Бабуля і яе ўнукі

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

З Аленай Януковіч з аграгарадка Дзераўная мы пазнаёміліся на І Рэспубліканскім форуме сельскай моладзі, які ў верасні праходзіў у нас на Стаўбцоўшчыне. А прыглянулася яна мне значна раней. Пэўна, гадоў чатыры таму ўпершыню сустрэла яе і – таксама на свяце, сярод маладых удзельнікаў сямейнага праекта «Уладар сяла». Як высветлілася, Алена Антонаўна заўсёды едзе разам з сям’ёю дачкі, якая з гатоўнасцю адгукаецца выступіць на сцэне ў якасці канкурсанта, прадстаўніка свайго ААТ «Дзераўное» і нашай Стаўбцоўшчыны.

Вялікая радасць была ва ўсіх, калі сям’я Аляксандра і Марыі Руч’ёвых заваявала сёлета на І Рэспубліканскім форуме сельскай моладзі ганаровы тытул – «Уладар сяла-2015» Мінскай вобласці.

У сувязі з гэтым іх святочнае фота – мама і тата з траіма сыночкамі – Мацвеем, Уладзіславам і Данілам, – упрыгожыла амаль усе перыядычныя выданні рэспублікі. І хаця бабуля Алена пры гэтым сціпла застаецца па-за кадрам, за кулісамі, яе роля ў конкурсных і жыццёвых перамогах сваіх дзяцей і ўнукаў відаць з першага погляду. А лепш за ўсё, давайце пагутарым з гэтай жанчынай, акружанай з усіх бакоў унукамі.

– Алена Антонаўна, вы прыехалі на форум разам з сям’ёю дачкі. Прывезлі з сабою столькі выпечкі, кветак! Хто так пастараўся?

– Пяклі разам, усю ноч рыхтаваліся. А кветкі  вырошчваю я. У нашай сям’і ў кожнага свае абавязкі. Жывёлу, напрыклад, даглядае зяць. На падворку трымаем свіней, козаў, курэй, гусей. Агарод, парнік, кветкі – гэта мая дзялянка. Вырошчваем усё неабходнае да стала. Як бачыце, у нас і свой вінаград, яблыкі. Маё працоўнае жыццё прайшло на чыгуначнай станцыі на Віцебшчыне, але ўсяму навучылася, калі захацела. Выпісвала часопісы па садаводстве. У мамы некалі была зямля, гаспадарка. Люблю працаваць на зямлі. А кветкі – гэта ўвогуле не праца, а натхненне.  

– У свой час вы разам з дзецьмі пераехалі на Стаўбцоўшчыну. Задаволены выбарам?

– Вельмі. Мы ў Дзераўной ужо сем гадоў. Гаспадарка выдзеліла нам дом. Падабаюцца і жыллё, і людзі, і мясцовасць. Дачка з зяцем працуюць у гаспадарцы, а я на пенсіі. Устаю рана. Гатую. Буджу ўнукаў. Чакаю на абед зяця. Дачцэ трэба абед перадаць. Сустракаю са школы дзяцей. Вячэра, урокі…

– У лес у грыбы паспяваеце?

– Канешне. Люблю збіраць грыбы. Засольваю іх, сушу. Цэлы склеп нарыхтовак. За зіму з’ядаем. У мяне дзеці жывуць у Мінску, прыязджаюць у госці. Іх у  мяне васьмёра – пяць дачок і тры сыны. Усе замужам, жанатыя. Я жыву з сям’ёй самай малодшай. Маю 13 унукаў, праўнучку.

– Вас на ўсіх хапае?

– Мне 72 гады, але гэтыя клопаты прыносяць задавальненне. Раніцай прачынаюся – сонейка свеціць, птушкі спяваюць і хочацца працаваць. Разумееце, рух – гэта жыццё. Калі працуеш – нічога не баліць, не трэба звяртацца да медыкаў.

– Бацькі вашых унукаў цэлы дзень на рабоце. Як вы ладзіце з траіма «гарэзамі»?

– Мае хлопчыкі мне дапамагаюць. Прыбягаюць са школы і абавязкова спытаюць: «Бабуля, як ты сябе адчуваеш?» Дадуць ім бацькі марожанае, цукеркі – усе трое да мяне: «Бабуля, адкусі хоць кавалачак!» Такія яны ў мяне цудоўныя! Любяць мяне і я іх таксама. Меншы ўнук дапытваўся: «Бабуля, ты нас любіш як? На ўвесь дом?.. На ўсю Дзераўную?.. На ўвесь свет?..»  «Маёй любові хопіць на ўвесь свет, – адказваю і цікаўлюся: – А ты мяне любіш?» «Я люблю цябе, бабуля, таксама на ўвесь свет». У нас любоў узаемная. У мяне і зяць вельмі добры. Нешта купяць з дачкою, прынясуць дадому і адразу: «Бабуля, вазьмі!». Яны мяне бабуляй называюць. Мне прыемна.

– У вас вялікая сям’я, у доме жывуць тры пакаленні, і ўсё так дружна?

– Ніколі не сварыліся. І свацця мая жыве побач, у іншым доме, а адзін час жыла з намі, калі толькі пераехала. Суседзі здзіўляліся: «Як, вы не сварыцеся?»  А чаго нам сварыцца? Што дзяліць? Раніцай усталі – «Добры дзень». Дзесяць разоў за дзень унукі скажуць мне дзякуй – за ежу, за ўсё. У мяне цудоўныя ўнукі, дзеці. Майго сэрца хопіць для ўсіх. 

– Алена Антонаўна, упэўнена, што ў вашай творчай натуры ёсць захапленне, жывуць новыя ідэі. Падзяліцеся імі, калі ласка.

– У вольны час я вяжу. Сукенкі, кофты, паліто. Калісьці дзіцячыя рэчы вязала для сваіх блізкіх. Сурвэтак у мяне – не злічыць. Раней і вязала, і шыла. Экватар, напэўна, можна было б абгарнуць зробленым. У мяне вяжуць усе пяць дачок. Гэта ўменне перадалося ад маёй мамы. Яна была такая педантка, любіла ва ўсім акуратнасць…

А ў перспектыве?.. Хачу заняцца карвінгам. Убачыла па тэлебачанні, якую прыгажосць можна выразаць з гарбуза ці з дыні, з яблыка. Купіла для гэтага кнігу. Яшчэ трэба набыць інструменты для выразання і можна пачынаць. Хутка зіма, а зімою час на гэта знойдзецца…

Калі сустракаеш такіх актыўных і жыццелюбівых людзей, як Алена Януковіч, міжволі атрымліваеш маральнае задавальненне, своеасаблівую псіхалагічную падтрымку, зарад бадзёрасці. Сапраўды, ніякі ўзрост не здольны састарыць, і сам па сабе выхад на пенсію не можа выбіць глебу з-пад ног у чалавека, «замураваць» яго ў межах чатырох сцен, зрабіць адзінокім і непатрэбным, калі ён сам гэтага не захоча. Алена Антонаўна чакае ад жыцця добрага, радаснага, прыгожага і – абавязкова атрымлівае яго за сваю працу, штодзённыя намаганні. З боку іншым разам здаецца, што такія энергічныя людзі проста прыцягваюць да сябе шчасце.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *