З Засулля ўкраінскага – у Засулле беларускае

Крочым па раёне Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

У жніўні 2013 года ў рэдакцыю газеты «Прамень» паступіла цікавае пісьмо, дасланае з Украіны. Яго аўтар Уладзімір Бясчасны, як ён рэкамендаваў сябе, журналіст, старшыня Лубенскага медыяклуба звярнуўся з такой просьбай: «Журналісты нашага клуба рыхтуюць серыю публікацый аб аднайменных населеных пунктах, размешчаных на тэрыторыі былога СССР. Сярод такіх і вёска Засулле вашага раёна. Летам мы плануем наведаць беларускае Засулле і падрыхтаваць аб ім публікацыю.

Хацелася б папярэдне атрымаць інфармацыю аб гэтым паселішчы. Спадзяёмся на вашу дапамогу і разуменне. І ў нас, ва Украіне, таксама ёсць Засулле і рака Сула. А якія Засулле і Сула ў Беларусі? Вельмі хочацца хутчэй аб гэтым даведацца і ўбачыць».

Сёлета Уладзімір Бясчасны здолеў прыехаць у Беларусь. Прытым на веласіпедзе, што рабіла маршрут, так бы мовіць, больш набліжаным да жыцця. Велападарожніку ў няспешнай дарозе больш відаць, чым пры руху, скажам на аўтамабілі.

Вярнуўшыся на радзіму, украінскі журналіст падзяліўся ўражаннямі з чытачамі мясцовай газеты і нашага «Праменя».

Зацікавіла Засулле ў Беларусі. Так,  даведаўся, што непадалёку ад Мінска ёсць такая вёска, амаль побач з якой працякае рака Сула. Як жа мне, засульчаніну з-пад горада Лубны на Палтаўшчыне не пабываць там, не пакупацца ў водах беларускай Сулы, не пагутарыць з жыхарамі тамтэйшага Засулля?!

У Беларусь я заехаў з Валыні. Перасёк мяжу ў пункце пропуску «Даманава». Адсюль да Брэста заставалася 130 кіламетраў. Таму на наступны дзень я ўжо быў у горадзе-героі. Наведаць яго, пабываць у легендарнай крэпасці марыў яшчэ ў савецкі час. І вось запаветнае спраўдзілася. Уражанні цяжка перадаць. Гэта проста трэба бачыць.

Паўтара сутак у Брэсце – гэта суцэльны пазітыў. Горад сучасны, ахайны, прыгожы і, што ўразіла, усюды, дзе я быў, на вуліцах – веладарожкі. А людзі якія ветлівыя, шчырыя! Калі я заехаў у Брэст, то звярнуўся да аднаго мужчыны, што важдаўся каля свайго дома, з просьбай растлумачыць, як дабрацца да крэпасці. І калі той даведаўся, што я на ровары прыехаў з Палтаўскай вобласці, гасцінна запрасіў у двор адпачыць і проста, даходліва растлумачыў мне дарогу да Мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Гэта быў патомны чыгуначнік Рыгор Казакевіч, які з нараджэння і па гэты дзень жыве ў родным Брэсце.

Ведаеце, сумнавата пакідаць Брэст. І калі ззаду засталіся яго наваколлі, у думках загадаў – наступным летам прыеду сюды зноў.

Такім чынам, Брэст ззаду, а наперадзе – амаль 400 кіламетраў у Мінск. Дарога, як кажуць у нас, хоць каціся. Яшчэ б! Гэта вядомая «Варшаўка». Сучасны аўтабан з дзвюма палосамі руху ў спадарожным і сустрэчным накірунках. Уздоўж магістралі яркія дарожныя знакі, інфармацыйныя табло, пляцоўкі для адпачынку. Словам, усё як след!

Паводле маіх разлікаў я меўся ў той жа дзень дабрацца да Івацэвічаў. Гэта за 130 кіламетраў ад Брэста. Ехалася лёгка, прыемна. Першы прыпынак зрабіў у Кобрыне – адпачыў, паснедаў. І зноў наперад.

Праз наступныя два дні дарогі праехаў Баранавічы і дзесьці каля васямнаццатай быў на пад’ездзе да Стоўбцаў – райцэнтра Мінскай вобласці. Ехаць туды не прыйшлося, таму што на дарозе з’явіўся доўгачаканы ўказальнік – «Засулле». Дарэчы, на  працягу аўтамагістралі ўся інфармацыя толькі на беларускай і англійскай мовах.

Пакідаю «Варшаўку» і паварочваю налева, на Засулле. Кожны кіламетр цяпер даваўся з усё большым хваляваннем. Якое яно, гэтае Засулле? Як сустрэне мяне? Каго першага ўбачу, з кім буду мець зносіны? Галава ажно кружылася ад гэтых «што? як? дзе?».

І вось наперадзе паказалася нейкае паселішча. Злева ад дарогі роўнай стужкай выстраіліся прыбраныя катэджы. Кожная пабудова не была падобная на суседнюю. Заязджаю ў вёску і бачу, што гэта і ёсць жаданы аб’ект цяперашняга падарожжа. Спачатку справа на абочыне стандартны ўказальнік «Засулле», а крыху далей – яркі шчыт «Аграгарадок Засулле».

Я ў беларускім Засуллі!  Праязджаю некалькі соцень метраў і бачу справа прасторны двор у кветках і сучасны будынак з вялікімі вокнамі. Адразу ж падумаў: школа. Насупраць, праз дарогу, двухпавярховы прыгожы дом. Гляджу на шыльду – Засульская амбулаторыя.

Калі стаў фатаграфаваць школу і амбулаторыю, прыцягнуў увагу мужчыны, які корпаўся ў прыватным двары каля навучальнай установы. Знаёмімся, размаўляем. Высветлілася, што гэта муж дырэктара школы Таццяны Гарановіч. Разам са спадарыняй Таццянай аглядаем школу. Адначасова дырэктар ахвотна распавядае мне пра навучальную ўстанову. Аказваецца, што ў Засуллі школа заснавана ў 1858 годзе, калі было адкрыта царкоўнае вучылішча. З 1864 гэта ўжо Засульскае народнае вучылішча. З 1921 года ў вёсцы працуе сямігодка, а ў 1956 годзе школа становіцца сярэдняй. Зараз у школе 26 педагогаў, акрамя вучэбных планаў увасабляюць у жыццё інавацыйны праект «Рэалізацыя ідэй духоўна-маральнага выхавання на ўроках і пазаўрочнай дзейнасці».

– На жаль, – скардзіцца Таццяна, – штогод памяншаецца колькасць навучэнцаў. Зараз у школе каля сотні выхаванцаў.

Развітваемся, і я еду далей вёскай. Гэта вуліцы Школьная, Цэнтральная, Дружная…

Прыгадваю гістарычныя звесткі, якія атрымаў з энцыклапедычных выданняў. Першыя згадкі пра беларускае Засулле ідуць з ХVI стагоддзя. На працягу практычна ўсяго гэтага стагоддзя тут панавалі татарскія князі – уланы (Улановіч). Некаторы час Засулле знаходзілася ў валоданні Радзівілаў. У 1795 годзе ў ім было 40 двароў і 224 жыхары. У XIX стагоддзі гаспадарамі ў Засуллі былі Крупскія. На 1 студзеня 1870 года ў вёсцы было 155 жыхароў, працавалі царква і школа. Некаторы час вёска была акупіравана немцамі, а з 1919 года тут панавала Польшча. Так працягвалася да 1939 года, калі ў Засуллі была ўсталявана савецкая ўлада.

У гады Другой сусветнай вайны многія засульчане ўдзельнічалі ў партызанскім руху.

Пасля вызвалення вёскі тут адраджаюцца калгасы, і Засулле з кожным годам становіцца багацейшым, сучасным.

Вёска размешчана на тэрыторыі ААТ «Каганец», якое спецыялізуецца на вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і земляробства. У вёсцы пражывае больш за тысячу чалавек, тут больш за 500 домаўладанняў. Да 2013 года быў Засульскі сельсавет, які аб’ядноўваў 13 населеных пунктаў. Ёсць у вёсцы, акрамя сярэдняй школы, філіял музычнай школы, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, пошта, АТС, сетка гандлёвых прадпрыемстваў. Сяляне маюць магчымасць атрымліваць сем відаў бытавых паслуг: рамонт абутку, цырульня, хімчыстка, пральня, пракат бытавой тэхнікі, пашыў адзення, рытуальныя паслугі.

У размове з сялянамі адчувалася, што людзі задаволеныя ўмовамі жыцця. Вось як гаворыць пра гэта карэнная засульчанка Вера Калеснік:

– Ведаеце, у нас спакойна. Працы хапае ўсім. Хто не лянуецца, той і жыве добра. Вось паглядзіце, што ні двор – машына, а то і дзве… А домікі якія прыгожыя…

Згодна з ёй і яшчэ адна сялянка. Гэта Ірына Дзям’янчык. Жанчына хоць ужо і на пенсіі, і дзеці ў парадку, але не сядзіць без справы – кароўку трымае.

Заняпад Засуллю не пагражае і таму, што тут не ўбачыш кінутых дамоў. Многія дамы ў сяле набыты дачнікамі з Мінска. Усе яны добра адрамантаваны, належным чынам утрымліваюцца, асобныя – сапраўднае ўпрыгажэнне вёскі.

Адно людзей турбуе. Пасля рэарганізацыі ў Засуллі не стала сельвыканкама. Цяпер па даведку або іншае – кажуць у вёсцы – прыходзіцца дабірацца да Рубяжэвіч.

Памятнымі месцамі ў Засуллі лічацца мемарыяльны камень паэту, мастаку, скульптару, драматургу, перакладчыку Карусю Каганцу, які пражываў у Засуллі, і помнік 80-ці землякам, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны.

Убачыўшы вёску, пагутарыўшы з яе жыхарамі, спяшаюся да Сулы. У параўнанні з нашай Сулой беларуская кароткая (76 км) і ўпадае ў Нёман. Рыбакам будзе цікава даведацца, што ў беларускай Суле водзяцца стронга, плотка, акунь, шчупак, карп, карась… Спадарыня Ірына Дзям’янчык ахвотна патлумачыла мне, як дабрацца да ракі. Сула з’явілася нечакана, бліснуўшы ў промнях заходзячага сонца сваім нешырокім рэчышчам. Пераехаўшы мост, іду да вады.

Словамі проста немагчыма перадаць тыя хараство і асалоду, якія атрымаў, пагрузіўшыся ў ваду беларускай Сулы. А вада, як сляза, чыстая, празрыстая. А яшчэ халаднейшая за ваду ў нашай Суле. Калі ў Суле пад Лубны тэмпература вады была 24-26 градусаў, то ў Беларусі толькі 8-10. Тут, на беразе ракі, і заначаваў.

На наступны дзень, пасля ранішняга купання, зноў вяртаюся ў Засулле. На гэты раз вырашыў праехаць па новай вуліцы. Як сказала напярэдадні спадарыня Гарановіч, там пражывае некалькі сем’яў-перасяленцаў з Украіны. Хацелася пагутарыць з землякамі. Новая вуліца ў Засуллі з’явілася таму, што вёска трапіла пад прэзідэнцкую праграму адраджэння сяла. Пераважна тут жыве моладзь, якая працуе ў мясцовым ААТ «Каганец».

Крочу па вуліцы – ні адной жывой душы. Відаць, усе на працы. Але вось з аўтобуса, які прыбыў у вёску, выйшла маладая жанчына і накіравалася мне насустрач. Сустракаемся, і высвятляецца, што яна адна з перасяленак з Данбаса.

З яркімі ўражаннямі ад знаходжання ў беларускім Засуллі пакідаю вёску. З Засулля вяртаюся ў Засулле…

Наперадзе амаль 800 кіламетраў дарогі назад па Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцях Беларусі і нашых Чарнігаўскай і Палтаўскай. Такім чынам, цісну на педалі!

Уладзімір Бясчасны, старшыня Лубенского медыяклуба (Украіна)

Фота Васіля Зянько



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *