Малако павінна быць якасным

Нумары У райвыканкаме

image_pdfimage_print

У раённым выканаўчым камітэце адбылося пасяджэнне на тэму: «Аб гатоўнасці жывёлагадоўчай галіны да зімова-стойлавага ўтрымання 2015–2016 гадоў». З інфармацыяй па гэтым пытанні выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзяніс КОЛЕСЕНЬ.

Дзяніс Сяргеевіч паведаміў, што ў раёне эксплуатуецца 72 жывёлагадоўчыя фермы, з іх 53 малочнатаварныя. У 2015 годзе з-за аварыйнага стану жывёлагадоўчых памяшканняў было закрыта тры МТФ. Гэта МТФ «Падгорнае» – ААТ «Шашкі», МТФ «Слабодка» – ААТ «Агранёманскі», МТФ «Лапкі» – ААТ «Аталезь-агра». На 1 верасня 2015 года налічваецца 10 МТФ, на якіх прымяняюцца новыя рэсурсазберагальныя тэхналогіі ўтрымання і кармлення жывёлы з даеннем у сучасных даільных залах і камп’ютарным забеспячэннем усіх тэхналагічных працэсаў. На 43 МТФ яшчэ і сёння прымяняецца ўстарэлая, неэфектыўная і затратная тэхналогія вытворчасці малака, заснаваная на прывязным утрыманні кароў і даеннні на лінейных даільных устаноўках.

З сацыяльнага і эканамічнага пункту погляду эфектыўнасць працы даярак на такіх фермах нізкая. Ствараецца недастатковая забяспечанасць фермаў кадрамі. Гэта стрымлівае рост вытворчасці малака, паляпшэння яго якасці і павышэння малочнай прадукцыйнасці жывёлы.

Генетычны патэнцыял малочнай прадукцыйнасці кароў дойнага статка на ўзроўні 8,18 тысячы кілаграмаў малака рэалізуецца толькі на 62 працэнты.

Валавая вытворчасць малака за студзень – жнівень склала 56,5 тысячы тон да ўзроўню мінулага года – 108,9 %. Рэалізавана 51,7 тысячы тон малака па ўсіх каналах збыту (111,6 % мінулагодняга ўзроўню). Удзельная вага рэалізаванага малака склала 91,5 % у аб’ёме яе вытворчасці. Над якасцю малака ў гаспадарках практычна не працуюць. За студзень – жнівень гатункам «экстра» здадзена 9,1 тысячы тон (17,7 %), вышэйшым сортам – 39,8 тысячы тон (77,1 %), першым сортам – 2,3 тысячы тон (4,5 %), другім сортам – 0,3 тысячы тон (0,6 %). Такія гаспадаркі, як ААТ «Дзераўная», «Рочавічы», «Радзіма Дзяржынскага», «Шашкі», СЖК «Налібакі» не рэалізавалі ні адной тоны малака сорту «экстра», г. зн. страчана прыкладна 2 млрд 125 млн руб.

Адным са стрымліваючых фактараў поўнай рэалізацыі генетычнага патэнцыялу прадукцыйнасці з’яўляецца неадпаведнасць умоў утрымання буйной рагатай жывёлы яго біялагічным асаблівасцям.

Перад малочнай галіной раёна стаіць задача павелічэння аб’ёмаў вытворчасці малака ў сельскагаспадарчых арганізацыях у 2016 годзе, павелічэнне колькасці пагалоўя жывёлы.

Выкананне пастаўленых задач можа быць дасягнута пры правядзенні комплексу арганізацыйных і тэхналагічных мерапрыемстваў па завяршэнні паэтапнай спецыялізацыі сельскагаспадарчых арганізацый і пераходу на прамысловыя, інтэнсіўныя тэхналогіі вытворчасці малака. У сваю чаргу неабходна перагледзець падыходы да арганізацыі селекцыйна-племянной работы, кормавытворчасці, эканамічнай бяспекі.

Плануецца ў кастрычніку – лістападзе 2015 года ўвесці ў эксплуатацыю 9 «клюшачнікаў». На 2016 год плануецца будаўніцтва трох даільна-малочных блокаў і чатырох «клюшачнікаў». Для нарыхтоўкі якасных кармоў і іх захоўвання завершана будаўніцтва 33 сянажна-сіласных траншэй і да канца бягучага года будзе пабудавана яшчэ 19.

За студзень – жнівень 2015 года сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна вырашчана 4395 тон буйной рагатай жывёлы, што на 474 тоны больш за ўзровень 2014 года. Але ёсць і таварыствы, якія дапусцілі зніжэнне па вырошчванні БРЖ. Гэтыя гаспадаркі недаатрымалі ў агульным аб’ёме грашовых сродкаў 10 мільярдаў рублёў.

У раёне створаны групы з ліку спецыялістаў для дэталёвага абследавання падрыхтоўкі жывёлагадоўчых фермаў да зімы. Таксама распрацаваны мерапрыемствы па нарыхтоўцы фермаў да зімы і пераводзе жывёлы на зімовае стойлавае ўтрыманне. Па кожнай гаспадарцы складзены канкрэтны план мерапрыемстваў па пераходзе на зімова-стойлавы перыяд, вызначаны канкрэтныя тэрміны.

Падрыхтавала Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *