Землякі, сябры, суседзі

Крочым па раёне Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

Восень, адарыўшы ўраджаем гародніны,  садавіны, аслабаніўшы палеткі, дала  сяльчанам  нейкі час для  адпачынку. Мінулы суботні дзень жыхары Куля правялі  разам, талакой, дружна  сабраўшыся на  свята сваёй  роднай вёскі. Яна ў гэты дзень была гаманлівай, шумнай, рухавай,  нібы той пчаліны рой. І не дзіўна, бо на такое нячастае  мясцовае свята сабраліся і карэнныя вяскоўцы, і тыя, хто па жыццёвых акалічнасцях выехаў кудысьці  ці  падаўся ў горад. Сёння і сыны, і дочкі, і шчабятлівыя ўнукі – усе былі тут, у гуллівай вясковай талацэ.

Не-не ды ў гаманлівай грамадзе ўсплывала пытанне наконт назвы паселішча – Куль. Так назвалі вёску магчыма таму, што яна знаходзіцца між шырокіх пералескаў, што высяцца на ўзгорках, нібы ў рыбалоўнай прыладзе-кулі. Некаторыя старажылы мяркуюць, што тут шылі дыхтоўныя, зручныя і ўмяшчальныя рагожавыя мяхі-кулі. А, можа, яшчэ таму, што па жніве, увосень, на прыгорках віднеліся  шчыльныя рады кулёў снапоў ды саломы. Усе версіі маюць права на жыццё. Галоўнае, што яны сведчаць аб працавітасці мясцовых жыхароў, багацці краю, самабытнасці  гэтага куточка Стаўбцоўшчыны.

У дзень свята ў вёсцы панавала хлебасольнасць, якая дэманстравалася прама на вясковай вуліцы. Гаспадыні не скупіліся на пачастункі ды прысмакі, якімі ласаваліся і малыя, і дарослыя, з прыцмокамі абмяркоўваючы рэцэпты прыгатаваных страў. Прыемна было крочыць грамадзе пад медныя гукі духавога аркестра па новым асфальтавым  вулічным пакрыцці,  якое дарожнікі зрабілі якраз да свята. Па ім абцасікі маладзіц цокалі, нібы па сталічным праспекце. Па гэтай абноўленай вуліцы ўсе падышлі да помніка мясцовым жыхарам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, шаноўна ўсклалі кветкі.

Што вёска жыве, абнаўляецца, маладзее, відавочна было не толькі па дагледжаных будынках, падворках, але і па шматлікай дзетвары, якая снавала сярод дарослых. Нядаўна стала шматдзетнай і сям’я Алены і Юрыя Дзерандзеевых.

У гэты суботні дзень ушанавалі старэйшую жыхарку вёскі Юзэфу Паўлаўну Цішко, некалі вядомую ў гаспадарцы і раёне звеннявую льнаводчага звяна, якой споўнілася 93 гады. Падзяку за працу са шчырасцю выказаў дырэктар ААТ «Радзіма Дзяржынскага» Васіль Лаўрышчук былым свінарцы Юзэфе Раманоўскай, брыгадзіру Антону Прыёмку, даярцы Ірыне Хомчык. Добрыя словы ўдзячнасці не прамінулі сказаць і настаўніцы Ядвізе Лямбовіч, і былой загадчыцы мясцовай бібліятэкі Аляўціне Бандарэвіч.

Што датычыць конкурсу на лепшы мясцовы падворак, то пераможцаў, пад шчырыя апладысменты прысутных, абвясціў старшыня Літвенскага сельвыканкама Тадэвуш Галавач.  Перамога дасталася сям’і Жолікаў.

Фотарэпартаж Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *