Жыць перспектывай

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Сёлета, у Год моладзі, на Стаўбцоўшчыне адбылася гістарычная падзея – І Рэспубліканскі форум сельскай моладзі. Тое, што форум праходзіў упершыню, вызначыла яго асаблівы статус. Больш як тры сотні ўдзельнікаў, якія прыбылі з розных рэгіёнаў Беларусі, мелі магчымасць адчуць сябе ў цэнтры грамадскага жыцця краіны.       

Падчас работы форуму мы бліжэй пазнаёміліся з дэлегатамі нашага раёна. Усе яны – актыўныя члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, здатныя працаўнікі, а некаторыя – ужо займаюць пасады галоўных спецыялістаў, кіраўнікоў падраздзяленняў, асобныя знаходзяцца ў перспектыўным кадравым рэзерве. Два дні форуму яны, носьбіты розных прафесій, былі маладзёжным партрэтам, абліччам Стаўбцоўшчыны. 

Так выйшла, што на форуме Святлану Талстую адрэкамендаваў сам старшыня раённага выканаўчага камітэта. «У зале прыемна бачыць Святлану Талстую, галоўнага агранома ААТ «Шашкі», – у прыватнасці зазначыў у сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў форуму Юрый Горлаў. – Дзякуючы граматным дзеянням дырэктара і яе, агранома, у гаспадарцы дасягнута самая вялікая прыбаўка ў раёне. Падчас жніва я сустракаў гэтага маладога спецыяліста каля камбайнаў, трактароў… Маладыя кадры даюць такія высокія вынікі! Намі прынята рашэнне  правесці ў лістападзе  раённыя «Дажынкі»на базе ААТ «Шашкі».

Святлана ТАЛСТАЯ, галоўны аграном ААТ «Шашкі»:

– Высокая прыбаўка – гэта 3 600 тон збожжа да ўзроўню мінулага года з ураджайнасцю 37,4 ц/га пры бале ворыва 29. Строга прытрымліваліся тэхналогіі, вось і атрымалі прыбаўку, якой і самі не чакалі. У жніво вольнага часу ў мяне сапраўды не было. З шасці раніцы і да 12 ночы – на рабоце. Старшыня райвыканкама заязджаў на поле па некалькі разоў на дзень. Яшчэ калі са мною падпісвалі кантракт, ён сказаў: «Вас я не ведаю, але хутка мы пазнаёмімся». Цяпер уся наша ўвага – кармавой базе, пасяўной. На форуме, падчас работы секцый, мы наведалі знакаміты агракамбінат «Сноў». Вельмі спадабалася, карысна было ўбачыць усё сваімі вачыма.

Што зрабіла пасля напружанай працы?.. Калі з’явілася вольная хвілінка, захацелася ў першую чаргу сустрэцца з сябрамі-аднакурснікамі. Два гады з паловай  назад я закончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Вярнулася ў сваю гаспадарку. Жыву ў Гуменаўшчыне з бацькамі.             

Уладзімір РАПЕЦКІ, бухгалтар ААТ «Рочавічы»:

– Форум праходзіў выдатна. Арганізацыя яго – на высокім узроўні. У нас столькі станоўчых эмоцый! Такі канструктыўны дыялог адбыўся са старшынёй аблвыканкама Сямёнам Барысавічам Шапірам. Гэта незабыўна. Я таксама прымаў удзел у рабоце секцыі «Сельская гаспадарка» на базе агракамбіната «Сноў». Наведалі ферму, дзе тэхналагічныя працэсы выконваюцца з дапамогай робатаў. Уразіла,  вельмі пазнавальна. Нешта з убачанага пастараюся данесці да свайго кіраўніцтва. Укараніць можна многае, калі працаваць на перспектыву. Надзвычай карысна мы пагутарылі з калегамі з Расійскай Федэрацыі, якія былі запрошаны на гэты форум. Яны падзяліліся, як у іх развіваецца сельская гаспадарка, як жыве моладзь. Думаю, што з новымі сябрамі працягнем кантакты па электроннай пошце. Хочацца, каб за першым форумам абавязкова  праз год быў і другі.

Алёна МІЦКЕВІЧ, педагог Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў:      

– Настрой у маладых пазітыўны, а форум падарыў мне шмат карыснага ў прафесійным плане. Я брала ўдзел у рабоце секцыі «Культура», якая працавала на базе ўстаноў культуры Дзяржынскага раёна. Мы наведалі шмат аб’ектаў, але асабліва спадабалася ў Палацы культуры пасёлка Энергетыкаў. Там ёсць нямала новага, цікавага, што можна перанесці і ў дзейнасць нашай школы, новымі знаходкамі хочацца падзяліцца са сваімі калегамі.

У мяне ўжо трохгадовы вопыт работы педагогам тэатральнай творчасці. Займаюся з пяцігадовымі дзецьмі і старэйшымі. Дзіцячыя групы самых маленькіх прыходзяць да нас з дзіцячага садка, вечарам. І свайго шасцігадовага сына Антона мы з мужам таксама аддалі на мастацка-эстэтычнае аддзяленне.  З дзецьмі ладзім пастаноўкі, развіваем навыкі маўлення, вобразнасць, фантазію, уяўленне. Вучым іх культуры паводзін, рыхтуем псіхалагічна да школы. І самой хочацца расці разам з імі,  вучыцца, працаваць над сабой.        

Дзмітрый МАХІНА, галоўны інжынер ААТ «Радзіма Якуба Коласа»:

– Уражанні ад форуму?.. Самыя станоўчыя! Учора, сёння мы адпачываем – можна сказаць, у нас выдаліся своеасаблівыя выхадныя пасля гарачай уборачнай пары. Калі мне прапанавалі ўдзельнічаць у форуме, адразу згадзіўся. Ездзілі ў агракамбінат «Сноў». Гаспадарка спадабалася. Тое-сёе з новых тэхналогій, як у «Снове», ёсць і ў нас, але трэба імкнуцца да большага. Там працуе тэхніка сучасная, замежная, і наша гаспадарка патрымлівае такі статус. У нас ёсць высокаэфектыўная збожжаўборачная і кормаўборачная тэхніка, трактары, пасяўныя агрэгаты. Шмат моладзі. У мяне, між іншым, тры вышэйшыя адукацыі. Закончыў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і, адначасова, Інстытут павышэння кваліфікацыі пры БАТУ. У мінулым годзе завочна скончыў Акадэмію пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Перспектыва ёсць. Родам з Валожына, але Стаўбцоўшчына стала блізкай – ажаніўся з мясцовай дзяўчынай. Удзельнічаем у грамадскім жыцці гаспадаркі.     

Вольга БУРАК, загадчыца Нававёскаўскай амбулаторыі:

– Мне выпала быць дэлегатам форуму сельскай моладзі і, адначасова, знаёміць удзельнікаў форуму, маіх маладых калег, з работай амбулаторыі, дзе я працую толькі месяц. Для мяне гэта вялікі  гонар і адказнасць. У калектыве працаваць прыемна. Родам я з Гарадзеі. Два гады таму закончыла Гродзенскі медуніверсітэт і, адпрацаваўшы ў Мінскай ЦРБ, захацела вярнуцца на малую радзіму. Ад дома, дзе я жыву з бацькамі, да працы – восем кіламетраў. Нямнога. Тым больш, што ваджу аўтамабіль.

Наша Нававёскаўская амбулаторыя спадабалася не толькі мне, а і ўсім удзельнікам форуму, якія наведвалі яе. Калегі сказалі: «Ні ў кога нічога падобнага няма». Амбулаторыя адрамантавана, прыгожая. Аснашчана ўсім неабходным для фізіяпрацэдур, кардыёграфам. Ёсць свая лабараторыя, стаматалагічная ўстаноўка, на якой працуе ўрач-стаматолаг. На ўчастку (да яго адносіцца і Горкаўскі ФАП) пражываюць 1 487 чалавек, у тым ліку 250 дзяцей. Шмат у чым дапамагае ААТ «Вялікі Двор». Напрыклад, падарыла амбулаторыі камп’ютар, пральную машыну. 

 Вольга БУЦЬКО, педагог Засульскай сярэдняй школы:

– Падчас работы форуму я пазнаёмілася з дэлегатамі са свайго і з іншых раёнаў. Сустрэла тут і сваю сяброўку – Таццяну Талстую, з якой дружым даўно. Хадзілі ў адну школу – Шашкоўскую. Цяпер працуем у сваім раёне.

У гэтым годзе я закончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Накіравана ў Засульскую школу настаўніцай хіміі і, у дадатак, педагогам сацыяльным. Ужо пазнаёмілася з сем’ямі вучняў. Узрадавала тое, што няма нядобранадзейных сем’яў, у якіх становішча дзяцей лічыцца сацыяльна небяспечным. Будзем працаваць з праблемнымі бацькамі, каб у дзяцей заставалася сям’я, мама і тата.

Я ўдзельнічала ў рабоце секцыі «Адукацыя», арганізаванай на базе гімназіі ў Нясвіжы, Сноўскай школы. У Снове педагог са званнем «Настаўнік года» давала нам майстар-клас. Вельмі спадабалася. Хачу таксама развівацца. Думаю атрымаць другую вышэйшую адукацыю.                

Дзяніс СКАЧКО, галоўны інжынер ААТ «Жацерава»:

– У гаспадарцы я ўжо сем гадоў, палову з іх – на пасадзе галоўнага інжынера. Спачатку закончыў Мар’інагорскі сельгастэхнікум, потым завочна – Горкаўскую сельгасакадэмію. Люблю сваю работу. Праблемы ёсць, але мы стараемся іх вырашаць. Дзякуючы форуму пазнаёміўся з агракамбінатам «Сноў». Радуе тое, што наша гаспадарка таксама не стаіць на месцы. Запускаем даільныя залы, рэканструюем фермы па перадавых сучасных тэхналогіях. Нас пасылаюць на курсы, у замежныя камандзіроўкі, на форумы… Пастаянна трэба быць наперадзе. Са мною ў гаспадарцы працуе і жонка. Яна намеснік галоўнага бухгалтара. Нашай сям’і далі магчымасць прыватызаваць дом. У гэтым годзе ў нас нарадзілася другое дзіця…

Відавочна з размовы, што ў нашай моладзі ўсё наперадзе. Гэта не толькі прафесійны і кар’ерны рост, адзначаны запатрабаванасцю і пэўнай доляй здаровых амбіцый, а і асабіста-сямейныя радасці, шчасце. Перад маладымі адкрыты ўсе дарогі і дзверы, а рыначны попыт на іх дапытлівасць, інтэлектуальнасць і тэхналагічнасць з кожным годам толькі ўзрастае.  

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ (злева направа): Вольга Буцько, Вольга Бурак, Уладзімір Рапецкі, Святлана Талстая, Дзяніс Скачко, Алёна Міцкевіч, Дзмітрый Махіна.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *