Малітва за Беларусь

Нумары Тэма тыдня

image_pdfimage_print

У нашых думках і сэрцах не павінна быць месца агрэсіі і насіллю. З такім заклікам звярнуўся 2 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій, нацыянальных аб’яднанняў і дыпламатычных місій у зале Храма-помніка ў гонар Усіх святых, дзе адбылася закладка капсул з зямлёй з месцаў пахавання беларускіх воінаў, якія загінулі ўдалечыні ад Радзімы.

Грамадзянскі мір і згода, непрыманне любых формаў варожасці на рэлігійнай і этнічнай глебе сталі галоўнымі складнікамі дзяржаўнай палітыкі Беларусі. На гэты факт звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым мерапрыемстве «Малітва за Беларусь».

«Жыхары Беларусі ацэньваюць міжнацыянальныя адносіны ў краіне як спакойныя. У нас няма дыскрымінацыі па канфесійнай і нацыянальнай прыкметах. Не ведаю, ці ёсць яшчэ такая краіна на планеце, дзе кіраўнікі розных рэлігійных і грамадскіх аб’яднанняў не толькі сябруюць паміж сабой, але і актыўна дапамагаюць адзін аднаму», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што пад небам Беларусі сёння жывуць у згодзе, уступаюць у шлюб, выхоўваюць сумесных дзяцей прадстаўнікі больш як 140 нацый і народнасцяў. «У нашым краі стагоддзямі перасякаліся дарогі розных этнасаў і культур. Мы не толькі стваралі ўласныя духоўныя каштоўнасці, але і ўзбагачаліся творчай спадчынай людзей, якія па тых ці іншых прычынах пакінулі сваю гістарычную радзіму», – сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць глыбока сімвалічнай урачыстую цырымонію «Малітва за Беларусь». «Малітва – гэта не толькі зварот вернікаў да Бога, але і праяўленне шчырых і глыбокіх пачуццяў кожнага з нас і ўсяго беларускага народа да сваёй Радзімы – нашага агульнага дома, аб дабрабыце якога мы штодзень клапоцімся», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Спакон веку найвышэйшай праявай чалавечага духу было пакланенне сваім святыням. Для нас, беларусаў, няма больш вялікай святыні, чым самаадданы подзвіг людзей, якія, не шкадуючы свайго жыцця, абаранялі родную зямлю ад захопнікаў і прыгнятальнікаў. Узносячы малітву аб Беларусі, мы ў першую чаргу схіляем галовы перад загінуўшымі героямі, якія ўпісалі залатыя старонкі ў слаўны летапіс Айчыны», – сказаў Прэзідэнт.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *