Якасць навучання: свой праект

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама прымаў прадстаўнікоў упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, намеснікаў начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Мінскай вобласці на абласны семінар. Ён быў прысвечаны актуальным задачам сферы адукацыі і меў мэту прасачыць новыя арыенціры, інавацыйную дзейнасць. Семінар прайшоў на базе Дзераўнянскай сярэдняй школы, адной з лепшых сельскіх устаноў адукацыі не толькі нашага раёна, але і рэспублікі, пацвярджэннем чаго з’яўляюцца рэспубліканскія дыпломы.

Семінар адкрыла і задала тон усёй рабоце начальнік аддзела дашкольнай, агульнай школьнай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Алена Марцінкевіч.

У в. а. начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама Людмілы Стонька была задача расказаць аб раённай мадэлі навучання ва ўстановах сярэдняй адукацыі на падставе прадастаўлення якасных адукацыйных паслуг і падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд і конкурсаў.

Дзераўнянская школа мае шматгадовы вопыт супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным агратэхнічным універсітэтам, што дапамагае выпускнікам якасна рыхтавацца да паступлення ў ВНУ і паспяхова вытрымліваць конкурс сярод абітурыентаў. Менавіта на гэтых момантах спыніла ўвагу дырэктар Дзераўнянскай СШ Марыя Шумчык.

Семінар ставіў мэтай паказаць вопыт інавацыйных праектаў не толькі ў Дзераўнянскай школе, але і ў іншых адукацыйных установах нашага раёна. Таму перад намеснікамі начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Мінскай вобласці выступілі кіраўнікі і педагогі школ раёна.

Дырэктар СШ № 2 г. Стоўбцы Аксана Лось і вучні 10 класа прадставілі прэзентацыю педагагічнага класа, дзейнасць якога таксама ажыццяўляецца з падтрымкай ВНУ – Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Аб такой інавацыйнай і праверанай гадамі эфектыўнай форме работы з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі, як Школа юных інтэлектуалаў і Школа юных праграмістаў, расказаў настаўнік інфарматыкі СШ № 3 г. Стоўбцы, аўтар гэтых выдатных праектаў Уладзімір Радзіон.

На віду ў вобласці першапраходзец па ўкараненні перадавых педагагічных тэхналогій настаўніца пачатковых класаў Дзераўнянскай СШ Алена Канановіч. Кіраўнікам аддзелаў адукацыі вобласці, педагогам была прадстаўлена дзейнасць рэсурснага цэнтра падрыхтоўкі малодшых школьнікаў да ўдзелу ў конкурсах даследчага характару.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Дзераўнянскай СШ Ганна Дзямянка, вучні якой неаднаразова выходзілі пераможцамі абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, скіравала ўвагу прысутных на алімпіядны рух і развіццё адораных вучняў у гэтым накірунку. Тэме псіхолага-педагагічнага суправаджэння вучняў пры падрыхтоўцы да алімпіяд і конкурсаў было прысвечана выступленне педагога-псіхолага стаўбцоўскай гімназіі № 1 Веры Жывіцкай.

Пленарнае пасяджэнне дало магчымасць падзяліцца ўражаннямі ад убачанага і пачутага, творчасць і майстэрства педагогаў Стаўбцоўшчыны было высока ацэнена. Пазнаёміцца з установамі адукацыі, педагогі якіх прадстаўлялі інавацыйныя праекты, можна было і з падрыхтаваных буклетаў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *