Не хапіла, як заўсёды, аднаго дня

Добраўпарадкаванне Нумары

Аўтадарога Літва – Куль – Пятрылавічы, якую абслугоўвае ДРБУ № 135, у цэлым, здаецца, у парадку – чыстая, абкошаная. Але ёсць і асобныя ўчасткі, да якіх у дарожнікаў рукі пакуль не дайшлі. З гэтым згаджаецца і малады кіраўнік арганізацыі Вадзім Савіцкі, прызначаны на гэтую пасаду ўсяго тры месяцы таму. 

– Аднаго дня нам не хапіла. Касілка ж ходзіць па пэўным маршруце, – тлумачыць спецыфіку работы Вадзім Савіцкі.

І сапраўды, побач з месцам нашай сустрэчы ўжо кіпіць работа – працуе на схіле трактар МТЗ-82 з касілкай К-78, якім кіруе Віктар Дошчачка. «На ўсякі выпадак падрыхтавалі і мотакасу», – запэўнівае кіраўнік. Гэтая ручная тэхніка будзе дарэчы, калі прыйдзецца абкасіць вакол дарожных знакаў, у іншых цяжкадаступных месцах. І прыклад наглядны. Начальнік і галоўны інжынер арганізацыі з ручнымі мотакосамі ліквідавалі недапрацоўкі, якія пакінулі работнікі перад выхаднымі.

Усяго на абслугоўванні сеткі мясцовых аўтадарог задзейнічана ў сезон шэсць трактароў-касілак. Але з іх у рабочым стане – чатыры, астатнія знаходзяцца на капітальным рамонце. Пакуль яны на «прыколе», механізатары пераведзены ў брыгаду. На дарогах задзейнічаны і ўсе грэйдары – два прычапныя і два самаходныя. Недалёка адсюль дарожнікі вядуць уласнымі сіламі і капітальныя работы. 

Іх асноўны аб’ект на даны момант – уладкаванне пад’езда да дома-інтэрната ў Кулі. Вядзецца ўстройства асфальтабетоннага пакрыцця працягласцю 2,4 км, а таксама двух прыпынкаў грамадскага транспарту. На гэтым аб’екце за кароткія тэрміны неабходна асвоіць 3 мільярды 650 мільёнаў рублёў (ужо ў кастрычніку бягучага года запланаваны яго ўвод). Невыпадкова, што на аб’ект сцягнута шмат дарожна-будаўнічай  тэхнікі. «Шчыруе тут і брыгада рабочых, якая займаецца добраўпарадкаваннем – высечкай кустоў і іншымі работамі», – дадае галоўны інжынер ДРБУ Вадзім Калпак.   

Капітальны рамонт у бліжэйшы час намечаны і адносна яшчэ аднаго аб’екта – аўтадарогі Літва – Куль – Пятрылавічы, пра якую вышэй ужо ішла размова. Дарожнікам трэба правесці аналагічныя работы – укладку асфальтабетоннага пакрыцця з устаноўкай аўтобусных павільёнаў – на двух участках гэтай дарогі агульнай працягласцю 2,5 км. Паколькі аб’ект пераходзіць на 2016 год, то сёлета на яго выдзелена частковае фінансаванне – у межах аднаго мільярда рублёў.

– Капітальныя рамонты аўтадарог мясцовага значэння вядуцца за кошт паступленняў ад дарожнага збору. У гэтым годзе ДРБУ было выдаткавана 8,6 мільярда рублёў. Патрэбнасць, можна сказаць, у некалькі разоў большая, – разважае Вадзім Савіцкі.

Але не толькі гэта турбуе дарожнікаў. Прараб майстарскага ўчастка № 6 Аляксандр Свірскі, у зоне абслугоўвання якога і дапушчана нясвоечасовае абкошванне аўтадарогі, найперш звяртае ўвагу на свой штодзённы боль: вось ён, валяецца на абочыне, – пакет «свежага» смецця. Да вёскі няблізка, таму, відавочна, што ён быў выкінуты з машыны. «Бачыце, – эмацыянальна рэагуе прараб, – яшчэ і дзве сцяжынкі засталіся прыкметнымі: калі ішлі з машыны і калі вярталіся».

Даведваемся, што патрульная ўборка на гэтай аўтадарозе праводзіцца дарожнікамі двойчы на тыдзень – у панядзелак і чацвер. У такім выпадку дзякуй невядомаму «нядобразычліўцу» і за тое, што сёння (21-га верасня, калі праводзіўся рэйд, – Т. П.) якраз панядзелак…

Праўда, розныя акалічнасці міжволі наводзяць і на іншы роздум. Пакет са смеццем быў пакінуты не на траве, што ледзь адрасла, бо там яго ніяк не схаваеш, а ў кустоўі. Усё-такі прыкрыццё ганебнаму ўчынку… «Вясною мы гэтае кустоўе выразалі, а яно ізноў за сезон адрасло», – парыруе Аляксандр Свірскі і, каб падмацаваць сваё алібі і не пакінуць сумненняў, пераходзіць на мову лічбаў.

 – На абслугоўванні ўчастка – 155 км аўтадарог, – паведамляе прараб участка № 6. – Дзве касілкі, замацаваныя за ўчасткамі № 6 і № 5 (апошні таксама размешчаны ў Дзераўной), працуюць у межах вызначанай нормы. Для касілкі з гідраманіпулятарам яна складае 19 км за дзень, для звычайнай – 37 км. Калі дабавіць хуткасці, страчваецца якасць касьбы…     

У народзе кажуць: узяўся за гуж, не кажы, што нядуж. Гэта і дарожнікаў таксама  датычыць. Актуальныя задачы па добраўпарадкаванні дарог перад кіраўніцтвам арганізацыі пастаўлены. Іх трэба выконваць, і выконваць так, каб на дарогах, таксама нашым нацыянальным багацці, заўсёды панаваў парадак.  

 

Да ведама.pdf

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

1 комментарий по теме “Не хапіла, як заўсёды, аднаго дня

  1. У канцы тэксту ёсць радок «Да ведама», клікнуўшы на які наведвальнікі сайта ўбачаць графікі вывазу цвёрдых камунальных адходаў па Стоўбцах і раёне на чацвёрты квартал 2015 года ў фармаце PDF.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *