Святочны настрой

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

КАБ УСІМ БЫЛО КАМФОРТНА

Наталля Лукша дастойна прадаўжае сямейную дынастыю – працягвае прафесійную справу сваёй маці, былой настаўніцы фізікі і намесніка дырэктара Цясноўскай сярэдняй школы імя Ф. Э. Дзяржынскага Зоі Мікалаеўны Борыс і айчыма Мікалая Лукіча Борыса – настаўніка гісторыі гэтай жа школы. Працягвае дынастыю настолькі дайстойна, што фотаздымак Наталлі Іванаўны занесены на раённую Дошку гонару.

Працуе Наталля Лукша ў сельскім дзіцячым садзе. У Шашкі яна прыехала за мужам, ляснічым Старынскага лясніцтва Алегам Лукшам, маючы ўжо стаж работы настаўніцай пачатковых класаў у Мікалаеўшчынскай сярэдняй школе імя Якуба Коласа і Аталезскай сярэдняй школе. Яна гаворыць, што ў многім адбыцца ў прафесіі ёй дапамог былы дырэктар Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы, светлай памяці, Аркадзь Іосіфавіч Камёнка. Яго адносіны да работы, да дзяцей, да калег і да сваёй прафесіі – для яе як маяк і цяпер. Гэткую ж удзячнасць яна адрасуе і былому дырэктару Аталезскай СШ Юрыю Готу. Маючы такі каштоўны вопыт, работа з дзецьмі для яе стала тым спрыяльным асяроддзем, дзе яна пачувае сябе ўпэўнена, камфортна, настолькі добра, што хочацца тварыць, рабіць жыццё малых цікавым, светлым, радасным.

Менавіта такі стан душы і сэрца дазволіў ёй арганізаваць калектыў установы дашкольнай адукацыі на работу па схеме  «Усе разам», што дазволіла дасягнуць выдатных вынікаў у вучэбна-выхаваўчым працэсе. Акрамя таго, Шашкоўскі дзіцячы сад адметны і тым, што ў ім працуюць групы інтэграванага навучання і выхавання. Атрыманая спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі дазваляе Наталлі Лукша выдатна сумяшчаць  як абавязкі кіраўніка, так і працу настаўніка-дэфектолага. Адказны і творчы падыход да сваёй справы кожнага супрацоўніка падцвярджаюць выдатныя вынікі. Напрыклад, выхавальнік дашкольнай адукацыі першай кваліфікацыйнай катэгорыі Людміла Бізгень стала пераможцам другога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Республікі Беларусь» у намінацыі «Выхавальнік дашкольнай адукацыі» ў 2014 годзе. 

Выхавальнік дашкольнай адукацыі першай кваліфікацыйнай катэгорыі Таццяна Карсюк дасягнула значных вынікаў пры падрыхтоўцы  дзяцей да фестывалю – «Я – даследчык». Яе выхаванцы чатыры гады запар абаранялі гонар раёна на абласным фестывалі.

– Схема «Мы – разам», па якой працуе наш дзіцячы сад, – гаворыць Наталля Лукша, – дазваляе нам жыць адною сям’ёю. Мікраклімат у калектыве спрыяе кожнаму для раскрыцця талентаў. Людміла Бізгень у нас не толькі выдатны педагог, але яшчэ і адметны майстар у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яе рукамі зроблены выдатныя рэчы, наглядныя дапаможнікі, без якіх немагчыма ажыццяўляць вучэбны працэс з малымі дзецьмі. Я ўдзячная сваім педагогам за тое, што ўсе  яны ўмеюць наладзіць выдатны кантакт з бацькамі і прыцягнуць іх да ўдзелу ў выхаванні і навучанні дзяцей. Дзіцячы сад наведваюць 26 дзетак з Шашкоў і навакольных вёсак.

Хочацца сказаць добрыя словы ў адрас выхавальніка Ганны Кутас, якая заўсёды «лёгкая на пад’ём», выдатна можа замяніць мяне на адміністрацыйнай пасадзе. Маці траіх дзяцей Наталля Калкоўская – прадстаўнік маладога пакалення, мы рады, што яна працягвае завочна вучобу ў вышэйшай навучальнай установе. На сваім месцы памочнікі выхавальніка Алена Сахар і Алена Рэўкоўская, якіх таксама вельмі любяць дзеці. Яны вопытныя, добрасумленныя работнікі. Старажыл нашай установы адукацыі Тамара Пажога, якая цяпер дапамагае на кухні. А чаго варта наш повар! Таццяна Кулакоўская – прызнаны майстар кулінарнага мастацтва ў ваколіцы. Яе творчасць робіць цуды і ў паўсядзённай працы.

Рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў Раман Недзін вырабляе сваімі рукамі неабходную мэблю ў групавыя пакоі, што робіць наш дзіцячы сад прывабным і непаўторным. Такому спецыялісту няма цаны.

Ніхто не навядзе такі парадак на тэрыторыі, як наша Галіна Рамановіч. Ірына Малахава рупіцца  пра парадак і чысціню ў  памяшканні сада. Варта адзначыць, што Ірына Малахава, Таццяна Кулакоўская і Наталля Калкоўская – шматдзетныя маці. Чаму мне так хочацца сказаць пра кожнага члена нашага калектыву? Таму што менавіта дружная праца, уменне кожнага працаваць у адной звязцы і дазваляе нам рабіць дзіцячы сад такім, каб у ім было ўсім камфортна: у першую чаргу – нашым дзеткам, а таксама бацькам, і нам – тым, хто кожны дзень заступае на сваю працу, каб выконваць самае важнае прызначэнне – вучыць і выхоўваць чалавека. Мы ў адказе за тое, які фундамент будзе закладзены, каб з маленькага чалавечка вырас дастойны грамадзянін нашай краіны.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

НАСТАЎНІЦА ПЕРШАЯ МАЯ…

Першай настаўніцы словы,

Дзе мне не здарыцца быць,

Так, як і матчыну мову,

Нельга ніколі забыць.

Сяргей ГРАХОЎСКІ

Напэўна, няма на зямлі чалавека, які б не захоўваў у сваім сэрцы светлае пачуццё любові і падзякі настаўніку, які ў першыню адчыніў перад ім дзверы ў нязведанае, навучыў здзіўляцца прыгажосці і велічы свету.

Я ўжо студэнтка, вучуся ў Мінску, але заўсёды з цёплым пачуццём успамінаю маю першую настаўніцу Рэгіну Аляксандраўну Высоцкую, якая працуе ў гімназіі № 1 г. Стоўбцы.

З першага школьнага дня, не лічачыся ні з уласным часам, ні са стомленасцю, вяла яна нас па дарогах ведаў. Аднаго Рэгіна Аляксандраўна навучыла сур’ёзна, добрасумленна працаваць, іншаму дапамагла пераадолець няўпэўненасць у сваіх сілах, кагосьці прымусіла паверыць у дабро і справядлівасць. І ўсіх яна навучыла адрозніваць добрае ад дрэннага, высокароднае ад нізкага.

Рэгіна Аляксандраўна прывіла мне любоў да беларускай і рускай моў. Яна праводзіла розныя конкурсы, напрыклад: хто прыгажэй напіша вялікую літару. Мы з запалам стараліся выводзіць іх як мага лепш. А яшчэ мы пісалі словы ў сказах каляровымі фламастарамі: хто ў якім колеры бачыць тое ці іншае слова. Было вельмі пацешна. Мая настаўніца ніколі не павышала голасу. Нават словы, якія яна дыктавала нам, здаваліся нейкімі значнымі, хоць былі зусім звычайнымі. Для мяне Рэгіна Аляксандраўна была вельмі добрай і чулай настаўніцай.

Да цяперашняга часу я памятаю першую дзясятку за дыктоўку. Яна была выведзена прыгожа, з ідэальным націскам. Я заўсёды любавалася яе адзнакамі. Рэгіна Аляксандраўна любіла з намі падарожнічаць, мы шмат дзе пабывалі. Гледзячы на школьныя фотаздымкі, хочацца зноў вярнуцца ў той бесклапотны час.

Вядома, ніхто не будзе спрачацца з тым, што ўнутраны свет чалавека закладваецца ў пачатковай школе. Я задаволена, што ў пачатку майго жыццёвага шляху сустрэла такога светлага чалавека, як Рэгіна Аляксандраўна.

Цяпер, стаўшы дарослай, правяраючы свае ўчынкі, пытаюся сябе: «А што сказала б, што параіла б настаўніца, якая вучыла мяне ў дзяцінстве?»

Могуць сцерціся асобныя рысы, забудуцца вымаўленыя шмат гадоў назад словы, але ніколі не знікне ў нас захапленне мудрасцю і дабрынёй таго, хто  з’яўляецца для нас носьбітам лепшых чалавечых якасцяў:

Я не забуду ніколі

Сшыткі, пеналы, буквар,

Першыя радасці ў школе,

Першай настаўніцы твар.

Ксенія РУБІН

 

З ЛЮБОЎЮ І ПАШАНАЙ

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў мы атрымалі пісьмы членаў гуртка «Юны карэспандэнт» СШ № 3 г. Стоўбцы, які не першы год вядзе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Буднік. Пачытаем, як вучні любяць сваіх настаўнікаў.

Ульяна МІЛАШЭЎСКАЯ:

– У мяне ёсць два любімыя вучэбныя прадметы – гісторыя і беларуская мова. І, канечне, настаўнікаў, якія вядуць гэтыя прадметы, я таксама люблю. Кацярына Мікалаеўна Бець вядзе гісторыю, а яшчэ яна – мой класны кіраўнік. На яе ўроках мы не сумуем. Настаўніца рыхтуе для нас цікавыя матэрыялы пра старажытных людзей, паказвае займальныя ілюстрацыі. На алімпіядах па гісторыі мы займаем прызавыя месцы, кантрольныя і праверачныя работы пішам на «выдатна». Кацярына Мікалаеўна вельмі добрая і вясёлая. З яе павінны браць прыклад іншыя настаўнікі. Таксама я вельмі люблю беларускую мову і настаўніцу па гэтым прадмеце Святлану Іванаўну Мукоід. Яна не спяшаецца паставіць дрэнную адзнаку, клапоціцца пра тое, каб вучань дапрацаваў, з радасцю, без прымусу авалодаў беларускай мовай.

Кацярына ЧЫЧЫКАЙЛА:

– У маім жыцці было многа настаўнікаў, і ўсе яны вельмі добрыя. Але ёсць адна настаўніца, якой я ўдзячная за тое, што яна зрабіла для мяне. Яна назаўсёды застанецца для мяне першай. Дзякуючы ёй я атрымала добрыя веды. На яе ўроках не было сумна, таму што Валянціна Антонаўна Багушэвіч знаходзіла цікавыя і, у той жа час, складаныя заданні. Як бы мне хацелася зноў вярнуцца ў першы клас!

Дар’я ТАРАСАВА:

– Больш за ўсіх я люблю сваю настаўніцу рускай мовы Вераніку Мікалаеўну Грыб. Ад яе мы даведваемся многа цікавага, вывучаем  розныя тэмы. На факультатывах мы з ёй размаўляем і пішам, рыхтуемся да дыктантаў, праверачных. З Веранікай Мікалаеўнай можна пагутарыць не толькі пра рускую мову.

Ксенія АТРУШКЕВІЧ:

– Калі я прыйшла ў першы клас, мяне сустрэла вельмі добрая і мілая настаўніца. Яе завуць Анжаліка Уладзіміраўна Стацкевіч. Хоць яна і строгая,  але яе ўсе любілі. Калі прыйшоў час ісці ў пяты клас, мы не хацелі яе пакідаць. Мае аднакласнікі сумуюць па сваёй першай настаўніцы, і я таксама сумую. Хочацца сказаць дзякуй ёй за веды, якія мы зараз маем.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *