Супольнасць актыўных і мудрых

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Цёплая сустрэча-акцыя да Дня пажылых людзей была наладжана ў тэрытарыяльным цэнтры сумеснымі намаганнямі чатырох грамадскіх арганізацый – раённай арганізацыі інвалідаў, раённай арганізацыі КПБ, раённага савета ветэранаў і раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Да ўдзелу ў ёй далучыліся ганаровыя госці – першы сакратар Мінскай абласной арганізацыі КПБ Марыя Худая і каардынатар валанцёрскіх праектаў Мінскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Юлія Кнацько.

У зале ў першых радах – шаноўны ветэран Вялікай Айчыннай Сямён Стома. Сёлета 1-га верасня Сямён Мікалаевіч адзначыў свой 90-ты дзень нараджэння. Уладальнік ордэна Славы 3-й ступені і медаля «За адвагу», ён да гэтай пары носіць у сабе асколак варожай кулі… Але, нягледзячы на гэта, ад яго зыходзіць такі аптымізм, чалавечнасць, жыццёвая сіла! Імі ветэран дзеліцца, калі выступае перад моладдзю.

Удзячнасць Сямёну Стому і ўсім пажылым людзям раёна, прадстаўнікам старэйшых пакаленняў, стала лейтматывам сустрэчы. Як трапна заўважыла, адкрываючы яе, старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Зінаіда Катлашэўская, пажылыя людзі – гэта набытак, скарб грамадства, які нам неабходна берагчы, шанаваць. «Мы аддаём даніну людзям мудрым, з вялікім жыццёвым вопытам», – па-свойму паэтычна звярнулася да прысутных старшыня раённай  арганізацыі КПБ Ніна Дубовік. Яе ўзнёслы настрой падхапіла і жаночая група «Святліца» Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік – Алена Каралец), творчасць якой даўно палюбілася жыхарам раёна. Прачытаў свае вершы Яўген Карпуць, член прэзідыума раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы.

«Пажылыя людзі ўяўляюць сабою супольнасць людзей актыўных, неабыякавых да іншых», – даводзіла Юлія Кнацько. Адзін з праектаў з удзелам пажылых людзей, дарэчы, рэалізоўвалі і на Стаўбцоўшчыне. Рэчаіснасць паказала, што валанцёрства прыцягнула ў свой рух нямала людзей менавіта пажылога веку. Карыстаючыся выпадкам, Юлія Кнацько прадставіла новага старшыню раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа – Наталлю Быліновіч, работніка цэнтральнай раённай бальніцы.      

Раённая арганізацыя інвалідаў і іншыя грамадскія арганізацыі ў нашай рэспубліцы дзейнічаюць дзеля таго, каб сталым людзям жылося лягчэй, камфортней. І тут вялікая роля належыць актывістам, аўтарытэтным старшыням пярвічак, такім, як Часлава Душкевіч, Яўгенія Пазняк, Валянціна Мазур. Гэтыя жанчыны былі адзначаны за сваю плённую грамадскую працу. А эстафета паступова пераходзіць да маладзейшых калег. Сярод іх, напрыклад, – Алена Гоцкая, абраная не так даўно старшынёй вішнявецкай пярвічкі. На сустрэчы адбылося і знаёмства з ёю, і яе прэзентацыя: яна выступала ў ролі вядучай, знаходзіла для кожнага ўдзельніка цёплыя незабыўныя словы.     

З віншаваннямі прыехала ў Стоўбцы, горад Міру, і Марыя Худая. Напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь яна яшчэ раз нагадала пра тую патрыятычную работу, якая праводзіцца ў нашай краіне і на Стаўбцоўшчыне, заклікала берагчы на зямлі мір. Ад імя абласной арганізацыі КПБ былі ўшанаваны актыўныя члены раённай партыйнай арганізацыі. Сярод іх – Аляксандр Пілінкевіч, Іван Паляшчук, Генадзь Дубовік. За супрацоўніцтва адзначана галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль.         

Слова было прадастаўлена начальніку аддзела пенсіённага забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлане Каспяровіч, якая адказала на пытанні, што хвалююць пажылых людзей адносна выплаты пенсій і дапамог. 

Удзельнікі сустрэчы атрымалі падарункі ад Чырвонага Крыжа, а таксама ад стаўбцоўскага ўчастка РУП «Мінаблсаюздрук».

На здымках: першы сакратар абласнога камітэта КПБ Марыя Худая ўручае падарунак Аляксандру Пілінкевічу; на памяць з ветэранам вайны Сямёнам Стомам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЦЁПЛЫЯ ПАЧУЦЦІ

Для Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната ветэранаў вайны, працы і інвалідаў Дзень пажылых людзей – асаблівы ў календары і ў графіку жыцця ўстановы. Пад дахам жылых карпусоў пад клапатлівым наглядам знаходзяцца 300 пажылых людзей, якія ў свой час мелі клопат аб сваёй Айчыне на ратным і працоўных франтах. Таму ім сёння – павага і пашана дзяржавы.

Для пажылых людзей у сацыяльнай установе прайшло не адно, а цэлы комплекс мерапрыемстваў. Самым яркім тут адзначаюць свята «Уладар сяла». 12 альтанак на тэрыторыі сацыяльнай установы ператварыліся ў сцэнічныя пляцоўкі, на кожнай з якіх праходзіла сваё дзейства. Надвор’е дазволіла пажылым людзям пабыць на паветры, успомніць свае ўмельствы, парадавацца шчодрым дарам восені.

«Промнік надзеі» – так аптымістычна называлася свята для пажылых людзей пры ўдзеле раённага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі з канцэртнай праграмай Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў.

Гасцінна прымалі ў гэты дзень у доме-інтэрнаце і прадстаўнікоў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны прыехалі павіншаваць пажылых людзей са святам і ўручыць падарункі стагадовым ветэранам працы. Гэта 102-гадовая  Аляксандра Ульянаўна Шавель і 100-гадовая Разалія Станіславаўна Таўстыка. Пад сто падбіраецца век і Варвары Ярафіеўны Кавалеўскай.

Праграму мерапрыемстваў падоўжыла ўрачыстасць за святочным сталом «Зямны паклон вам, ветэраны!».

Дырэктар дома-інтэрната Валянціна Атрушкевіч палічыла сваім абавязкам сказаць удзячнае слова калектыву цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 Беларусбанка. Прадстаўнікі банкаўскай установы на чале з дырэктарам Людмілай Стралкоўскай прыехалі з падарункамі і выдатнай канцэртнай праграмай у выкананні таленавітых працаўнікоў банкаўскага аддзялення.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *