Ёсць прафесія – жыць дзецьмі

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

9740
Некалькі пакаленняў стаўбчан маюць адносіны да гэтага чалавека – іх дзяцінства прайшло ў цёплым утульным доме, назва якому – дзіцячы сад. У абавязках Людмілы Логвін – стварыць атмасферу творчасці з поўнай магчымасцю рэалізацыі сваіх здольнасцяў педагогам і іншым супрацоўнікам і атмасферу дамашняй камфортнасці выхаванцам. Як жа гэта няпроста! І ад самой загадчыцы ў такім разе патрабуецца быць на сваім месцы, што магчыма толькі маючы прызванне.
Людміла Аляксееўна ў адносінах да свайго прафесійнага прызначэння ўспамінае дзяцінства. Пакуль яе маці, загадчыца прадуктовага магазіна, была на рабоце, траіх дзяцей даглядала бабуля. І калі Людміла прыйшла ў першы клас, яна адчула перавагу тых дзяцей, якія наведвалі дзіцячы сад: яны гуртаваліся сваёй дружнай камандай, былі добра падрыхтаваныя, шмат чаго ведалі і ўмелі. А «дамашнім» дзецям прыйшлося даганяць іх і прайсці няпросты адаптацыйны перыяд. Значнасць дашкольнай адукацыі засталася ў яе памяці назаўсёды.
Людміла Логвін, выпускніца СШ № 2 г. Стоўбцы, першапачаткова выбрала прафесію медыка. У жыцці нічога выпадковага няма: яна не праходзіць па конкурсе і ў запасе ў яе – год да будучай уступнай кампаніі. Падтрымліваючы яе, настаўніца Алена Адамаўна Грамыка прынесла падручнікі, каб дзяўчына не перарывала працэс падрыхтоўкі да ўступных экзаменаў. А педагог Галіна Грэкава, якая жыла па-суседску, прапанавала папрацаваць у дзіцячым садзе – у пачатку 80-х гадоў не хапала выхавацеляў. Людміла Аляксееўна з радасцю згадзілася і стала ездзіць на працу ў Любкаўшчынскі дзіцячы сад. Так пачалася яе працоўная біяграфія ў дашкольнай адукацыі, якой ужо 33 гады. Маладога выхавацеля прыцягвала тое, што яна кіруе цэлай групай, вучыць дзетак, а яны яе слухаюцца. Яна адчула, што гэтая прафесія дае магчымасць праявіць самыя лепшыя чалавечыя якасці і здольнасці. Імкненне быць любімай і паважанай на сваёй рабоце развівала яе як педагога і як асобу.
Яркім перыядам для Людмілы Логвін была праца выхавацелем у Дзераўнянскім дзіцячым садзе. Калектыў пад кіраўніцтвам В. М. Кажушка быў мэтанакіраваны, працавіты, кожны меў імкненне зрабіць любую справу лепш за іншых.
Гады ішлі, Людміла Логвін атрымала сярэднюю спецыяльную, а потым – і вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці дашкольная адукацыя. Людміла Аляксееўна называе многіх сваіх калег, кіраўнікоў, хто адыграў вялікую ролю ў станаўленні яе як педагога і як кіраўніка. У ліку іх і былы галоўны спецыяліст па дашкольным выхаванні аддзела адукацыі А. Ф. Тамашэвіч, якая паверыла ў сілы маладога педагога і даверыла ёй у 27 гадоў узначаліць Навасвержанскі дзіцячы сад, а праз чатыры гады – самую вялікую дашкольную ўстанову раёна – дзіцячыя яслі-сад № 6 г. Стоўбцы. З 1996 года Людміла Логвін з’яўляецца нязменным кіраўніком гэтай навучальнай установы. За станоўчы вопыт работы па развіцці інтэлектуальных, творчых здольнасцяў дзяцей, высокі прафесіяналізм педагогаў, укараненне інавацый рашэннем райвыканкама з 1 верасня 2008 года яслі-сад № 6 набыў статус Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Радуга». У штатны расклад дадаткова ўведзены пасады выхавацеляў, якія паглыблена працуюць па такіх накірунках як экалагічны, выяўленчае мастацтва, тэатральна-гульнявая дзейнасць з адкрыццём студыі выяўленчага мастацтва, экалагічнага кабінета, пакоя тэатра, трэнажорнай залы. Гэта дало магчымасць зрабіць паслугі больш разнастайнымі, удасканальваць веды дзяцей, развіваць іх дапытлівасць.
На працягу ўсяго гэтага перыяду Людміле Логвін як кіраўніку пастаянна даводзілася ісці на пэўную рызыку ў інавацыйных накірунках работы. Гэта няпроста, адказна. Аднак вельмі цікава. І без гэтага нельга разлічваць на дастойную пазіцыю лідара ў адукацыйным працэсе. Несумненна, патрэбны талент, каб кіраваць калектывам, у складзе якога 70 чалавек, і забяспечыць належны вучэбна-выхаваўчы працэс для 260 дзяцей, каб малышам было ўтульна і радасна, а бацькам – спакойна. І няма большага задавальнення кіраўніку і педагогам, як бачыць шчаслівыя твары дзяцей і ўдзячныя вочы бацькоў.
Кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму не раз адзначала, што ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці «Радуга» створаны творчы калектыў аднадумцаў, які здольны цікава арганізаваць работу, знайсці выхад з любой нават самай няпростай сітуацыі і забяспечыць належны працэс навучання і выхавання дзяцей. І сама Людміла Аляксееўна гаворыць, што яе калектыў – гэта сапраўдная каманда, палова з супрацоўнікаў маюць стаж ад 15 да 30 гадоў. Галоўнымі прынцыпамі ў рабоце застаюцца любоў да дзяцей, дысцыпліна, метадычная граматнасць, парадак ва ўсім. Людміла Аляксееўна гаворыць і аб тым, што дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці не быў бы на такім высокім ўзроўні, калі б ні разуменне і дапамога бацькоў выхаванцаў, якія заўсёды падтрымліваюць усе пачынанні і, такім чынам, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.
Аб тым, што калектыў цэнтра развіцця дзіцяці здольны працаваць, дэманструючы новыя падыходы ў рабоце, сведчыць і тое, што на базе дашкольнай установы часта праводзяцца розныя семінары і адкрытыя заняткі. У 2010-2011 навучальным годзе праведзены два абласныя семінары. У лютым мінулага года прайшла выязная калегія ўпраўлення адукацыі Мінабвыканкама. На працягу 2006-2010 гадоў калектыў цэнтра з’яўляўся пераможцам спаборніцтва сярод устаноў дашкольнай адукацыі раёна. Заслугі Людмілы Логвін у развіцці адукацыі адзначаны дзвюма граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі, граматамі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, райвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Сама Людміла Логвін лічыць, што ва ўсёй паўнаце раскрыцца ёй як асобе дапамагае і яе сям’я. Верным спадарожнікам жыцця, добрым сябрам яна лічыць мужа Анатолія, які дапамагае ёй ва ўсім і добрым словам, і справай, раздзяляе з радасцю ўсе поспехі. Ім прыклад – сям’я бацькоў мужа, якія жывуць у любові і згодзе ўжо больш за 50 гадоў. Ды і самі Анатоль і Людміла Логвіны ў верасні мінулага года адзначылі 30-годдзе сумеснага жыцця. Радуе іх сям’я Марыны, дачка знайшла сябе ў сферы бізнесу, з’яўляецца дырэктарам сталічнага салона прыгажосці. Унук Арцём наведвае такі ж Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, толькі ў Мінску.
Пажадаем Людміле Аляксееўне таго, чаго яна жадае сама сабе – каб гэта цікавае паўнавартаснае жыццё працягвалася яшчэ доўга.
Лана СВЯТЛІЦКАЯ
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *