» – адзін з прыкладаў  выкарыстання  на малочнатаварных комплексах новых  сучасных тэхналогій. Апошнім часам ручную працу  жывёлаводаў на дойцы кароў тут замяніў  робат. За яго работай (на здымку злева) сочаць аператар Алена Райская і галоўны заатэхнік таварыства Вера Конюх. Паспяхова спраўляецца  з новым абсталяваннем і аператар Анастасія Фляўм.

Васіль Зянько

 

ШКОЛЬНЫ НАБОР АД ВАЛАНЦЁРАЎ

У раённым камітэце БРСМ падведзены вынікі сёлетняй жнівеньскай валанцёрскай акцыі «Добрае сэрца». 

Дабрачынны збор канцылярскіх прылад сабраў мноства важкіх каробак, і кожная з іх – фактычна імянная, прадастаўленая тым ці іншым калектывам. Асабліва пастараліся работнікі электрасетак, цэнтральнай раённай бальніцы, цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 і аддзялення «Аграпрамбанка», Аталезскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа.

Як адзначае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская, з дабрачынных ахвяраванняў сфарміраваны паўнацэнныя школьныя наборы для шматдзетных і іншых сем’яў раёна, якія маюць патрэбу ў дапамозе. У гэтых наборах чаго толькі няма: сшыткі, алоўкі, фарбы, фламастары, альбомы і блокі для малявання, каляровая папера, пластылін, кніжкі-размалёўкі! У Стоўбцах падарункі раздадзены адрасатам, у сельскай мясцовасці яны будуць уручацца паступова, па ходу наведвання сем’яў.

 

ФРОНТ РАБОТ ДАРОЖНАГА ФІЛІЯЛА

Адбылася рэарганізацыя ўчастка № 8 ДБУ № 29 ААТ «ДБТ № 7». З 1-га чэрвеня ўчастак стаў самастойнай адзінкай – філіялам.

Яго дырэктар Станіслаў Лысы адчуў перамены ў першую чаргу па тым, што неабходна самім шукаць работу, аб’екты. У калектыве працуюць сто чалавек. Дарожнікі філіяла спецыялізуюцца на земляных работах, узвядзенні штучных збудаванняў, мантажы дарожнага борта і пліткі, выпуску і ўкладцы асфальтабетонных сумесяў.

– За тры месяцы пасля рэарганізацыі асвоілі ўласнымі сіламі 8 мільярдаў 130 мільёнаў рублёў. Выручка склала амаль 12,5 мільярда рублёў. Нашы людзі працуюць і за межамі раёна – у Мінску, Мінскім і Дзяржынскім раёнах, – паведаміў дырэктар філіяла Станіслаў Лысы.

Сярод мясцовых аб’ектаў значыцца добраўпарадкаванне пад’ездаў і вытворчых пляцовак СФГ «Сула», СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн», ААТ «Агранёманскі». Найбольш значныя аб’ёмы работ па-за межамі Стаўбцоўшчыны – удзел у будаўніцтве 2-й кальцавой аўтадарогі вакол Мінска, дзе дарожнікамі філіяла ўжо ўкладзена 15 тысяч тон асфальтабетону. Паступае ён, улічваючы маштаб аб’екта, не толькі з двух сваіх заводаў, а і з бліжэйшых да будаўнічых пляцовак іншых асфальтабетонных заводаў.

Са снежня мінулага года дарожнікі філіяла працягваюць працаваць на аўтадарозе Мінск –Мікашэвічы (на ўчастках 95-ты км і 99-ты км).

– Адсыпаем земляное палатно пад дарожнае пакрыццё. Кожны месяц асвойваем каля мільярда рублёў, – зазначае Станіслаў Лысы.                

Работа на гэтых аб’ектах наладжана вахтавым метадам пад кіраўніцтвам начальніка ўчастка Уладзіміра Ільючэнкі.

 

УРАДЖАЙ З САЖАЛАК

Гарачая пара пачалася ў хатаўскіх рыбаводаў – збор ураджаю.

– Віды на ўраджай добрыя – 10 ц/га, – зазначае начальнік участка па вытворчасці рыбы і базы адпачынку ППР «Бройлер» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Юрый Мінько. – Адлоўліваем карпа і белага амура. Жывую рыбу будзем вывозіць на продаж у Стоўбцы, адпраўляць у іншыя магазіны. У сталіцу адгружаем фарэль вагою да аднаго кілаграма. Гэты від карыстаецца попытам як у пакупнікоў, так і сярод рыбакоў, якія прыязджаюць да нас з вудачкай на платную рыбалку.         

На адлове заняты Канстанцін Пракаповіч, Раман Ключнік і іншыя рыбаводы на чале з вопытным рыбаводам-іхтыёлагам Галінай Акунец. У залежнасці ад надвор’я адлоў рыбы працягнецца да сярэдзіны кастрычніка. Хатаўскія рыбаводы плануюць атрымаць 54 тоны рыбы, з іх 30 тон – таварнай. Астатняя пойдзе на пасадачны матэрыял.

Сёлета ачышчана ад расліннасці яшчэ адна сажалка, плошчай 10 га, каб у наступным годзе займець трэцюю сажалку для платнай рыбалкі (усіх сажалак у Хатаве – 15). З пачатку года тут пабывала 1800 рыбакоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

«САГРЭЮЦЬ» АДЛІЧЭННІ

Аб’яднанне камунальных службаў выступіла заказчыкам капітальнага рамонту жылога фонду ў Стоўбцах і Наваколасаве.

У райцэнтры вядзецца капрамонт адразу трох дамоў па вуліцы Ленінскай (№№ 79, 81 і 77). На гэтых аб’ектах падраднымі арганізацыямі выступаюць ПМК-233 і прадпрыемства «Архімір». Прыцягнута і яшчэ адна будаўнічая арганізацыя – рамонтна-будаўнічае ўпраўленне, якое займаецца рамонтам жылога дома ў Наваколасаве, па вуліцы Школьнай.

– Капітальны рамонт уключае і ўцяпленне фасадаў, – падкрэслівае галоўны інжынер аб’яднання камунальных службаў Алег Кухарчык.

Да канца бягучага года мяркуецца здаць аб’екты. Для гэтага спатрэбіцца каля трох мільярдаў рублёў. Прыкладна 1,8 мільярда ў гэтай суме – сродкі, што назапашваюцца ад штомесячных адлічэнняў грамадзян на капітальны рамонт.

 

ЗА СРОДКІ АД СУБОТНІКА

На аўтобусных прыпынках па вуліцы Ленінскай, а таксама на вуліцы 17 Верасня ўстанаўліваюцца тры новыя павільёны.

– Патрэбнасць у павільёнах значна большая (усіх іх цяпер 14), таму адшукваем дадатковыя крыніцы фінансавання. У апошнія тры павільёны ўкладзены і сродкі, заробленыя жыхарамі горада на суботніку, – адзначыў галоўны інжынер аб’яднання камунальных службаў Алег Кухарчык.

Павільёны выраблены Стаўбцоўскай ПМК. Выкарыстаны метал, а таксама флюракарбон –  для выканання празрыстага даху.

 

ВІТРЫНА НА КОЛАХ

Мінулыя летнія дні для райспажыўтаварыства адметныя важкім набыткам. На айчынным прадпрыемстве «МАЗ-Купава» набыты шасціметровы прычэп для выязнога гандлю. Ён уяўляе сабою вітрыну з самым сучасным халадзільным абсталяваннем для продажу харчовых прадуктаў. Адзінкавыя райспажыўтаварыствы вобласці маюць такое сучаснае гандлёвае абсталяванне на колах. Таму такі набытак для стаўбчан – сапраўды вялікі і важкі.

Акрамя таго, на гэтым жа прадпрыемстве райспажыўтаварыства аплаціла ўжо два аўтамагазіны, якія хутка папоўняць аўтамабільны парк работнікаў спажывецкай кааперацыі раёна.

 

І ЗРУЧНА, І ЭСТЭТЫЧНА

Для аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства набыта стужачная піла для раздзелкі мяса.

 Гэта вельмі патрэбная пакупка. Год назад у магазіне  «Кулінарыя» адкрыты аддзел «Мясная лаўка». Тут пакупнікі могуць набыць мяса вышэйшых сартоў, а таксама мясныя паўфабрыкаты. Раздзелка мяса праводзіцца ў цэху на базе рэстарана «Нёман». Спецыялізаваная піла дазваляе максімальна аблегчыць працу і атрымаць выдатны вынік – кавалкі мяса эстэтычна разрэзаны, маюць вельмі прывабны выгляд.

У «Мясной лаўцы» ў будынку рэстарана «Нёман» можна набыць рознае мяса – ялавічыну, свініну, курэй, качак, індыкоў, трусоў, перапёлак, бараніну і нават мяса страуса.

Мясны прылавак карыстаецца папулярнасцю ў пакупнікоў, таму кіраўніцтва райспажыўтаварыства максімальна развівае цэх радзелкі і асартымент прадукцыі. Гэтая рупнасць бачная і ў вытворчых паказчыках. Тэмп росту аб’ёму прамысловай прадукцыі складае больш за 170 працэнтаў да адпаведнага перыяду папярэдняга года.

 

З ПРЫРОДНЫМ ГАЗАМ

Райспажыўтаварыства паступова мадэрнізуе цеплавыя сістэмы сваіх ведамасных аб’ектаў. Падведзены прыродны газ да бара «Спатканне», цырульні «Шарм», магазінаў «Дзіцячы свет», «Забота», Встреча». Новыя катлы ўстаноўлены ў магазінах «Купалінка», «Встреча», вёскі Цеснавая.

Цяпер рыхтуецца дакументацыя па газіфікацыі магазінаў ў вёсках Скамарошкі і Любкаўшчына.

Работнікі прылаўкаў, дзе падвод газу да ацяпляльных сістэм ужо праведзены, адчулі добрыя перамены са з’яўленнем камфорту і цяпла.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *