Спартыўныя дасягненні і няўдачы

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

З «КАПЫЛЬСКІХ ПАГОРКАЎ»

Нацыянальны фестываль эстафетнага бегу «Капыльскія пагоркі», які праводзіцца штогод восенню, сабраў і вядомых лёгкаатлетаў Беларусі, і маладых спартсменаў. І вельмі прыемна, што ў разрадзе дзіцячых і юнацкіх камандаў, якія разыгрывалі прызы Мінаблвыканкама, на відных ролях былі і прадстаўнікі Стаўбцоўшчыны.

Эстафета, дзе патрабуецца і хуткасць бегу, і імклівасць рэакцыі пры перадачы эстафетнай палачкі, – камандны від спорту. Поспех жа складаецца з майстэрства, намаганняў кожнага спартсмена. і тут нашы праявілі сябе дастойна.

Шэсць рабят у кожнай камандзе дзевяці-адзінаццацігадовых адольвалі па 200 метраў бегу з перадачай эстафетнай палачкі. Вынік зборнай Стаўбцоўскага раёна тут стаў трэці. Хлопчыкі 2002-2003 гадоў нараджэння, усе навучэнцы СШ № 3 г. Стоўбцы, упэўнена  перамаглі ў эстафеце 4 х 400 метраў.

Наступны забег на такой жа дыстанцыі. І зноў поспех! На гэты раз перамогу святкавалі выхаванцы Стаўбцоўскай ДЮСШ, юнакі 1998-1999 гадоў нараджэння. А іх малодшыя сябры, рабяты 2001- 2002 гадоў нараджэння, такую ж эстафетную праграму адолелі з трэцім вынікам.

 Такім чынам, вобразна кажучы, з «Капыльскіх пагоркаў» зноў стала бачна, што на Стаўбцоўшчыне ёсць нядрэнная школа падрыхтоўкі лёгкаатлетаў. З энтузіязмам, плённа працуюць трэнеры Анатоль Турчановіч і Вольга Арлоўская, якія рыхтавалі юных спартсменаў да гэтых спаборніцтваў.

Варта сказаць, што як заўсёды пры арганізацыі такіх спаборніцтваў, у Капылі было сапраўднае свята. У райцэнтры арганізавалі канцэртныя выступленні, працавалі атракцыёны, можна было набыць арыгінальныя сувеніры. А чаму б і ў нашым горадзе не арганізаваць падобнае спартыўна-канцэртнае свята?

 

КУДЫ ІДЗЁМ?

Стандартным вынікам выступленняў стаўбцоўскай каманды «Нёман-Агра» ў першынстве Міншчыны становіцца лік 2:0, не ў нашу карысць. Два галы ў свае вароты нёманцы атрымалі і ў Крупках. Мясцовы футбольны калектыў, які, мяркуючы па назве, апякуецца дарожна-рамонтным участкам, адбіў усе атакі стаўбчан, свае ж давёў да лагічнага завяршэння.

Такімі «намаганнямі» каманда «Нёман-Агра» апусцілася на восьмае месца ў турнірнай табліцы, маючы на рахунку тыя ж 27 ачкоў. Недалёка і да дзясятага, на якім з 24 ачкамі пакуль месціцца «Крупкі-ДРБУ-164». Нагадаем, што ўсяго ў абласным чэмпіянаце прымаюць удзел 14 камандаў.

На вяршыню нам цяпер глядзець – галава закружыцца. На сямнаццаць ачкоў «Нёман-Агра» адстае ад чэрвеньскай дружыны «Колас», на трынаццаць –  ад «ДЮСШ-4» з Маладзечна і ФК «Старыя Дарогі», 39 ачкоў у «ФК Валько» (Дзяржынскі раён)…

Дзяржынцаў, якія прэтэндуюць на прызавую прыступку, стаўбчане прымалі  ў мінулым туры першынства. Пазней паведамім: пашанцавала, ці зноў чарговы «стандарт» няўдачы. А ўвогуле, ці ёсць у хлопцаў стымул заняць не «наццатае», а больш-менш прыстойнае месца па выніках сезона?

Зайздрасць – далёка не лепшая якасць, але прабачце. Чэрвеньцы, маладзечанцы, старадарожцы, дзяржынцы імкнуцца да чэмпіёнскага звання ў чэмпіянаце вобласці. Прытым ФК «Маладзечна» і ФК «Узда» лідзіруюць у другой лізе рэспубліканскага першынства, галоўныя прэтэндэнты на выхад у лігу першую. У першай лізе цяпер вышэй за ўсіх і адпаведна імкнецца ў галоўны дывізіён рэспубліканскага футбола ФК «Гарадзея». А ў нас – добры стадыён, слаўныя традыцыі, здатныя футбалісты, якія выступаюць за каманды іншых гарадоў… Прыгадваецца назва кнігі Г. Сянкевіча «Камо грядеши?» («Куды ідзём?»).

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *