І сына навучыць вучыцца

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

9728
Напярэдадні новага года тэлефон Леаніда Нарановіча не змаўкаў: яму тэлефанавалі калегі, сябры, знаёмыя і віншавалі з удзелам у тэлевізійнай праграме «Што? Дзе? Калі?» у Беларусі». І сапраўды, заўсёды вельмі прыемна і нечакана ўбачыць у эфіры Нацыянальнага тэлебачання сваіх знаёмых.
Што ж датычыць Леаніда Нарановіча, настаўніка краязнаўства і прадмета «Асновы жыццядзейнасці чалавека» стаўбцоўскай гімназіі № 1, то захапленне, якое вельмі ўпрыгожвае яго і дае якасную ацэнку, пачалося яшчэ задоўга да таго, як ён стаў настаўнікам. Пачатак быў пакладзены ў сям’і. Бацькі, педагогі Вішнявецкай СШ гісторык Іван Феліцыянавіч і географ Леаніда Леанідаўна заклалі сыну гэты фундамент ведаў і захапленняў. Атмасфера дапытлівасці, пазнання новага заўсёды панавала ў сям’і. З такім багажом ведаў Леанід Нарановіч закончыў універсітэт і прыступіў да педагагічнай працы. Географ па спецыяльнасці, ён вельмі дапытлівы, цікавіцца таксама гісторыяй і многімі іншымі накірункамі, эрудзіраваны і начытаны чалавек. Сваё захапленне перадае вучням, якія пад кіраўніцтвам Леаніда Іванавіча з цікавасцю займаюцца навукова-даследчай работай і выходзілі пераможцамі канферэнцый і конкурсаў.
Прадметам асабістых захапленняў Леаніда Нарановіча акрамя гісторыі і геаграфіі з’яўляецца і спорт. У 2013 годзе ў конкурсе-гульні «СП-буліт» газеты «Спартыўная панарама» Леанід Іванавіч удзельнічаў ва ўсіх 12 турах і па выніках заняў трэцяе месца. Быў запрошаны рэдакцыяй у Мінск на ўручэнне ўзнагарод. На памяць застануцца адметныя прызы – клюшка і партрэт з аўтографам лепшага хакеіста Беларусі апошніх гадоў Міхаіла Грабоўскага. Сярод падарункаў – і кніга з дароўным надпісам рэдактара газеты Віктара Рабініна, былога падводніка.
Яшчэ адна падзея адбылася напрыканцы 2013 года. Для Леаніда Нарановіча было поўнай нечаканасцю тэлефанаванне з тэлепраграмы «Што? Дзе? Калі? у Беларусі» Нацыянальнага тэлебачання прыехаць на запіс праграмы фіналу года і пяцігадовага юбілею праграмы. Леанід Нарановіч быў запрошаны як аўтар лепшага пытання. Ад тэлегледачоў паступіла каля пяці тысяч пытанняў знатакам, з іх былі выбраны 15 лепшых. У ліку іх і пытанне Леаніда Нарановіча аб гісторыі выразу «агонь, вада і медныя трубы». Наогул жа, Леанід Іванавіч паслаў на гэтую праграму 10 сваіх пытанняў. І ніяк не чакаў, што менавіта гэта прыцягне ўвагу.
Вялікае ўражанне пакінуў запіс праграмы, работа здымачнай групы. Перадача «Што? Дзе? Калі?» трансліравалася 20 снежня. Леаніду Іванавічу было шмат тэлефанаванняў, віншаванняў.
Нам жа цікавы не толькі факт прызнання інтэлектуальных здольнасцяў Леаніда Нарановіча, але і ўклад сям’і Нарановічаў. Леанід Іванавіч вельмі часта вось так, як вы бачыце на здымку, праводзіць час з сынам Уладзіславам, з інтарэсам удзельнічае ў яго жыцці. Нягледзячы на свой узрост – Уладзіслаў пяцікласнік СШ № 3, ён шмат чаго дасягнуў у сваім развіцці. Хлопчыка часта можна бачыць дома за красвордамі, галаваломкамі, ён удумліва чытае многія перыядычныя дзіцячыя выданні, якія ідуць у сям’ю. І ўдзельнічае ва ўсіх аб’яўленых конкурсах. Так жа як і тата, ён цікавіцца спортам, асабліва біятлонам, хакеем, футболам. Уладзіслаў не адзін раз выходзіў пераможцам конкурсаў часопісаў «Незнайка», «Рукзачок», яго прозвішча неаднойчы значылася ў выданнях сярод пераможцаў. Ён узнагароджаны акрамя іншых прызоў выдатным падарункавым выданнем «Мир океанов». Уладзіслаў стаў пераможцам конкурсаў дзіцячага часопіса «Юніёр» у чэрвені, жніўні, кастрычніку, снежні. Арсенал яго ўзнагарод папаўняецца. Пад навагоднюю ёлку бацькі паклалі вялікі канверт, які прыйшоў поштай, – адметны блакнот ад Федэрацыі футбола Беларусі. Яго чакаюць яшчэ прызы ад футбольнага клуба «БАТЭ» (Барысаў) і хакейнага клуба «Дынама» (Мінск).
Для Уладзіслава – гэта не толькі ўзнагароды, але і стымул і надалей праяўляць цікаўнасць, развіваць свае захапленні, прысвячаць свой час не пустым заняткам, а інтэлектуальна развівацца.
Гэтая гісторыя – прыклад таго, наколькі важны ўдзел бацькі ў жыцці сына, без чаго не можа быць належнага выхаваўчага эфекту. Выхаваць здаровыя інтарэсы ў дзіцяці вельмі важна ў наш час, калі ўзнікае столькі праблем з залежнасцямі ў дзяцей і падлеткаў.
А сям’і Нарановічаў пажадаем новых перамог у інтэлектуальных і іншых конкурсах.
Лана СВЯТЛІЦКАЯ
Фота Васіля ЗЯНЬКО
НА ЗДЫМКУ: Леанід Нарановіч з сынам Уладзіславам.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *