Дарогі, што прывялі ў Стоўбцы

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

У нашым горадзе Мікалай Кузьміч Мацюнін з’яўляецца прадстаўніком той ужо невялікай самай шаноўнай катэгорыі людзей, якія адносяцца да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Нам Мікалай Кузьміч цікавы і тым, што для яго, расіяніна, Стаўбцоўшчына стала другой Радзімай, дзе ён пражыў большую частку свайго жыцця.

З вайной жа ў яго звязаныя такія падзеі. Сам ён родам з Калужскай вобласці. У снежні 1943 года быў прызваны ў армію, на фронт трапіў у ліпені 1944 года – пад Брэст. Дайшлі з баямі да Польшчы, у Познані знішчалі вялікую групіроўку гітлераўцаў. У гэтых баях Мікалай Мацюнін быў адразу некалькі разоў паранены асколкамі гранаты, а потым атрымаў сур’ёзнае раненне – куля прайшла праз яго цела наскрозь. Ён трапіў у шпіталь у Пензенскую вобласць. 8 мая 1945 года Мікалая Мацюніна выпісалі і павінны былі ў гэты ж дзень накіраваць у батальён для тых, хто стаў папраўляцца.  Аднак медсястра сказала: «Паедзем заўтра раніцай». Мікалай Мацюнін з таварышам вырашылі вечарам прайсціся па горадзе. Вярнуліся каля гадзіны ночы і раптам чуюць па радыё: » Увага! Увага! У дзве гадзіны 15 мінут будзе перададзена важнае паведамленне». І ў гэты час сапраўды прагучаў голас дыктара. Аб’явілі, што Германія капітуліравала, вайна закончана. Праз некаторы час паведамленне паўтарылі. Увесь шпіталь крычаў: «Ура!» Ура!» Так Мікалай Мацюнін сустрэў вялікі Дзень Перамогі. Франтавік узнагароджаны двума медалямі «За адвагу».

Пасля выпіскі з батальёна і рэабілітацыі  Мікалай Мацюнін быў накіраваны ў вайскавую часць.  Дарогі яго вялі ў нашы Стоўбцы так. Мікалая Мацюніна накіравалі ў Пензенскую вобласць, затым у Саратаў. Потым праз штаб акругі – на Кёнігсберг. Ішло аднаўленне разбуранага горада. Затым паступіў загад адправіцца ў Беларусь.  У Мінску Мікалай Мацюнін удзельнічаў у будаўніцтве жылых дамоў, аднаўленні сувораўскага вучылішча.  У 1951 годзе ўжо ў званні малодшага лейтэнанта Мікалай Мацюнін прыбыў на чыгуначную ветку ў Стоўбцы, суправаджаючы савецкіх салдатаў для загрузкі мільёна штук цэглы на будаўніцтва казармаў у Мар’інай Горцы. Вуліца Максіма Горкага знаходзіцца побач з чыгункай. Так Мікалай Мацюнін пазнаёміўся са сваёй Марыяй. Пасля камандзіроўкі ён зноў вярнуўся сюды, і ў лістападзе 1951 года згулялі вяселле.

На сваёй бацькаўшчыне Марыя Фамінічна пражыла з мужам больш за 60 гадоў, адзначылі брыльянтавае вяселле. Мікалай Кузьміч аказаўся надзейным чалавекам, выдатным гаспадаром і бацькам. У сям’і нарадзіліся трое дзяцей – двое сыноў таксама жывуць у Стоўбцах, што з’яўляецца вялікай падтрымкай для пажылых бацькоў. Дачка з Мінска таксама пастаянна наведвае родны дом, дапамагае яго даглядаць, сядзіба знаходзіцца ў адмысловым парадку.

Мікалай Кузьміч у Стоўбцах працаваў старшынёю міжкалгасбуда, начальнікам ДЭУ-135. Чалавек паважаны, аўтарытэтны. Ён кажа:

– Для мяне Стоўбцы сталі другой радзімай, тут нарадзіліся мае дзеці. Вось гэтае месца на нашым двары, дзе мы з вамі вядзём гутарку, паліта крывёю. Мой цесць, бацька маёй Марыі Фамінічны, быў расстраляны фашыстамі тут, у сваім агародзе. Дом спалілі. Сям’я жыла вось у гэтым склепе. Шмат сіл пайшло на аднаўленне пасляваеннай разрухі. Таму гэтыя даты для нашай сям’і глыбока перажытыя. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне мае сусветнае значэнне. Гэта перамога над фашызмам. Я ўжо чалавек шаноўнага ўзросту, рады спакою, міру, стабільнасці ў нашай краіне. Як і ўсе нашы суайчыннікі, жыву з настроем гонару за нашу краіну, надзеі і веры ў яе шчаслівае будучае.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *