«Ліцейкі» малады запал

Нумары Прамысловасць

image_pdfimage_print

Не так даўно на заводзе высокатрывалага чыгуннага ліцця на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы пачаўся выпуск першай прадукцыі – адлівак гільзаў блока цыліндраў. Працягваецца адпрацоўка тэхналагічных працэсаў і, паралельна, вядзецца будаўніцтва другой чаргі завода. Як мы высветлілі, працуюць на новым заводзе – пераважна маладыя кадры.

У цэху, дзе зманціравана нямецкае абсталяванне фірмы Otto junker, адразу уражвае сучасны вытворчы стыль. Мноства абсталявання з камп’ютарным кіраваннем, работнікаў нямнога, у кожнага з іх, адчуваецца, –  свая задача.

– Мая задача – «плавіць» за змену каля пяці тон металу, – папросту тлумачыць плавільшчык Антон Вярбіцкі. У сучаснай печы, пра якую ён гаворыць, метал расплаўляецца да патрэбнага хімсаставу.

Антон асвойвае гэтую прафесію з сакавіка бягучага года. Раней не адзін год прывычна ўвіхаўся ў інструментальным цэху, а затым перспектыўнаму рабочаму прапанавалі павучыцца на галаўным прадпрыемстве, у цэху алюмініевага ліцця. Такім чынам, ён перакваліфікаваўся. Але сапраўдная навука, як прызнаецца Антон, – тут, на рабочым месцы, кожны дзень, які дадае яму навыкаў, узбагачае каштоўным вопытам.  Здаецца, усё ў яго атрымліваецца, ад таго і ўсмешка амаль не сыходзіць з твару. «Гэта наш спартсмен, байдарачнік. Без яго не абыходзіцца ніводзін турзлёт», – скажа пазней пра ўсмешлівага маладога плавільшчыка бібліятэкар Вольга Можугава.

Антон Вярбіцкі з ахвотай знаёміць са сваім напарнікам – калегам Віталем Краўчанкам. На заводзе ён пяты год, у недалёкім мінулым быў слесарам «аўтаматкі».

На абодвух – спецадзенне, пашытае з лямцу. З лямцу і галаўныя ўборы, аснашчаныя, да таго ж, празрыстымі казыркамі, якія ахоўваюць вочы, твар. Бачым на экране пульта кіравання, што тэмпература ў адной з печаў сягае пад 2 000 градусаў. Работа ў плавільшчыкаў сапраўды гарачая. Не менш гарачая яна і ў Сяргея Волкава, які рыхтуе шыхту.

Цікавімся, якія яшчэ прафесіі запатрабаваны новай вытворчасцю. Ліцейшчыкі, аператары станкоў, вогнеўпоршчык, прасаўшчык, лабарант… «Экіпіраваны» з ног да галавы Ігар Кепель –  ліцейшчык. Чакаем, пакуль ён вызваліцца, каб пазнаёміцца бліжэй. Ігар родам з Нясвіжа, цяпер  жыве ў Стоўбцах у ведамасным інтэрнаце. Умовы быццам бы нядрэнныя, ды і ён, нягледзячы на сваю маладосць, ліцейшчык ужо са стажам – адпрацаваў каля пяці гадоў на адным з металургічных заводаў.

Ігара Кепеля, як і яго таварышаў, вабіць перспектыва, будучыня. Ліцейная вытворчасць з яе сучаснымі тэхналогіямі, імпартазамяшчальным складнікам дае такі шанц. Яго, і гэта відавочна, маладыя кадры не ўпускаюць, сумяшчаюць са сваімі жыццёвымі планамі. І паступова яны становяцца адзіным калектывам. 

– Дапамагаем адзін аднаму. Як без гэтага? – коратка падводзяць да галоўнага мае суразмоўцы і, папрасіўшы прабачэння, спешна вяртаюцца да сваіх абавязкаў. Здаецца, пакуль іх майстар Мікалай Шылак знаходзіцца на вучобе на курсах, яны асабліва стараюцца ні ў чым яго не падвесці.      

Мы не можам прайсці міма лабараторыі, праз акно-вітрыну якога добра відаць работа лабаранта Наталлі Краўчанка. З дапамогай мікраскопа, цвердамера і іншага лабараторнага абсталявання яна «вывучае» механічныя ўласцівасці дэталяў. Высвятляецца, што Наталля і плавільшчык Віталь Краўчанка, які працуе тут жа ў цэху, – жонка і муж. У 2010 годзе маладая сям’я прыехала да нас з Украіны. «З Апечак родам мая мама, яна засталася жыць у горадзе Крывы Рог. Я закончыла Крамянчугскі ўніверсітэт. Жывём у інтэрнаце, нам выдзелілі вялікі пакой. Тут у нас дзіця нарадзілася…» – расказвае пра сваю сям’ю машынабудаўнікоў Наталля. У яе настроі – радасць ад работы, ад жыцця, ад таго, што яны з мужам ужо паспелі нажыць.

Калектыў стаўбцоўскіх машынабудаўнікоў нельга ўявіць і без старэйшага пакалення, чый вопыт вымяраецца дзясяткамі гадоў. Сярод іх – начальнік аддзела збыту Віктар Круглік. На заводзе ён больш за чвэрць веку. На яго вачах гэтае прадпрыемства і будавалася, і станавілася тым, што ўяўляе сабой сёння.  І сам Віктар Мікалаевіч рос у прафесійным плане, не стаяў на месцы. Пачынаў калісьці інжынерам-механікам, сёння – начальнік аддзела, Ганаровы ветэран Мінскага маторнага завода. Яшчэ ён – прыкладны сем’янін, бацька двух сыноў-спартсменаў і сам добры тэнісіст, займаецца настольным тэнісам з моладдзю. На заводзе працуе і яго жонка. «На даным этапе не так складана вырабіць прадукцыю, як яе прадаць», – сцвярджае Віктар Мікалаевіч. Невыпадкова, што ён увесь час у руху – у  раз’ездах і камандзіроўках, на выстаўках…               

НА ЗДЫМКАХ: ліцейшчык Ігар Кепель; начальнік аддзела збыту Віктар Круглік; лабарант хімічнага аналізу Наталля Краўчанка; плавільшчыкі Антон Вярбіцкі і Віталь Краўчанка.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *