Смачны падарунак

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Раённая арганізацыя таварыства інвалідаў робіць у гэтыя восеньскія дні смачныя падарункі.

Новаабраны старшыня арганізацыі Зінаіда Катлашэўская звярнулася да прадпрыемстваў і арганізацый раёна з просьбай аб выдзяленні бязвыплатнай дапамогі. У ліку першых адгукнулася ААТ «Вішнявецкі-агра». Гаспадарка падзялілася з інвалідамі дарамі ўласнага саду – грушамі. Выдзеліла іх больш за 700 кілаграмаў. Натуральна, раздаваць садавіну прыходзіцца хутка, каб не сапсавалася. «Хацелася б ахапіць як мага больш членаў нашай арганізацыі, але з многімі сувязь пакуль не адноўлена, бо за апошні год змяніліся дамашнія тэлефоны, у некаторых – і адрасы», – турбуецца Зінаіда Катлашэўская.

Пакуль у стадыі стварэння электронная база даных на кожнага члена арганізацыі. Іх каля 300 чалавек, ёсць і тыя, хто ўступіў нядаўна, сярод іх – маладыя людзі.

– Пажадана, каб даўнія члены нашай арганізацыі, асабліва з сельскай мясцовасці, і самі адгукнуліся, выйшлі на кантакт, – звяртаецца з просьбай Зінаіда Катлашэўская (яе рабочы тэлефон – 5-54-99, у сераду – прыёмны дзень, прыём праводзіцца па вуліцы Сацыялістычнай, у будынку друкарні, у кабінеце на першым паверсе).

У раённым таварыстве інвалідаў гатовы выслухаць кожнага, аказаць дапамогу і, немалаважна, паспрабаваць разнастаіць жыццё, узбагаціць яго цяплом і ўвагай. На даны момант ёсць дамоўленасць з кіраўніцтвам раённага Цэнтра культуры аб выдзяленні членам арганізацыі бясплатных білетаў на канцэрты.  Напярэдадні Дня пажылых людзей, Дня маці ў тэрытарыяльным цэнтры праходзяць цікавыя мерапрыемствы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *