Крокі пяцігодкі

Нумары Улада. Слова. Справа

image_pdfimage_print

БУДАЎНІЦТВА

Значная ўвага ў раёне удзяляецца пытанням работы будаўнічага комплексу, у тым ліку жыллёваму будаўніцтву, стану інжынерна-транспартнай інфраструктуры, камунальнай гаспадарцы. За 2011-2014 гг. арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці на інвестыцыйныя мэты ў эканоміку раёна накіравана 212,8 млрд руб. З агульнага аб’ёму інвестыцый на будаўніча-мантажныя работы накіравана 119,6 млрд руб.  У 2011-2014 гг. уведзена ў эксплуатацыю 100,4 тыс. кв. м жылля, пабудавана 8 дамоў ЖБК на 560 кватэр. У 2015 годзе ўведзены ў эксплуатацыю дзіцячы дом сямейнага тыпу (236 м кв.), у 2014 годзе пабудаваны 24-кватэрны дом сацыяльнага карыстання.

Нягледзячы на дастаткова высокія тэмпы будаўніцтва жылля, на ўліку ў райвыканкаме стаяць 1846 чалавек, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. З 2012 года фарміруюцца ЖБК, жадаючым прапаноўваецца будаўніцтва шматкватэрнага жылля па дзяржзаказе ці ўчасткі пад індывідуальнае будаўніцтва.

Сёння ёсць 389 свабодных участкаў, у тым ліку ў Стоўбцах – 136.

За апошнія гады праведзены мерапрыемствы па добраўпарадкаванні нашага горада і раёна. Палепшаны тэхнічны стан дарожна-вулічнай сеткі, прыведзены ў належны стан многія фасады будынкаў і прылеглыя тэрыторыі. За 2011-2014 гады капітальна адрамантавана 12 км мясцовых дарог (14,8 млрд руб.), бягучы рамонт пакрыцця зроблены на 14,7 км (8,8 млрд руб.).

Штогадова плануецца і выконваецца капітальны рамонт жыллёвага фонду, які  знаходзіцца на балансе РУП «Стаўбцоўскае АКС», у аб’ёме тры тысячы квадратных метраў. Гэтая работа выконваецца ў комплексе з мадэрнізацыяй фасадаў (уцяпленне сцен з аддзелкай). У бягучым годзе гэта дом у пасёлку Наваколасава па вуліцы Школьнай і тры дамы ў горадзе Стоўбцы па вуліцы Ленінскай.

Выконваюцца работы першай чаргі па забеспячэнні жыхароў новага мікрараёна «Паўночны-2» сеткамі вода-, газазабеспячэння, добраўпарадкаванні вуліц і праездаў. Работы другой і трэцяй чэргаў будуць працягнуты ў 2016-2017 гадах.

З мэтай паляпшэння санітарнага стану сельскіх населеных пунктаў раёна ўстаноўлена 402 кантэйнеры для збору цвёрдых бытавых адходаў, у тым ліку 164 – у  бягучым годзе. Ліквідаваны несанкцыянаваныя звалкі. Набыта 11 адзінак новай тэхнікі для вывазу адходаў (у 2015 годзе – дзве).

У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў па праграме энергазберажэння за чатыры гады Стаўбцоўскім АКС праведзена замена цеплатрас на пі-трубы ў колькасці 19,2 км. Уведзены ў эксплуатацыю кацельні ў вёсках Новы Свержань, Вялікі Двор, пасёлку Наваколасава. Рэканструявана кацельня ў аграгарадку Дзераўная.

Трэба адзначыць, што з году ў год павялічваецца і ўзровень газіфікацыі раёна. За 2011-2014 гады газіфікавана 14 вёсак. З кожным годам гэты спіс папаўняецца.

Добраўпарадкаванне вуліц, пасёлкаў, вёсак, водазабеспячэнне, газіфікацыя вядуцца па складзеных планах чарговасці, з якімі жыхары горада і раёна могуць пазнаёміцца праз газету «Прамень».

Па ініцыятыве Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта штогадова праводзяцца раённыя суботнікі. Грошы, заробленыя працоўнымі калектывамі раёна на суботніках, ідуць на добраўпарадкаванне горада і вёсак.

ІНВЕСТЫЦЫЙНЫЯ ПРАЕКТЫ

У раёне ў апошнія гады паспяхова рэалізавана шэсць інвестпраектаў. Паводле інвестпраектаў пабудавалі дзве аўтазаправачныя станцыі, рэканструяваны ў пасёлку Наваколасава будынак склада пад цэх дрэваапрацоўкі з будаўніцтвам кацельні і ўстаноўкай сушыльнага комплексу ТАА «Вівалія».

ААТ «Альба» вядзе будаўніцтва таварнай фарэлевай гаспадаркі. Ужо зарыблены малёк. Таму ў наступным годзе будзем чакаць на прылаўках магазінаў фарэль, вырашчаную ў раёне. Завершаны яшчэ два праекты. Гэта стварэнне турыстычнай інфраструктуры пры агратурыстычным комплексе гісторыка-культурнай накіраванасці «Панскі маёнтак» і будаўніцтва цэха па вытворчасці халадзільнага абсталявання СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн». Работа на гэтых аб’ектах працягваецца. Пашыраецца спектр паслуг, якія аказвае СФК «Панскі маёнтак», пабудаваны другі цэх халадзільнага абсталявання СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн».

РОЗНІЧНЫ ТАВАРААБАРОТ

Рознічны тавараабарот гандлю за чатыры гады павялічаны да ўзроўню 2010 года на 61,5 працэнта.  Сфера гандлёвага абслугоўвання насельніцтва раёна прадстаўлена сеткай гандлёвых арганізацый і аб’ектаў гандлю індывідуальных прадпрымальнікаў. У раёне 285 магазінаў з агульнай гандлёвай плошчай 21,6 тыс. кв. м , 53 агульнадаступныя аб’екты грамадскага харчавання на 3632 пасадачныя месцы.

Забяспечанасць насельніцтва гандлёвымі плошчамі на тысячу чалавек складае 544 м кв. (пры нарматыве 600 м кв. да 2015 года). Павялічваецца колькасць сучасных гандлёвых фарматаў і, адпаведна, памяншаецца доля продажу на рынках і ў кіёсках, што азначае выхад на больш высокі ўзровень гандлёвага абслугоўвання насельніцтва.

Больш за 20 % у гандлі раёна займае стаўбцоўскае райспажыўтаварыства. За апошнія гады змяніўся знешні выгляд і праведзена тэхабнаўленне многіх гандлёвых аб’ектаў. Праведзена мадэрнізацыя 37 гандлёвых аб’ектаў (магазінаў), шасці аб’ектаў грамадскага харчавання, агароднінна-садавіннага склада, пераведзена на самаабслугоўванне 9 магазінаў, адкрыта 8 фірменных секцый айчынных вытворцаў, якія сёння паспяхова функцыянуюць. За лік уцягнення ў гаспадарчы абарот і перапрафілявання вытворчых плошчаў адкрыта пяць гандлёвых аб’ектаў з элементамі франчайзінгу: ААТ «Марк Фармель», «Мир косметики», ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў», ААТ «Світанак», магазін S’klad Брэсцкага ЛГЗ. Штомесячна ў магазінах праводзяцца розныя акцыі па продажу тавараў па зніжаных рознічных цэнах, сезонныя скідкі, скідкі на тавары, набытыя ў вызначаны час работы гандлёвага аб’екта, тавар дня, дзень імянінніка і г. д.

Жыхары вёсак, дзе адсутнічае стацыянарная гандлёвая сетка, 3 разы на тыдзень абслугоўваюцца па графіку 9-цю аўтамагазінамі. У верасні 2015 года закуплена яшчэ два сучасныя аўтамагазіны. Такім чынам, мэтанакіраваная дзейнасць па абнаўленні, мадэрнізацыі, рэканструкцыі кааператыўнай гаспадаркі, прымяненне новых сучасных формаў работы, дазволілі забяспечыць станоўчую дынаміку росту рознічнага тавараабароту гандлю. За 2010-2014 гады гэты паказчык склаў 145,7 % пры прагнозе 144,6 %.

ТРАНСПАРТ

Пасажырскія перавозкі ў раёне здзяйсняе філіял «Аўтамабільны парк № 17» ААТ «Мінаблаўтатранс», які мае 23 аўтобусы. У 2014 годзе парк папоўніўся двума новымі аўтобусамі. У бюджэце бягучага года таксама закладзены сродкі на набыццё яшчэ аднаго аўтобуса.

СУВЯЗЬ

Агульная ёмістасць тэлефонных станцый на 01.01.2015 склала 30,8 тысячы нумароў, што дазваляе поўнасцю задаволіць заяўкі на ўстаноўку тэлефонных апаратаў. У апошнія гады актыўна праводзіцца работа па мадэрнізацыі сеткі тэлекамунікацый: пераход ад меднага кабелю да валаконна-аптычнага, замена аналагавых сістэм перадачы на лічбавыя.

Раённы вузел электрасувязі выконвае задачы па забеспячэнні абанентаў доступам у інтэрнэт. На 01.01.2015 даная катэгорыя абанентаў павялічылася да 7648, прырост за год склаў 823 абаненты. Карыстальнікам тэлефоннай сеткі прадастаўляецца доступ да паслугі інтэрактыўнага тэлевізійнага вяшчання. Колькасць абанентаў лічбавага тэлебачання на 01.01.2015 склала 5276 (дабавілася за год 560 абанентаў).

Індывідуальныя прадпрымальнікі

Малы бізнес займае асобае месца ў структуры эканомікі рэспублікі, раёна, іграе значную ролю ў сацыяльным жыцці насельніцтва, садзейнічаючы фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, росту вытворчасці тавараў, развіццю сферы паслуг, стварэнню новых рабочых месцаў, прыданню эканоміцы стабільнасці і дынамізму.

На працягу апошніх пяці гадоў у раёне актывізавалася работа па стварэнні новых суб’ектраў гаспадарання. Абсалютны прырост да 2010 года склаў 184 новыя юрыдычныя асобы і 243 індывідуальныя прадпрымальнікі.

Паводле вынікаў 2014 фінансавага года доля недзяржаўнага сектара ў фарміраванні кансалідаванага бюджэту склала 26,4 %, у тым ліку прыватных прадпрыемстваў – 20,4 %, індывідуальных прадпрымальнікаў – 6,4 %. Кожны чацвёрты рубель паступае ў бюджэт ад суб’ектаў прыватнай формы ўласнасці, прычым дынаміка паступленняў па штогадовых тэмпах прыросту вышэйшая, чым у дзяржаўным сектары.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *