Сустрэча з выбаршчыкамі Новага Свержаня

Выбары 2015 Нумары

image_pdfimage_print

У панядзелак у Навасвержанскім цэнтральным Доме культуры прайшла сустрэча выбаршчыкаў з даверанай асобай кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, старшынёй СВК «Агракамбінат «Сноў» Мікалаем Радаманам.  

– Будучы старшынёй праўлення СВК «Агракамбінат «Сноў», членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і старшынёй савета аграрыяў Мінскай вобласці, мне шмат прыходзілася выязджаць у рэгіёны рэспублікі, наведваць прадпрыемствы, таму магу з упэўненасцю сказаць, што за апошнія два дзясяткі гадоў праведзена сур’ёзная работа. Кардынальна змянілася аблічча краіны, – зазначыў Мікалай Радаман і выказаў свой пункт гледжання адносна будучага нашай рэспублікі: – Ёсць два шляхі: першы – шлях адзінства, згоды, міру і стварэння, і другі, які можа спасцігнуць краіну, – вяртанне да пачатку 90-х гадоў, як вы памятаеце, з пустымі прылаўкамі, няўпэўненасцю ў заўтрашнім дні… Нельга страціць тое, што маем. Беларусь у нас адна. Дасягнутая ў грамадстве згода – гэта не толькі заслуга ўлады, а і нашага мудрага народа.   

Аналізуючы асноўныя пункты перадвыбарнай праграмы кандыдата ў Прэзідэнты А. Р. Лукашэнкі, выступоўца падмацоўваў іх канкрэтнымі прыкладамі, лічбамі з жыцця краіны. Разам з тым, размова міжволі скіроўвала да вопыту агракамбіната «Сноў», флагмана аграрнай галіны Беларусі, на прыкладзе якога можна яскрава ўбачыць дасягненні фактычна ва ўсіх сферах жыццядзейнасці –  эканамічнай, сацыяльнай, культурнай. Тым больш, адно з пытанняў да Мікалая Радамана акурат тычылася «сакрэтаў» развіцця вядучага прадпрыемства, на якім працуе каля дзвюх тысяч чалавек (прычым палова з іх – ва ўзросце да 30 гадоў), дзе пастаянна ідзе мадэрнізацыя, будуецца жыллё, адкрыты ў гэтым годзе Дом маладога настаўніка і т. п., а на работу ў кааператыў існуе чарга, конкурс.

– Нашай гаспадарцы ў наступным годзе спаўняецца 65. За гэты час у яе было толькі тры кіраўнікі, – заўважыў Мікалай Радаман. – Галоўны «сакрэт» поспеху – падрыхтаваныя кадры, уменне правільна кіраваць людзьмі, строгая тэхналагічная дысцыпліна. 

Відавочна, гэтыя патрабаванні актуальныя для любога прадпрыемства, якое клапоціцца пра свой заўтрашні дзень. А гэта, безумоўна, укараненне перадавых тэхналогій, зніжэнне сабекошту прадукцыі, пошук новых рынкаў збыту, павышэнне зарплаты працаўнікоў. Не абыдзена ўвагай і тое, што высокатэхналагічная вытворчасць сама па сабе прыводзіць да змяншэння рабочых рук, таму, каб забяспечыць занятасць людзей, неабходна развіваць падсобныя промыслы. 

На фоне тых геапалітычных падзей, што разгортваюцца ў нашых суседзяў, у краінах арабскага свету, узнімаліся міграцыйныя пытанні. «Мы прымаем сем’і з Украіны, даём ім дах над галавой і работу», – падкрэсліў узважанасць, талерантнасць нашай міграцыйнай палітыкі Мікалай Радаман. Размова закранула і тэмы льготнага крэдытавання маладых сем’яў пры будаўніцтве жылля, дэмаграфічнай бяспекі, у прыватнасці, барацьбу з п’янствам. Боль выбаршчыкаў адносна гэтага сацыяльнага зла, як запэўніў Мікалай Радаман, будзе данесены да кіраўніка дзяржавы. Неабходна прыняцце забараняльных мер адносна  продажу і ўжывання спіртнога, але, самае важнае, – выхоўваць людзей, вучыць культуры піцця, а гэта можна зрабіць толькі агульнымі намаганнямі.                       

Ад новасвяржан паступіла пытанне адносна дрэннага стану дарог у населеным пункце. Хаця сёлета была зроблена іх падсыпка, у сезон праводзіцца грэйдзіраванне, гэтага недастаткова, што прызнала і кіраўніцтва раёна. Вырашана, што на наступны год адна з вуліц Новага Свержаня, па якой дзеці ідуць у школу, будзе ўнесена ў план добраўпарадкавання за сродкі дарожнага збору, што выдзяляюцца на раён.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *