«Мы – разам!» – у гэтым сіла беларусаў

Акцыі Нумары

image_pdfimage_print

Дайшла чарга і да Стоўбцаў прыняць эстафету рэспубліканскай народна-патрыятычнай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Мы – разам!». Яна стартавала ў чэрвені і стала чарговым этапам маштабнага мерапрыемства – фіналісты маладзёжнага рэспубліканскага конкурсу «Новыя галасы – для любімай краіны» разам з зоркамі беларускай эстрады з канцэртнымі турамі наведалі раённыя гарады Беларусі.

На сцэну раённага Цэнтра культуры ў гэты святочны вечар падняліся не толькі артысты, але і сямейныя працоўныя дынастыі раёна, ветэраны вытворчасці розных галін, а таксама маладыя працаўнікі, якія на сваіх рабочых месцах сумелі ўжо заваяваць гонар і павагу. Са сцэны ў гэты святочны дзень ушаноўвалі настаўніцкую дынастыю Нарановічаў – настаўніцу Вішнявецкай СШ Леаніду Леанідаўну, яе сына настаўніка стаўбцоўскай гімназіі № 1 Леаніда Іванавіча, яго жонку, настаўніцу СШ № 3 г. Стоўбцы Таццяну Яраславаўну. Заснавальнікі гэтай дынастыі і іншыя члены сям’і, якія ўжо ў вечнасці, – Іван Феліксавіч, былы дырэктар Вішнявецкай СШ, і маці Леаніды Леанідаўны Дзікола Валянціна Сямёнаўна. Цэнтральная раённая бальніца прадставіла сямейную дынастыю ўрачоў – Алега і Марыну Цімафеевых, раённы вузел электрычнай сувязі – дынастыю Абрамовічаў – Леаніда Аляксандравіча, былога начальніка  вузла электрычнай сувязі, Ларысу Іванаўну,  – былога інжынера, дачку Наталлю Леанідаўну – электрамеханіка; стаўбцоўскі мясакамбінат – сям’ю Аляксандра і Марыі Школьнікавых. Падарункі і словы ўдзячнасці прымалі ветэраны працы:  Сямён Каспяровіч з аб’яднання камунальных службаў, былы дырэктар Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў Эльвіра Мешчаракова, шматдзетная маці сацыяльны работнік  Марына Якусік. Сярод лепшых працаўнікоў маладога пакалення адзначаны электраманцёр Стаўбцоўскіх электрычных сетак  Юрый Шыкуць,  галоўны тэхнолаг мясакамбіната Людміла Бойка, слесар-інструментальшчык філіяла  ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы  Дзмітрый Бургун, вадзіцель райспажыўтаварыства Дзмітрый Пракаповіч.

З прывітальным словам у адрас працоўных дынастый, ветэранаў і маладых працаўнікоў звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі і старшыня раённага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Галіна Шапецька. Яны адзначылі, што сямейныя дынастыі – сапраўды залаты фонд калектываў, і традыцыю ўшанавання іх у раёне патрэбна працягваць.

Для тых, у адрас каго гучалі словы падзякі за вернасць прафесіі і свайму прадпрыемству, і для ўсіх гледачоў (іх была цэлая зала) выдатны канцэрт зрабілі фіналісты вакальнага маладзёжнага конкурсу «Новыя галасы для любімай краіны». Адметна і вельмі прыемна, што ў ліку фіналістаў была і прадстаўніца Стаўбцоўшчыны – выкладчыца Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў Дар’я Валадзько.

У гэты дзень для стаўбчан спявалі таксама вядомыя артысты беларускай эстрады Ларыса Грыбалёва, дуэт Аляксандра і Канстанцін, якія першыя з нашых суайчыннікаў у свой час прадстаўлялі Беларусь на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне», паэт, кампазітар і выканаўца песенных твораў Саша Нэма. Сюрпрызам для стаўбчан стаў удзел у акцыі народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка. Зала настолькі была рада гэтай нечаканай сустрэчы, што разам з кампазітарам экспромтам праспявала хіты розных гадоў – вядомыя песні на яго музыку. Выдатна дапаўняла сольныя нумары выступленне ўдзельнікаў прыгожага іскрамётнага шоу-балета «Тэкіла».

Удзячны настрой залы выказаў арганізатарам канцэртнай праграмы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей  Шэсцель. На памяць аб гэтай яркай падзеі ў стаўбчан застануцца сувеніры з выявай бусла – сімвала мірнай Беларусі.  Вырабіла гэтыя прыгожыя мастацкія рэчы па заказе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі майстар са Стоўбцаў – шматдзетная і прыёмная маці Святлана Шайнова. Такія сувеніры сталі сімвалам гэтай патрыятычнай акцыі і ўрачаюцца ва ўсіх гарадах, дзе праходзілі гастрольныя туры.

Народна-патрыятычная акцыя мела мэту падняць нацыянальны дух беларусаў, дапамагчы пранікнуцца разуменнем, што сіла любой краіны праяўляецца тады, калі ўсе – разам, а таксама прадэманстраваць, што самая масавая з грамадскіх арганізацый – прафсаюзы –  у адказе за стабільнасць і дабрабыт нашай краіны.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *