Наймілейшая сэрцу малая радзіма

Крочым па раёне Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

На сваё свята паклікала жыхароў і гасцей яшчэ адна, восьмая ў гэтым годзе, вёска Стаўбцоўшчыны – Тонава.

Здалося свята ўсім асабліва прыветным і гасцінным пасля праліўнога, з раніцы і амаль да абеду, дажджу, які нічога добрага, як сапсаваць запланаваныя мерапрыемствы, не абяцаў. Аднак здарылася неверагоднае – няйнакш, музыка і спевы разагналі хмары!

Спачатку было шматлюд-нае, аздобленае імправізацыямі ды жывым народным гумарам, шэсце па вёсцы – прыбранай, памаладзеўшай, а ад таго яшчэ больш сімпатычнай. «А вёсачка харошая!» – па-добраму зайздросцілі госці.  Пахарашэлі не толькі людскія сядзібы, а і жывёлагадоўчая ферма, сацыяльна-культурныя аб’екты, якія служаць жыхарам Тонава. У гэтым ёсць і іх заслуга – яны не раз выходзілі на суботнікі, каб зноўку пацвердзіць, што ў гэтай мясцовасці спрадвеку жылі людзі, адданыя працы. Карэнныя тонаўскія працаўнікі насілі ўсяго чатыры прозвішчы – Савасцюкі, Высоцкія, Чарняцы, Лагені… Да іх з часам, безумоўна, дабаўляліся іншыя, новыя, каб вёска Тонава працягвала жыць і развівацца.  

Даўно сталі сваімі ў Тонаве і, пры гэтым, незаменнымі памочнікамі Рубяжэвіцкага сельвыканкама ў пытаннях добраўпарадкавання старасты вёскі – Аля Мішук і Наталля Брось. Яны і на свяце абедзве – у цэнтры дзейства, так бы мовіць «хлеб-соль» праграмы. Не менш каларытная і вядучая – Рамуальда Сабалеўская, настаўніца і краязнаўца з суседніх Рубяжэвічаў. З ёю – і артысты з Рубяжэвіцкага Дома культуры, якія не давалі святу «ні мінуты спакою».

Вось ужо гукі самабытнай валынкі вітаюць жыхароў вясковых вуліц – Маладзёжнай, Рубяжэвіцкай, Садовай. На вуліцы Рубяжэвіцкай побач з працаўнікамі гаспадаркі жывуць сем’і настаўнікаў, а чатыры гады таму пасяліўся праваслаўны святар – Мікалай Куранкоў з сям’ёю. Бацюшка запрасіў усіх на агульную малітву, блаславіў свята, якое збліжае людзей, узвышае іх у сваіх паўсядзённых клопатах.

Першы прыпынак святочнае шэсце зрабіла ля сядзібы Клемянціны і Пятра Лагеняў. Гэтыя паважаныя вяскоўцы – у акружэнні блізкіх, суседзяў: сем’яў Валерыя і Алы Лысых, Дануты Мішук, Пятра і Любові Козел, Марыі Лагеня, Міхаіла і Ядвігі Мілашэўскіх і многіх іншых. Але чаму спыніліся менавіта тут? «Непаўторная калекцыя вышыванак, вырабаў з бісеру і іншых матэрыялаў, якія перад вамі, зроблена рукамі Клемянціны Казіміраўны і яе ўнучкі Анастасіі», – патлумачыла стараста Аля Мішук.

Працягвае яе думку калега Наталля Брось: «Мае добрыя суседзі з вуліц Першамайскай, Цэнтральнай і іншыя, якімі я ганаруся (яны і гаспадыні, і гаспадары адмысловыя), – сем’і Святланы Шумчык, Мікалая і Ганны Лянцэвічаў, Міхаіла і Ядвігі Богданаў, Мікалая і Людмілы Хмеляў, Віктара і Людмілы Бунчукоў, Софіі Кухарчык. Многія ішлі на пенсію з калгаса імя Гастэлы. Цяпер яго няма – далучылі да ААТ «Рубяжэвічы». Але моладзь з Тонава спраўляецца і там, не падводзіць. Пра яе поспехі пішуць у раённай газеце».

«Мы нарадзіліся ў Тонаве, пражылі ў сваёй вёсцы ўвесь век, любім яе і будзем любіць», – прыкладна так выказваліся многія вяскоўцы. Слова на свяце далі кожнаму, і кожны, як змог, выказаўся і нават падзяліўся сваім настроем – праз вясёлую песню, якую ўсе падхапілі ўслед за старастамі.

У Тонаве, трэба сказаць, заўсёды знаходзіліся людзі, якія былі і ёсць для аднавяскоўцаў прыкладам, своеасаблівым маяком. Вось і Іван Гіляравіч Пякарчык (светлай памяці) быў акурат з такіх. У свой час зрабіў уласнымі рукамі вялікі прыдарожны крыж. Ля яго і спыніліся ўдзельнікі свята, каб прыгадаць у думках і свайго руплівага аднавяскоўца, і сваіх родных, памяць пра якіх жыве… А хіба не варты ўвагі ўдзельнікаў свята сямейны саюз Веры і Мікалая Красоўскіх?! У каханні і згодзе ён доўжыцца 45 гадоў! Гаспадыня адпрацавала ўсё жыццё ў школе, гаспадар – у калгасе. Іх сядзіба – на заглядзенне, узор дагледжанасці і парадку. Яшчэ дзве сямейныя пары былі ўшанаваны – Марыі і Станіслава Ваўчкоў, якія пражылі разам 35 гадоў, і Анжалікі і Аляксандра Хадарцэвічаў, для якіх гэты год адметны сярэбраным вяселлем. Для юбіляраў было і вясельнае «горка!», і хвалюючы, як у маладосці,  шлюбны вальс. Віншаванні і падарункі юбілярам перадалі старшыня сельвыканкама Ала Стралкоўская, дырэкцыя і прафкам ААТ «Рубяжэвічы».

Нельга не адзначыць, што ААТ «Рубяжэвічы» знайшло магчымасць ушанаваць усіх жыхароў Тонава, былых работнікаў калгаса імя Гастэлы (іх больш за тры дзясяткі чалавек), якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Ля былога праўлення калгаса была арганізавана галоўная сцэна свята. Сабраліся старэйшае пакаленне і моладзь. Вельмі стараліся школьнікі Рубяжэвіцкай школы, якія падрыхтавалі мноства цудоўных выступленняў. 

Прызнанне землякам зрабіла і старшыня Рубяжэвіцкага сельвыканкама Ала Стралкоўская: «Вельмі хвалююся, бо свята праходзіць у маёй роднай вёсцы. Апошнім часам яна добраўпарадкавана дзякуючы вашым намаганням. Сёння ў вёсцы 308 жыхароў, у тым ліку 179 чалавек працаздольнага ўзросту, 34 дзіцяці. Прайшоўшы па вёсцы, відавочна, што шмат пабудавана «прэзідэнцкіх» дамоў, што вяскоўцы імкнуцца рэканструяваць свае сядзібы, надаць ім сучасны выгляд. Добрая прыкмета – у Тонаве ўсё менш пустых і кінутых дамоў. Падчас падрыхтоўкі да свята былі знесены тры пустуючыя дамы і фундаменты. Работа па добраўпарадкаванні вёскі працягнецца».                      

Ад сельвыканкама атрымалі падзячныя лісты старасты Аля Мішук і Наталля Брось, а таксама домаўладальнікі: Антон Мішук, Мікалай Лянцэвіч, Святлана Шумчык, Юрый Богдан, Ванда Тарналіцкая, Эмілія Тарналіцкая і Мікалай Бондар. Былі ўшанаваны старэйшыя жыхары Тонава – 89-гадовая Марыя Бондар і 88-гадовая Валянціна Лагеня. А таксама самы маленькі яе жыхар – паўгадовы Максім Гусарэвіч.

Да тонаўцаў звярнуліся карэнны жыхар вёскі Аляксандр Пякарчык, які падзякаваў за запрашэнне на свята, дырэктар Рубяжэвіцкай школы (да закрыцця Тонаўскай школы ён працаваў яе дырэктарам) Сяргей Дубінец.    

– Адметнасцю вашага свята, лічу, стаў удалы сцэнарый, цёплы расказ аб людзях. Яны і працаўнікі шчырыя, і суседзі добрыя, – падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі. – Дзякуй вам!

Застаецца пажадаць жыхарам Тонава, каб яны і далей любілі сваю малую радзіму, ганарыліся ёю і падтрымлівалі ў сваёй вёсцы парадак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *