На Стаўбцоўшчыне

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

ДЫЗАЙНЕРЫ І РУКАДЗЕЛЬНІЦЫ

Сталовая ААТ «Агранёманскі», дзе загадчыцай працуе Марына Пальчык, адметна вылучаецца сярод харчблокаў  сельгаспрадпрыемстваў раёна. У прасторным памяшканні, дзе на сцены нанесены розныя малюнкі з дапамогаю тэхнікі аэраграфіі, ёсць тэлевізар, прыемна і паснедаць. Работнікі сталовай не толькі ўмеюць гатаваць смачныя абеды. Яны і дызайнеры адмысловыя, і рукадзельніцы выдатныя. На сталах стаяць  букеты прыгожых рознакаляровых штучных кветак, зробленых з паперы поварам Святланай Жыбуль. Дапамагалі ёй Марына Міхаленя і Наталля Астахновіч. Сёлета работнікі пастараліся і добраўпарадкавалі тэрыторыю, стварылі ля будынка сапраўдны аазіс з кветак. Прынеслі з дому стары чайнік і абутак, якія пафарбавалі і паставілі побач. З камянёў зрабілі грыбы. З гумавага кола выразалі  фігуру лебедзя. Прыдаліся тут і зубы ад культыватараў. Усё ўдала упісалася ў агульны вонкавы інтэр’ер. Дарэчы, будынак таксама распісаны малюнкамі тэхнікай аэраграфіі.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

МЯСАКАМБІНАТ РАЗВІВАЕЦЦА

На працягу гэтага года філіял «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» ужо уклаў у сваё прадпрыемства не менш за 2,3 мільярда рублёў інвестыцый. І гэта не мяжа.

Калі называць зробленае, то атрымаецца доўгі спіс розных відаў рамонту і выкананых работ, набытага абсталявання і матэрыялаў, адрамантаваных ці абноўленых вытворчых падраздзяленняў і ўчасткаў. У першую чаргу, гэта кацельня з усімі камунікацыямі, вытворчая лабараторыя, цэх забою жывёлы, каўбасны цэх, склад для захоўвання ўпаковачных матэрыялаў і т. п.

На даны момант, як адзначыў галоўны інжынер Алег Курыла, работы перамясціліся на ўчастак халадзільніка. Заключаны дагавор на рамонт падлогі ў чацвёртай камеры і ў памяшканні склада, дзе захоўваецца тара. Спецыялісты будаўнічай кампаніі «Белсаденстрой», якая выйграла конкурс, ужо прыступілі да ўкладкі наліўной падлогі на плошчы каля 280 м кв. «Некалькі тыдняў рыхтаваліся да гэтага – уключалі сушылкі, вентылятары, каб забяспечыць выканаўцу работ неабходныя для данай тэхналогіі ўмовы, – заўважае Алег Курыла і падкрэслівае важную акалічнасць: – Усе рамонты на прадпрыемстве вядуцца без спынення вытворчасці».  

Сёлетні год надзвычай адметны для перапрацоўшчыкаў яшчэ і тым, што яны рыхтуюцца да 70-годдзя з дня заснавання стаўбцоўскага мясакамбіната і, згодна з прынятым аблвыканкамам рашэннем, вядуць работу па выдзяленні прадпрыемства з саставу Мінскага мясакамбіната ў асобнае прадпрыемства.

Пр

 

ПРАДУКЦЫЯ ДЛЯ БЕЛАРУСЬКАЛІЯ

Філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы актыўна займаецца пошукам рынкаў збыту.

– Акцэнт на даным этапе – на ўнутраны рынак, – падкрэслівае начальнік аддзела збыту Віктар Круглік. – Таму што дэвальвацыя расійскага рубля істотна паўплывала на цанавы фактар. Цана на нашы кампрэсарныя станцыі пакуль не можа канкурыраваць з цаной на расійскія аналагі.

На рынку кампрэсарных станцый сёння працуюць тры расійскія і два беларускія вытворцы, не кажучы ўжо пра еўрапейскіх. У гэтай няпростай эканамічнай сітуацыі стаўбцоўскія машынабудаўнікі імкнуцца больш прапаноўваць прадпрыемствам рэспублікі сваю прадукцыю, якая засведчыла высокую якасць, мае дылерскую і сэрвісную сеткі. Яны, у прыватнасці,  паспяхова працуюць з арганізацыямі, якія абслугоўваюць Беларуськалій.

 

ВУЛІЦА – АД «БРОЙЛЕРА»

Племптушкарэпрадуктар «Бройлер» узводзіць жыллё для сваіх работнікаў, выкарыстоўваючы дзяржаўную падтрымку.

Жыллёвая праграма прадпрыемства ўключае ў сябе дзесяць аднакватэрных жылых дамоў. Шэсць з іх здадзены ў эксплуатацыю летась. «У іх жывуць нашы работнікі», – заўважае галоўны інжынер Генадзь Шыманец. Яшчэ чатыры запланавана ўвесці ў строй сёлета напрыканцы года. Усе новабудоўлі размешчаны ў Новых Рубяжэвічах. 

Жыллё ў сельскай мясцовасці будуецца згодна з прэзідэнцкай праграмай, з выкарыстаннем ільготных крэдытаў.

Пр

 

ВУЧОБУ АПЛАЦЯЦЬ

Праблема кадраў прадаўцоў у сельскіх магазінах па-ранейшаму застаецца вострай для райспажыўтаварыства.

З 94 гандлёвых прадпрыемстваў спажывецкай кааперацыі 69 знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. 21 населены пункт мае колькасць насельніцтва менш за 100 чалавек. Ці трэба гаварыць, як цяжка ўтрымаць прадаўца ў такім населеным пункце. А яшчэ цяжэй – знайсці яго. 116 населеных пунктаў у нашым раёне тры разы на тыдзень абслугоўваюць аўталаўкі.

Не адзінкавыя выпадкі, калі даводзіцца вазіць работнікаў прылаўка на работу і назад за некалькі дзясяткаў кіламетраў. Так дастаўляюцца наёмным транспартам прадаўцы з Рубяжэвічаў у Літву і Рочавічы. Арганізавана таксама дастаўка прадаўцоў ведамасным транспартам з райцэнтра ў магазіны вёсак Пагарэлае, Грабёнаўшчына, Сцяцкі, Засулле, Зарэчча.

Кіраўніцтва пайшло і на такія дадатковыя расходы – аплату праезду на работу прадаўцам з Любкаўшчыны ў Мікалаеўшчыну, з Налібак – у Янкавічы, з Зуёў – у Засулле, са Стоўбцаў – у Заямнае.

Стымулюючы работнікаў прылаўка, кіраўніцтва праяўляе індывідуальны падыход да кожнага, практыкуе такія меры падтрымкі, як павелічэнне надбавак за прафесійнае майстэрства.

З мэтай прыцягнення моладзі ў сістэму спажывецкай кааперацыі кіраўніцтва райспажыўтаварыства праводзіць прафарыентацыйную работу ў школах раёна з прапановай выпускнікам скарыстаць магчымасць атрымаць у каледжах і ўніверсітэце сістэмы Белкаапсаюза прафесію за сродкі спажывецкай кааперацыі.

На сучасны момант тры чалавекі навучаюцца па мэтавай сістэме навучання на дзённай форме.

22 працаўнікі райспажыўтаварыства з’яўляюцца студэнтамі навучальных устаноў на завочнай форме навучання, 19 з іх вучацца  ў вышэйшых навучальных установах. Усё гэта садзейнічае павышэнню якаснага складу кадраў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ШТО ТАКОЕ «ДОБРА»

Работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наведалі бацькоўскія сходы ў Дзераўнянскай, Навасвержанскай, Коласаўскай і Заямнаўскай сярэдніх школах.

Выратавальнікі чарговы раз звярнуліся да бацькоў з напамінкам аб іх адказнасці за жыццё і здароўе дзяцей.

– У дзіцячым садку, школе вашым дзецям тлумачаць, што такое «добра» і што такое «дрэнна». Але калі іх матуля ці тата будзе паказваць у жыцці іншы прыклад, то словы педагогаў пройдуць дарэмна, ухаластую, – засяродзіў увагу начальнік райаддзела Валерый Ілюшын.

Былі агучаны парады, якія не губляюць сваю актуальнасць: захоўваць запалкі і запальнічкі ў недаступных для дзяцей месцах, не дазваляць малалетнім самастойна карыстацца газавымі і электрычнымі прыборамі або паліць печы. Каб розныя настаўленні лепш засвойваліся дзецьмі, трэба «праігрываць» з імі небяспечныя сітуацыі і, самае галоўнае, – не пакідаць малалетніх без нагляду. 

Напярэдадні ацяпляльнага сезона супрацоўнікі службы 101 нагадалі прысутным пра падрыхтоўку печаў, катлоў, электраправодкі, каб, як адзначыў намеснік начальніка райаддзела Аляксандр Полацкі, не прыйшлося сустракацца з выратавальнікамі ў іншай сітуацыі і па другой прычыне.

– Эксплуатацыя печаў з няспраўнасцямі, распальванне іх пры дапамозе лёгказагаральных вадкасцяў, пакіданне распаленай печы без нагляду, а таксама сушка і захоўванне на ёй і вакол яе гаручых матэрыялаў забаронена, – падкрэсліў Аляксандр Полацкі. – Разам са службай МНС на варце жыцця стаіць і маленькі прыбор – аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Ён рэагуе на задымленне моцным гукавым сігналам, здольным разбудзіць соннага і апавясціць суседзяў аб набліжэнні небяспекі. Прыбор павінен быць у кожным доме, пры гэтым важна сачыць за яго спраўнасцю, своечасова замяняючы элемент сілкавання.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *