П’янству – рашучае «Не!»

З сесіі райсавета Нумары

На XVI сесіі раённага Савета дэпутатаў 27 склікання было разгледжана пытанне аб рэалізацыі плана мерапрыемстваў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму на 2011 – 2015 гады ў Стаўбцоўскім раёне ў 2015 годзе.

Праблема п’янства і алкагалізму працягвае заставацца адной з самых сацыяльна небяспечных і актуальных для нашай краіны. Гэтая негатыўная з’ява прыносіць грамадству вялікі маральны і матэрыяльны ўрон. Улічваючы важнасць і надзённасць данай праблемы, райвыканкамам, суб’ектамі прафілактыкі, працоўнымі калектывамі раёна праводзіцца значная работа па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму на 2011 – 2015 гады.

На сесіі па гэтым пытанні выступілі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель і дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Ленінскай выбарчай акрузе № 2, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Іван Мамайка.

Дакладчыкамі было адзначана, што ў раёне створана і фукцыянуе 40 камісій па барацьбе з п’янствам. У 11 сельвыканкамах і 22 установах адукацыі функцыі камісій па барацьбе з п’янствам выконваюць такія грамадскія аб’яднанні, як савет грамадскіх пунктаў аховы правапарадку (ГПАП) і саветы па прафілактыцы.

Штоквартальна на пасяджэннях раённай камісіі па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і суіцыдаў заслухоўваюцца справаздачы кіраўнікоў працоўных калектываў, раённых службаў і старшыняў сельвыканкамаў аб агульнай рабоце і прафілактыцы. На 83 пасяджэннях саветаў ГПАП разгледжана 348 асоб, якія злоўжываюць алкаголем, 21 чалавек прайшоў курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Штомесячна ў трэці чацвер праводзіцца «Дзень цвярозасці». У раёне праводзяць акцыі, адзіныя дні здароўя, тэматычныя дыскатэкі і т. п. Вынік ёсць. За 8 месяцаў 2015 года дасягнута зніжэнне на 18,6 % (з 94 да 74) колькасці злачынстваў, учыненых асобамі, якія  былі ў стане алкагольнага ап’янення, на 7,4 % знізілася гібель людзей ад знешніх прычын. Але і такія лічбы шакіруюць: у бягучым годзе 10 чалавек загінулі ў ДТЗ, 9 – атруціліся этылавым спіртам, 7 чалавек учынілі суіцыд. Амаль усе яны ўжывалі алкаголь. Колькасць рэалізаваных алкагольных напояў знізілася на 2,7 %. Але нягледзячы на прынятыя меры, праблема алкагалізацыі застаецца.

Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў выказаў такую думку: «У раёне шмат робіцца па данай праблеме. Мы прымалі рад рашэнняў на сесіях, пасяджэннях райвыканкама, дзе ставілі пытанне аб павышэнні патрабаванняў да работнікаў, якія ўжывалі алкаголь на рабочым месцы (напрыклад, тыя ж вадзіцелі ў таварыствах). Але парушэнні маюць месца і сёння… На днях жывёлавода, якія мы праводзім штомесячна, я заўсёды цікаўлюся, ці ёсць у калектыве людзі, якія парушаюць працоўную дысцыпліну. Вельмі дрэнна, што такіх людзей «пакрываюць» кіраўнікі, а патрэбна наадварот. Прапаноўваю сумесна з РАУС актывізаваць рэйдавую работу па ўсім раёне, выяўляць людзей, якія любяць «зарабіць рубель» крадзяжом, несумленнасцю. Патрэбна наша грамадства перавыхоўваць. Калі мы, кіраўнікі, будзем бачыць у кожным чалавеку чалавека, будзем дапамагаць вырашаць яго праблемы, нават проста пагутарым з ім, то, упэўнены, і чалавек будзе імкнуцца жыць прыстойна, не падводзіць свой калектыў, сваю сям’ю. Патрэбна працаваць усім нам у тандэме».

Гэтую ж думку падтрымаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка. Ён адзначыў: «Увогуле па краіне ідзе дынаміка зніжэння ўжывання алкаголю, але ёсць і «скрытая» статыстыка, ёсць экспертныя ацэнкі ўжывання алкаголю. Лічбы гэтыя вельмі вялікія. Сітуацыя няпростая… У маі бягучага года я звярнуўся да Прэзідэнта краіны з пісьмом аб фарміраванні і ажыццяўленні новай антыалкагольнай парадыгмы – пераходу ад канцэпцыі барацьбы з п’янствам і алкагалізмам да канцэпцыі цвярозага ладу жыцця. Прапаноўваецца на 2016-2020 гады прыняць Нацыянальную праграму па цвярозым ладзе жыцця… Да гэтай праблемы павінны павярнуцца дэпутаты, уся грамадскасць, усе канфесіі, царква.

Толькі ўсе разам мы зможам зрушыць з месца ў станоўчы бок гэтую набалелую праблему, выпрацаваць адзіныя рэгіянальныя меры…»

У абмеркаванні пытання таксама прынялі ўдзел старшыня Старасвержанскага сельвыканкама Марына Таяноўская, дырэктар ААТ «Жацерава» Іван Краўчук, дырэктар ААТ «Агранёманскі» Уладзімір Жукаў.

На сесіі начальнік РАУС райвыканкама Іван Мамайка за актыўную работу па папярэджанні п’янства і алкагалізму, за прапаганду здаровага ладу жыцця ўручыў дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалаю Іванчанку ганаровы знак «На варце закону».

Па выніках работы сесіі дэпутатамі прынята адпаведная пастанова.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *