Чаму я іду на выбары

Выбары 2015 Нумары

image_pdfimage_print

Мы працягваем апытанне жыхароў нашага раёна аб іх адносінах  да галоўнай падзеі ў нашай краіне – выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Таццяна Шыбко, спецыяліст І катэгорыі Наваколасаўскага сельвыканкама:

– Як член участковай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Коласаўскага ўчастка для галасавання № 10 у апошні дзень перад выбарамі магу засведчыць: сустрэчы з выбаршчыкамі паказалі, што мае землякі галасуюць за мір, спакой на нашай зямлі, за тое, што іх сыноў не адпраўляюць у  гарачыя кропкі выконваць інтэрнацыянальны воінскі абавязак, што прапаганда здаровага ладу жыцця ўведзена ў дзяржаўны прыярытэт, што ажыццяўляецца мэтанакіраваная сацыяльная палітыка па падтрымцы шматдзетных сем’яў і дзяцінства, дзяржаўным клопаце пра старасць. Прыемна назіраць на кожных выбарах на нашым участку, што ў большасці выбаршчыкі прыходзяць галасаваць сем’ямі,  і гэта з’яўляецца добрым прыкладам для дзяцей, якія з маленства выхоўваюць у сабе пачуццё асабістай адказнасці за будучае сваёй краіны.

Марына Прымакова, выхавацель ясляў-сада № 2 г. Стоўбцы:

– Удзел у выбарах – абавязак кожнага, не павінна быць раўнадушных, калі вызначаецца будучае нашай краіны. Мы павінны выбраць такога прэзідэнта, які б правільна, мудра, як верны сын сваёй Айчыны кіраваў нашай дзяржавай, каб Беларусь была аўтарытэтнай на сусветнай арэне, моцнай, працвітаючай, каб аб нашай краіне ведалі. Для нас важна, каб у краіне было камфортна і радасна жыць. Маё жыццё звязана з дзецьмі – і ў сваёй сям’і, і на маёй рабоце. Дзеці – будучае нашай краіны. У нашай сям’і мы думаем аб тым, каб даць сваім дзяўчынкам добрую адукацыю, і калі прыйдзецца вучыць іх платна, каб нашы заработныя платы дазвалялі гэта выканаць.

Леакадзія Кобрык, стаўбчанка:

–              За сваё жыццё я не адзін раз удзельнічала ў выбарах. Адношу сябе да актыўных членаў нашага грамадства, люблю справядлівасць. Кожны раз выбары – гэта святочны, узрушаны дзень. А выбары прэзідэнта – сапраўдная падзея. У перадвыбарныя дні я гляджу тэлевізійныя перадачы, знаёмлюся з праграмамі кандыдатаў. У мяне ёсць дзеці, унукі, і, вядома ж, я думаю аб іх будучыні. Рада, што бацькі развіваюць здольнасці ўнукаў, не магу нарадавацца на іх поспехі. Хочацца дажыць, пабачыць, якія яны выберуць прафесіі. Каб нашы мары спраўдзіліся, патрэбна абавязковая ўмова – у краіне  стабільнасць, мірнае жыццё. І гэта самае галоўнае. З узростам усё больш пачынаеш разумець каштоўнасць гэтага.

Сяргей Лапко, вадзіцель, жыхар вёскі Аталезь:

– Я другі раз буду ўдзельнічаць у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.  Лічу гэта сваім грамадзянскім абавязкам. Па вялікім рахунку, удзельнічаючы ў галасаванні, мы выбіраем будучае сваёй краіны. Я ўжо азнаёміўся з перадвыбарнымі праграмамі кандыдатаў у прэзідэнты. Хачу адзначыць, што вельмі актыўна ідзе падрыхтоўка да выбараў, у насельніцтва ёсць шырокі доступ да ўсёй неабходнай інфарамацыі, якая датычыць выбараў. Усім вяскоўцам паштальён прынёс раздрукаваныя праграмы канадыдатаў у прэзідэнты. Якім бы я хацеў бачыць заўтра Беларусі? Самае галоўнае – захаваць мір і спакой на нашай зямлі, каб не было вайны. Хацелася б, каб кожны беларус меў магчымасць працаваць па абранай спецыяльнасці і каб яго праца была дастойна аплачана.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *