Сямён Шапіра сустрэўся з выбаршчыкамі

Выбары 2015 Нумары

image_pdfimage_print

Перадвыбарная кампанія набірае абароты. Кандыдаты ў дэпутаты і іх давераныя асобы праяўляюць актыўнасць сустрэцца з выбаршчыкамі. Такая выязная сустрэча ў мінулы чацвер адбылася і ў Стоўбцах.

Стаўбчане былі запрошаны ў раённы Цэнтр культуры на сустрэчу з даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі старшынёю Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёнам Шапірам.

Наколькі выбаршчыкі маюць патрэбу ў такіх сустрэчах, засведчыла зала – яна была запоўнена. Кожны, каму прыйдзецца 11 кастрычніка апусціць бюлетэнь са сваім голасам у ўрну, думае ўжо сёння аб тым, як не памыліцца. Таму выбаршчыкі не ўпускаюць магчымасці пачуць тое, з чым ідуць на выбары кандыдаты.

Сямёр Шапіра зрабіў акцэнт на тым, што на такіх сустрэчах давераныя асобы цяперашняга Прэзідэнта даюць справаздачу і аб дзейнасці вертыкалі ўлады: што зроблена ў раёнах, вобласці і наогул у краіне ў накірунку развіцця Беларусі. Сямён Шапіра прапанаваў такі парадак сустрэчы: спачатку яго маналог, а потым – дыялог з залай. І падзяліўся сваім светапоглядам па асноўных накірунках развіцця нашай краіны – унутранай і знешняй палітыкі, эканомікі, сацыяльнай сферы і іншых пытаннях, якія закранаюць жыццё грамадзян, кожнага чалавека. Ім быў зроблены аналіз дзейнасці суверэннай Беларусі на чале з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

З залы да даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты паступіла 12 пытанняў. Калі зрабіць аналіз іх зместу, можна адзначыць, што стаўбчане ў лік галоўных задач адносяць прафілактыку негатыўных з’яў у грамадстве, барацьбу з наркаманіяй, п’янствам, выступаюць за павышэнне культуры людзей у падтрыманні парадку ў населеных пунктах, дзе жывуць. Былі закрануты праблемы павышэння заработнай платы настаўнікам і іншым працаўнікам сацыяльнай сферы, пошуку новых рашэнняў у затрыманні кадраў медыкаў у райцэнтрах і сельскай мясцовасці, захаванні льгот для будаўніцтва жылля маладым сем’ям, сацыяльнай падтрымкі шматдзетных сем’яў. Ішла размова аб развіцці спорту і стымуляванні здаровага ладу жыцця нашых суайчыннікаў. Дыялог не абышоў увагай і такія актуальныя пытанні, як развіццё інфраструктуры нашага горада і наогул патрэбы рэканструкцыі Стоўбцаў. Сямён Шапіра выказаў уражанні ад добрых змен у нашым раёне. Хлебаробы Стаўбцоўшчыны дасягнулі дастойнага рубяжу па намалотах, у збожжавытворчасці. Была завострана ўвага на такой лічбе – тэмп росту валавой прадукцыі  складае 112,8 працэнта, што вышэй сярэднеабласнога. Калі раён не збавіць тэмпы, то ёсць рэальная перспектыва атрымаць прадугледжаную для рэгіёнаў-пераможцаў салідную прэмію на развіццё раёна. Была станоўча адзначана ініцыятыўная дзейнасць галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Святланы Глебка, якая за няпоўны год на кіраўніцкай пасадзе паспела зрабіць рывок па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскай установы.

Размова з залай атрымалася даверлівай, глыбокай, як адзначыў сам Сямён Барысавіч, па-сямейнаму цёплай. Змест і танальнасць зададзеных пытанняў, настрой людзей сведчылі аб тым, што выбаршчыкі Стаўбцоўскай акругі настроены супраць дэстабілізацыі абстаноўкі і якіх бы ні было лавінападобных рэформаў. Усе былі салідарныя ў думцы: без міру няма жыцця, без спакою і парадку няма развіцця і дабрабыту.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *