З адной вёскі

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Факты, падзеi, людзi

5557
Маладыя спецыялісты Алеся і Мікіта Зубовічы скончылі ў мінулым годзе сталічныя навучальныя ўстановы і працуюць у ААТ “Агранёманскі”. Алеся навучалася ў Мінскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы, дзе атрымала спецыяльнасць бухгалтара. У таварыстве ёй прыйшлося перакваліфікавацца на эканаміста. Яна падсумоўвае вынікі работы малочнага і мяснога цэхаў. Мікіта – выпускнік Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, дзе набыў спецыяльнасць інжынера-энергетыка.
– Зараз адказваю за газавую гаспадарку, – гаворыць малады спецыяліст, – бо маю дзве прафесіі, спецыялізаваўся ва ўніверсітэце і на цеплаэнергетыцы. Накіравалі мяне на курсы на два месяцы, каб больш дэталёва азнаёміўся з эксплуатацыяй абсталявання.
– Сустрэлі ветліва, – падтрымала размову Алеся, – адразу прынялі ў свой калектыў, хоць спачатку мы і перажывалі. І на рабоце ў нас ўсё ладзіцца, і сумеснае жыццё складваецца добра. У мяне работа не вельмі складаная. У Мікіты больш адказная. Пражываем пакуль што на кватэры, якая знаходзіцца амаль побач з адміністрацыйным будынкам.
Мінулагоднім летам у жыцці Алесі і Мікіты адбылася вельмі важная падзея – яны заключылі шлюб. Гэта і адыграла сваю ролю падчас размеркавання – жонка паехала на месца працы мужа. Дарэчы, дзяўчына і хлопец з адной вёскі. Нарадзіліся і выраслі ў Жухавічах Карэліцкага раёна. Вучыліся ў адной школе. У далейшых планах маладых спецыялістаў працягваць працаваць і ўладкоўваць свой быт. Павялічваць і сям’ю.
На выхадныя Зубовічы едуць у вёску да бацькоў. Балазе, недалёка.
– Бацькі сказалі нам, каб вырашалі самі, дзе жыць, – сказала Алеся. – Галоўнае, каб нам падабалася. Цалкам магчыма і затрымаемся ў сельгаставарыстве. Работа задавальняе, калектыў добры.
Як і ў мінулыя гады, і гэта ўжо стала традыцыяй, Алеся і Мікіта сустракалі Новы год дома, у роднай вёсцы.
Надзея БАТАЛКА
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *