Што турбуе пажылых

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

1-га кастрычніка у раённым Цэнтры культуры прайшла сустрэча з кіраўніцтвам раёна, прысвечаная Дню пажылых людзей.

Традыцыйна гэтае мерапрыемства, на якое запрашаюцца прадстаўнікі асноўных службаў і арганізацый раёна, дае магчымасць выслухаць пажылых людзей, дапамагчы ў вырашэнні іх надзённых праблем, а таксама сустрэцца ім са сваімі  знаёмымі і адпачыць падчас выступленняў артыстаў Цэнтра культуры. Гэтыя людзі стваралі наша цяперашняе, яны – «плячо» дзяржавы і заслугоўваюць да сябе самай вялікай увагі.

На Стаўбцоўшчыне, як адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Наталля Лапко, сёння назіраецца дэмаграфічнае старэнне. Кожны трэці жыхар раёна – пенсіянер. Сярод іх павялічваецца і колькасць адзінокіх, адзінокапражываючых. Рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы па сацыяльнай падтрымцы ветэранаў вайны і працы, інвалідаў, па стварэнні безбар’ернага асяроддзя і т. п. Адна з мераў павышэння якасці жыцця пажылых людзей – павелічэнне памеру пенсій і дапамог, выплата розных відаў адраснай дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі і т. п.

Па ініцыятыве раённага савета ветэранаў вайны і працы ўсе ветэраны вайны штогод забяспечваюцца на зіму бульбай. У нарыхтоўцы на зіму бульбы і іншай гародніны, паліва аказваецца дапамога і іншым пажылым людзям. У гэтым істотная заслуга прадпрыемстваў і арганізацый, якія прадугледжваюць аказанне гэтай і іншай дапамогі сваім ветэранам працы ў калектыўным дагаворы. Добра пастаўлена такая работа ў аб’яднанні камунальных службаў, райспажыўтаварыстве, ПМК-233, ААТ «Вялікі Двор», на стаўбцоўскім мясакамбінаце, у электрасетках, цэнтры банкаўскіх паслуг № 624 ААТ «Ашчадны банк Беларусбанк», ААТ «Агранёманскі».

Сёлета ў цэнтральнай раённай бальніцы прайшлі медабслугованне 2 230 чалавек пажылога ўзросту, 31 непрацуючы пенсіянер атрымаў санаторна-курортную пуцёўку, 70 чалавек пралячыліся ў шпіталі для ветэранаў вайны і працы. Тэрытарыяльны цэнтр актыўна працуе з пажылымі людзьмі: праводзяцца абследаванні іх жыллёва-бытавых умоў, прадастаўляюцца паслугі надомнага абслугоўвання, запрашаюць жыць цікава ўніверсітэт трэцяга ўзросту, клубы «Гады – не бяда», «Ліра» і іншыя. У фае Цэнтра культуры акурат была арганізавана выстаўка творчых работ, зробленых рукамі наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. На фоне гэтай прыгажосці работнікі Беларусбанка і Аграпрамбанка прэзентавалі для ўдзельнікаў сустрэчы свае паслугі.            

У адказ на узнікшыя пытанні Наталля Лапко патлумачыла адносна нядаўняга павышэння пенсій. Сума ў кожнага пенсіянера выходзіць рознай – гэта залежыць ад каэфіцыента, з улікам якога прызначалася пенсія. Акрамя таго, аб’яўленае павышэнне распаўсюджваецца толькі на памер працоўнай пенсіі і не закранае надбавак, якія выплачваюцца ў сувязі з дасягненнем 75-ці, 80-ці гадоў.

Цэнтральную раённую бальніцу прадставіла галоўны ўрач Святлана Глебка. Яна азнаёміла з набыткамі бальніцы, якія сёння дазваляюць праводзіць на месцы фактычна ўсе віды ўльтрагукавога даследавання, лабараторных даследаванняў і т. п. (пра іх можна даведацца і з электроннага бягучага радка на ўваходзе ў паліклініку). Пажылыя людзі цікавіліся магчымасцю бясплатна атрымаць паслугі на нядаўна набытым масажным крэсле, адраджэннем паслугі падводнага масажу. Сярод розных інавацый – інтэрнэт-рэгістратура, хаця ніхто не адмяняў і звычайныя тэлефонныя званкі для таго, каб заказаць талончык да ўрача. Выклік «хуткай», у залежнасці ад паказанняў, бывае экстранны (пры прыкметах інсульту, інфаркту) і адтэрмінаваны. Гэта трэба разумець, калі, напрыклад, выклікаеш «хуткую» ў сувязі з пад’ёмам ціску і чакаеш імгненнай медыцынскай дапамогі.       

Шмат пытанняў узнікла вакол тэлефоннай сувязі.  У сувязі з пераключэннем абанентаў на IMS-платформу адбываецца змена тэлефонных нумароў. Даведацца патрэбны нумар можна ў даведачнай службе па тэл. 109 (платная паслуга) або ў аператара па разліках Стаўбцоўскага вузла электрасувязі па тэл. 7-34-15. Працуе і тэлефон гарачай лініі – 7-34-06, служба рамонту – 108, па якіх можна звярнуцца да сувязістаў са сваімі праблемамі.            

У сваім выступленні намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Герасіменка таксама назваў нумар тэлефона – 101. Веданне яго дапаможа ў любой надзвычайнай сітуацыі, бо дыспетчар, пры неабходнасці, пераадрасуе званок у патрэбную службу. Удзельнікі сустрэчы цікавіліся актуальным пытаннем: ці можна спальваць на сваім падворку смецце? Можна, але адлегласць да будынкаў павінна быць не менш за 15 м, каля кастра павінен нехта знаходзіцца і кантраляваць гарэнне, для падстрахоўкі побач павінна быць прыгатавана вядро з вадою. Што рабіць, калі пачынае «пікаць» аўтаномны пажарны апавяшчальнік? Неабходна замяніць батарэйку. Як правіла, яе хапае на цэлы год.

Дзень пажылых людзей бывае раз на год, а ўсім нам вельмі важна, будучы на рабоце, дома або на вуліцы, праяўляць павагу і клопат пра пажылых людзей штодзённа.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *