Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне шэсць шлюбаў, зроблена адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі восем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Павел Сафараў, Марыя Жыбуль, Фёдар Рагалевіч, Мікіта Анішчук, Паліна Хадакоўская, Кірыл Верушынскі, Вадзім Вотчыц і Софія Беська.

Зямны шлях закончыўся для 14-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі тры вогненныя здарэнні. У Скамарошках з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні загарэлася кармакухня. Вядзецца праверка, устанаўліваюцца вінаватыя. У Ціханавай Слабадзе агнём знішчаны хлеў, у Ждановічах – дачны дом. Прычыны высвятляюцца.

Міліцыяй зарэгістравана 150 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 11 крымінальных спраў, у васьмі з іх устаноўлены падазраваемыя. З тэрыторыі нарыхтоўчага ўчастка прэсавагальванічнага цэха філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы выкрадзена каля 370 кг металаадходаў медзі. У Наваколасаве ад рук двух хуліганаў пацярпелі трое чалавек.

Пракуратурай раёна ў ходзе аналізу інфармацыі  аддзела эканомікі райвыканкама ўстаноўлена, што пратэрмінаваная знешняя дэбіторская запазычанасць маецца ў РУП «Навасвержанскі лесазавод», з якім не разлічыліся рэзідэнты Рэспублікі Літва. Дырэктару ўнесена прадстаўленне, у інтарэсах прадпрыемства ў эканамічныя суды Рэспублікі Беларусь прад’яўлены іскавыя заявы.    

Суд аштрафаваў на 900 000 рублёў 33-гадовую жыхарку Наваколасава, якая, будучы на чыгуначным вакзале ў нецвярозым стане, парушала грамадскі парадак. На такую ж суму пакараны і 49-гадовы жыхар Мікалаеўшчыны – за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.  

ДАІ выявіла 278 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – дзевяць вадзіцеляў-бяспраўнікаў і шэсць нецвярозых вадзіцеляў (у тым ліку дзве жанчыны, адна з іх учыніла дарожна-транспартнае здарэнне), 59 недысцыплінаваных пешаходаў і 18 – веласіпедыстаў. 23 верасня на вуліцы Ленінскай у Стоўбцах пацярпеў сямікласнік, які рухаўся па пешаходным пераходзе на веласіпедзе. 24 верасня на аўтадарозе Івянец – Рубяжэвічы – Стоўбцы пад колы паўпрычэпа трапіў 24-гадовы веласіпедыст, які рухаўся па краі праезджай часткі і не справіўся з кіраваннем. Пацярпелы памёр на месцы здарэння. З 26 па 30 верасня на дарогах раёна праходзіла прафілактычная акцыя  «Колаў менш – небяспекі больш».

«Хуткая» атрымала 260 выклікаў, шэсць з іх – да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ