Захаваць мір і бяспеку

Нумары Тэма тыдня

Беларусь надае асаблівае значэнне прадухіленню ваенных канфліктаў і пагрозы жыццю людзей. Аб гэтым заявіў 27 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на пленарным пасяджэнні Саміту ААН па ўстойлівым развіцці ў Нью-Ёрку.

На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, устойлівае развіццё любой краіны немагчыма без міру і бяспекі. «Гэтую бясспрэчную ісціну беларускі народ спаўна пазнаў на сваім лёсе. У мінулым стагоддзі Беларусь стала месцам самых кровапралітных бітваў дзвюх сусветных войнаў», – нагадаў Прэзідэнт.

«Страціўшы ў вайне з фашызмам трэць насельніцтва, Беларусь адрадзілася з попелу і свята шануе мір і згоду ў грамадстве, імкнецца забяспечыць дабрабыт народа і стабільнае развіццё дзяржавы», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што за гады суверэннага існавання Беларусь з гонарам выканала тыя мэты тысячагоддзя, якія звязаны з ліквідацыяй голаду і беднасці, з дасягненнем стапрацэнтнай пісьменнасці насельніцтва, роўнасці мужчын і жанчын, сацыяльна-палітычнай стабільнасці, з недапушчэннем дыскрымінацыі па нацыянальных і рэлігійных прыкметах.

«У нас няма мацярынскай смяротнасці, дзіцячая смяротнасць – самая нізкая ў свеце. Менавіта гэта і ёсць дэмакратыя, а не тое, што спрабуюць насадзіць нам нашы заходнія настаўнікі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Калі не спынім кровапраліцце ў Еўропе, «горача» будзе ўсяму цывілізаванаму свету. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на пленарным пасяджэнні Саміту ААН па ўстойлівым развіцці.

Аляксандр Лукашэнка згадаў пра ўкраінскі крызіс. «Калі не спынім кровапраліцце ў Еўропе, братазабойчую бойню, дапусцім эскалацыю гэтага канфлікту, «горача» будзе ўсяму цывілізаванаму свету. Прабачце мне, зробім яшчэ адзін крок да глабальнага канфлікту, а магчыма, да новай сусветнай вайны, ужо ў цэнтры цывілізаванага свету», – сказаў беларускі лідар.

«Няўжо, уступіўшы ў новае тысячагоддзе, мы так і не зразумелі, які крохкі мір і чалавечая цывілізацыя?» – звярнуўся Прэзідэнт да прысутных у зале.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы сваімі словамі падвесці ўладных людзей да адной думкі. «Зразумела, сёння няма той сілы, якая вас спыніла б. Але ж кіраўнікі дзяржаў, якія ўчыняюць кашчунства, усе вернікі, нават многія публічна моляцца. Але ж гасподзь бачыць усё, і ён справядлівы. А калі раззлуецца і пакарае вінаватых? Вас, вашы народы, якія пацерпяць бязвінна за вашы авантуры», – сказаў Прэзідэнт Беларусі.

«Думаю, трэба спыніцца. Трэба дапамагчы людзям бедных краін апрануцца, вылечыцца, атрымаць адукацыю. Накарміце галодных, выратуйце ад гібелі дзяцей, і вам адплаціцца», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сучасны свет зведвае крызіс адказнасці, а таму патрэбны палітыкі, гатовыя прымаць рашэнні ў інтарэсах усёй сусветнай супольнасці. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на пленарным пасяджэнні Саміту ААН па ўстойлівым развіцці.

«Сёння патрэбны адказныя палітыкі, здольныя дзейнічаць глабальна, стратэгічна, гатовыя прымаць рашэнні ў інтарэсах усёй сусветнай супольнасці, ісці на кампраміс дзеля агульнага дабрабыту», – лічыць беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, эгаістычныя інтарэсы і скарацечныя выгады вяршэнствуюць пры прыняцці многіх рашэнняў у сучасным свеце. Ён адзначыў, што дзеянні шэрагу дзяржаў на міжнароднай арэне часта не ўлічваюць канкрэтную рэальнасць і асаблівасці іншых дзяржаў і грамадстваў.

«Упэўнены, калі б было па-іншаму – не было б соцень тысяч людскіх ахвяр у Іраку, Лівіі, Сірыі і іншых краінах, адкуль рынулі патокі бежанцаў, якія ратуюцца ад вайны. Не дапусцілі б з’яўлення «Ісламскай дзяржавы». Не было б успышак тэрарызму ў Еўропе і грамадзянскай вайны ва Украіне. Спіс гэтых «не было б» можна працягваць доўга, – сказаў Прэзідэнт Беларусі. – І важна сёння аб гэтым гаварыць, таму што ў такіх дзяржавах народы не зразумеюць нас, калі мы гаворым аб развіцці, а мільёнам, мільярдам людзей сёння не да развіцця, ім бы з раніцы да вечара дажыць».

«Толькі ўзаемаразуменне і адказнасць, усведамленне разнастайнасці сусветнай супольнасці, аднаўленне даверу дапамогуць усім нам аб’яднацца, забяспечыць мір і бяспеку. Знайсці эфектыўныя адказы на глабальныя выклікі і пагрозы», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, практычным вынікам такіх намаганняў стане ўстойлівае развіццё ўсіх дзяржаў і павышэнне ролі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у сусветнай палітыцы.

Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Пан Гі Мун на праведзенай 27 верасня сустрэчы падзякаваў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за паслядоўную падтрымку ААН і актыўную дзейнасць Беларусі ў Арганізацыі.

Аляксандр Лукашэнка і Пан Гі Мун абмеркавалі сітуацыю на паўднёвым усходзе Украіны, падкрэсліўшы недапушчальнасць у любым канфлікце ахвяр сярод мірнага насельніцтва.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў неабходнасць прыняцця тэрміновых рашучых мер, накіраваных на спыненне ваенных дзеянняў, асабліва з улікам магчымага разрастання канфлікту на ўсю тэрыторыю Еўропы.

Генеральны сакратар ААН падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за канструктыўную ролю ў пошуку вырашэння канфлікту ва Украіне, адзначыўшы, што Мінск стаў сімвалам міру.

Аляксандр Лукашэнка таксама пакінуў запіс у Кнізе подпісаў ганаровых суразмоўцаў Генсека ААН.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *