Аддаць голас за сваё і наша будучае

Выбары 2015 Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Заўтра, 11-га кастрычніка, адбудуцца выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Удзел у гэтай важнай палітычнай кампаніі возьме і моладзь Стаўбцоўшчыны. У яе радах заўсёды знаходзіцца тая актыўная частка, якая прыходзіць на выбарчыя ўчасткі не толькі дзеля таго, каб аддаць свой голас за дастойнага кандыдата, а і папрацаваць у складзе выбарчай камісіі, у якасці назіральніка або інтэрв’юера пры правядзенні сацыялагічных апытанняў. Так было і, напэўна, будзе працягвацца і далей.

Што значаць для маладых выбары? За што яны галасуюць? Якім бы хацелі бачыць сваё будучае? Пра гэта мы запыталі ў моладзі Стаўбцоўшчыны.   

Анастасія Калодзінская, першы сакратар раённага камітэта БРСМ:

– Выбары для мяне – гэта свята і, у той жа час рабочы дзень. Свята – таму што ты разумееш значнасць гэтага дня, адчуваеш яго незвычайную атмасферу і ўрачыстасць. Разам з тым, мяне як члена раённай выбарчай камісіі чакае шмат работы, каб выбары прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні. Працаваць буду не толькі да 20.00, да закрыцця выбарчых участкаў, а значна пазней, да таго часу, пакуль будзе сцякацца ўся інфармацыя адносна галасавання і весціся падлік галасоў.

У маім жыцці было ўжо шмат выбараў, ва ўсіх іх, як дысцыплінаваны выбаршчык, я брала ўдзел, але на гэты раз усведамляю асаблівую адказнасць. Выбары прэзідэнцкія, гэта па-першае, а па-другое, раённы камітэт БРСМ рыхтуе назіральнікаў і, ёсць дамоўленасць, будзе садзейнічаць Беларускаму камітэту маладзёжных арганізацый (адной з шасці арганізацый, якія атрымалі акрэдытацыю Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь на правядзенне экзітпулаў) у правядзенні сацыялагічных апытанняў. З ліку моладзі падрыхтаваны інтэрв’юеры. Акрамя таго, на ўчасткі, паводле даных раённай выбарчай камісіі, павінны прыйсці 268 маладых выбаршчыкаў, якія будуць галасаваць упершыню. Пастараемся зрабіць для іх гэтую падзею неардынарнай, запамінальнай.  

Мой заўтрашні выбар, безумоўна, будзе за незалежную Беларусь, за росквіт нашага краю і роднага раёна, за наша шчаслівае заўтра.

 

Аляксандр Гоман, настаўнік матэматыкі і фізікі гімназіі № 1 г. Стоўбцы:

– Гэтыя выбары ў мяне ўжо не першыя, ёсць пэўны досвед выбаршчыка. Я разумею, што яны – важны і адказны крок у будучае нашай краіны, дзе кожны мае права на свой прафесійны і жыццёвы выбар. Мне падабаецца мая прафесія, мае вучні. Рыхтую найбольш здольных да ўдзелу ў алімпіядзе сярод школьнікаў па інфарматыцы. Я спадзяюся на іхні вынік, яны, напэўна, чакаюць выніку, укладанняў ад мяне. Такі ідзе ўзаемны працэс. Хацелася б, каб педагагічная праца прыносіла не толькі маральнае задавальненне, а і стымулявала маладых матэрыяльна. Да заробку патрэбна і падтрымка ў вырашэнні жыллёвых пытанняў, і больш магчымасцяў для самаадукацыі, творчасці. Мне хацелася б прымяніць свае навыкі не толькі ў школе. Напрыклад, цікавіць  будучае інфармацыйных тэхналогій у нашай краіне, іх развіццё. На даны момант я распрацоўваю па заказе фірмы мабільны арганайзер. Працую дыстанцыйна. На гэта ідзе і вольны час, і ночы.  

Галасаваць прыйду на наш Камінтэрнаўскі выбарчы ўчастак. Ён наш, бо якраз і размешчаны ў гімназіі. У дзень выбараў згадзіўся быць інтэрв’юерам, каб даведацца думку іншых аб зробленым выбары. Мне цікава кантактаваць з людзьмі, адчуваць іх настрой і дзякаваць ім за адкрытасць, шчырасць.

 

Таццяна Дзярнейка, мастацкі кіраўнік Старасвержанскага Цэнтра культуры, кіраўнік хору «Нёман»:

– Выбары – гэта заўсёды свята, так скажа вам любы работнік культуры. Людзі ідуць на выбары, і нам прыемна прывітаць іх мастацкім словам. На сваім Cтарасвержанскім участку мы рыхтуем цікавы канцэрт. Хочацца, каб людзі, якія прыйдуць на ўчасткі, узбагаціліся культурна, пайшлі дадому з добрым настроем і незабыўнымі ўражаннямі. Думаю, ім спадабаецца. Звычайна яны нам падпяваюць і нават падтанцоўваюць. З-за таго, што так скрупулёзна рыхтуемся, або, магчыма, што ў маладосці час ідзе вельмі хутка, іншым разам мне здаецца, што выбарамі ці іх набліжэннем напоўнены кожны год нашага жыцця.  Прыгадваю свае першыя выбары. Яны былі прэзідэнцкімі. Мне – 18. На той час – студэнтка каледжа мастацтваў. Тады на ўчастку атрымала падарунак.   

Буду галасаваць за сваё і наша будучае. А будучае – гэта далейшае развіццё, шлях наперад, большае самавыяўленне, ініцыятывы і падтрымка нас, маладых, на ўсіх узроўнях. Як работніку культуры, мне хацелася б расшыраць далягляды, не сядзець на адным месцы. Для гэтага я і сама стараюся: працую ў Цэнтры культуры (ужо шмат дзе пабывалі з хорам «Нёман»!), а таксама ў школе займаюся з дзецьмі тэатральнай творчасцю. Вяду і вясельныя, юбілейныя ўрачыстасці. Жыву практычна без выхадных, пакуль не маю ўласнай сям’і.

 

Віталь Крамко, наладчык паліграфічнага абсталявання КВУП «Стаўбцоўская друкарня»:

– На выбары пайду ў нядзелю, разам з бацькамі. Гэта будуць мае другія прэзідэнцкія выбары. Як і ўсе стаўбчане, галасаваць буду за мірнае будучае нашай краіны. І свой лёс у ёй бачу шчаслівым. Для гэтага мару стварыць уласную сям’ю, абзавесціся жыллём. Ёсць думкі і наконт вучобы – атрымаць спецыяльнасць, звязаную з механікай. У друкарні за чатыры гады працы фактычна самастойна асвоіў прафесіі рэзчыка, наладчыка, друкара. Работы шмат. Вось і перад выбарамі выконвалі заказ на выраб запрашэнняў на выбары тыражом 20 тысяч.

Я за тое, каб зброя нідзе не страляла, каб яна калі і была ў нашых руках, то  толькі як хобі, захапленне. Справа ў тым, што ў мяне ёсць цікавасць да страйкбольнай зброі. Яна зроблена з рэальных матэрыялаў, мае цалкам сапраўдны выгляд, але… не страляе. У мяне такая зброя-макет, зброя-гульня абудзіла цікавасць да гісторыі і, магчыма, да паглыблення ў маю любімую навуку – механіку. Напрыклад, даражу пісталетам-легендай – Кольт М1911А1, які ўпершыню прымяняўся падчас Першай сусветнай вайны. Праз зброю можна вывучаць гісторыю войнаў, спазнаваць іх забойную сілу, каб яшчэ больш любіць мір і радавацца мірным планам.

 

Кацярына Грамак, вядучы эканаміст філіяла ДБУ № 29 ААТ «ДБТ № 7»:

– Так вырашыла для сябе, што прынцыпова прыходжу на выбары ў асноўны дзень. Таму менавіта заўтра буду аддаваць свой голас і, паралельна, папрацую ў якасці інтэрв’юера сацыялагічнага апытання. У маім жыцці гэта ўжо трэція прэзідэнцкія выбары. Першыя выпалі якраз на такі перыяд, калі з’яўлялася студэнткай Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін. І, больш таго, тады, у 2005 годзе, мне пашчасціла прысутнічаць на цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта, бачыць усю ўрачыстасць на свае вочы. Гэта было першае значнае мерапрыемства, на якім я аказалася, будучы ў Мінску.

Свой голас, зразумела, аддам за тое, каб наша краіна развівалася, было больш магчымасцяў  для яе эканамічнага росту. На нашым прадпрыемстве, на шчасце, дастаткова аб’ёмаў работ, заказчыкаў. А ёсць работа – значыць, ёсць і заробак, калектыў задаволены. Заробак, напэўна, – першае і самае галоўнае пытанне, якое цікавіць любога работніка і служыць яму стымулам працаваць лепш, эфектыўней. Эканамістам я працую сем гадоў і ведаю, што гэта менавіта так. Мне падабаецца мая работа, хаця думаю атрымаць і другую вышэйшую адукацыю. Упэўнена, што інтарэс можна знайсці ў любой сферы дзейнасці, у грамадскай рабоце –  было б жаданне прынесці карысць сабе і іншым.               

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *