Пад градам галоў

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Для аматара футбола сапраўднае свята – перамога ягонай любімай каманды. Агульнанацыянальным здабыткам стаў поспех барысаўскага БАТЭ ў турніры Лігі чэмпіёнаў – спаборніцтве лепшых камандаў Еўропы. У супрацьстаянні з італьянскай «Рома» нашы ўзялі верх з лікам 3:2. Яшчэ раз даказалі беларускія футбалісты, што на роўных могуць змагацца з прызнанымі лідарамі еўрапейскага футбола.

Перамогу разам з сябрамі па камандзе святкаваў паўабаронца БАТЭ, а не так даўно член стаўбцоўскай каманды «Нёман-Агра» Аляксандр Карніцкі. Відаць, і ён сочыць за турнірным шляхам сваіх землякоў. А чым яны радуюць?

Пасля некалькіх паражэнняў запар, у дваццаць першым туры нашы нёманцы здзівілі не так перамогай над ФК «Валько», як агульным лікам сустрэчы – 9:5. Падобны вынік нават у хакеі рэдкі. Выходзіць, што праз кожныя шэсць-сем мінут варатарам то адной, то другой каманды даводзілася даставаць з сеткі мячы. Тут ужо гледачам не было калі сумаваць. Толькі любуйся галамі на розны капыл. Зразумела, перыядычнасць выніковых атак была неаднолькавай. Лік адкрылі госці, нашы хутка яго зраўнялі, потым зноў прапусцілі, устанавілі раўнавагу – 2:2. А далей пайшло – чатыры галы запар, і лік ужо 6:2 на карысць стаўбчан. Перавага ў чатыры мячы нёманцаў захавалася да  канца гульні, але канчатковы вынік стаў ужо 9:5.

Перамагаем тады, калі забіваем галоў больш, чым сапернік, і ўзнагародай становяцца тры ачкі – такая простая арыфметыка футбола. Такім чынам, на рахунку «Нёмана-Агра» цяпер 30 ачкоў, столькі ж у «Забудовы-Буд» і «Віліі». 28 ачкоў у каманды «СМІ аўтатранс» са Смалявіцкага раёна, куды і накіроўвае цяпер стаўбчан каляндар спаборніцтваў. Такія, выходзіць, у нашых ігракоў сапернікі ў барацьбе за месцы з шостага па дзясятае.

А ўжо чацвёртае-пятае месцы, дзе назапашваюць сілы для скачка на п’едэстал дзяржынскія ФК «Валько» і «Лівадзія-Юні», прама скажам, наўрад ці дасягальныя. Апярэджваюць яны стаўбчан за пяць тураў да завяршэння адпаведна на 9 і 8 ачкоў. У «Коласа» 45 ачкоў, у «ДЮСШ-4» – 43, у ФК «Старыя Дарогі» – 40. Гэта ўсе прэтэндэнты на званне чэмпіёна-2015 і прызоў першынства Міншчыны.

І што цяпер нашым? Гуляць у футбол, імкнуцца да перамогі ў кожным матчы, дапамагаць набываць вопыт маладзейшым. А трывалая аснова для далейшага рыўка, больш паспяховага наступнага сезона ёсць. Чатыры мячы ў вароты сапернікаў у згаданай сустрэчы правёў Дзмітрый Даўбейка, на рахунку якога ўсяго 22 галы за сезон – лепшы вынік у спаборніцтве бамбардзіраў. Трыма галамі адзначыўся таксама ўмелы наш нападаючы Аляксей Рудзянок. Умеюць нашы гуляць прыгожа, толькі б гэта стала стабільнай рысай, а не чаргавалася з бязвольнымі паражэннямі.

Ф. ФЯДОТАЎ

 

НЕ БЕГАМ АДЗІНЫМ

Прыемная традыцыя: юныя лёгкаатлеты Стаўбцоўшчыны вяртаюцца са спаборніцтваў з прызавымі ўзнагародамі. Ураджайным для нас стала і першынство вобласці, якое праходзіла ў Мінску. Бегавая дыстанцыя ў 1000 метраў пераможна пакарылася Аляксею Вяршыніну. Адметна, што вышэйшую прыступку п’едэстала гонару заняў вучань сельскай сэрэдняй школы – Вішнявецкай. Навучэнка гімназіі № 1 г. Стоўбцы Ксенія Гацура таксама апраўдала свой аўтарытэт здольнай спартсменкі. У сярэдняй узроставай групе ўдзельнікаў (2000-2001 г. н.) яна заняла другое месца на дыстанцыі 600 метраў. У малодшай групе, дзе спаборнічалі дванаццаці-трынаццацігадовыя спартсмены, не было роўных у бегу на 60 і 300 метраў Данілу Нашчынцу. Вучань стаўбцоўскай гімназіі дабавіў да свайго «паслужнога спіса» яшчэ дзве вышэйшыя адзнакі. На кіламетровай дыстанцыі трэцяе прызавое месца ў Аляксея Нятрэбы, які займаецца ў СШ № 3 г. Стоўбцы.

Наладзіць трэніровачны працэс па бегу, відаць, прасцей, чым навучыць дзяцей, спартыўным тэрмінам, тэхнічным відам лёгкаатлетычнай праграмы. Стаўбчане пакуль могуць толькі зайздросціць магчымасцям спартыўных школ гарадоў, дзе ёсць і абсталяваныя сектары, і спецыялізаваныя групы з вопытнымі трэнерамі. Таму энтузіязм нашых настаўнікаў, сярод якіх у ліку першых варта назваць Анатолія Турчановіча, заслугоўвае пахвалы. Сведчаннем эфектыўнасці работы з’яўляюцца перамогі і на гэтым першынстве вобласці.

Станіслаў Баханкоў паказаў лепшы вынік у кіданні молата і стаў другім у штурханні ядра. Далей паляцела толькі ядро ад Паўла Грыгаровіча, у якога яшчэ і другі вынік у кіданні кап’я. Усе яны займаюцца ў трэцяй школе горада, якая справядліва лічыцца ў нас спартыўнай.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *