Мамачка, я абяцаю табе…

На сувязі - рэдакцыя Нумары

image_pdfimage_print

Дзесяць дзён у гэтым годзе раздзяляюць два святы, якія асабліва адзначаюцца ў нашым грамадстве, – Дзень настаўніка і Дзень маці. Вельмі актыўна рэагуюць на гэтыя адметныя ўрачыстасці нашы юныя аўтары.

Вучаніца СШ № 3 г. Стоўбцы Кацярына Ігнатовіч выказала ўдзячнасць усім настаўнікам сваёй школы:  «Дзень настаўніка – гэта свята тых людзей, якія з дня ў дзень дораць нам, вучням, свае веды, сваю любоў і цеплыню. Дарагія настаўнікі, дзякуй вам за цярпенне!  Я жадаю вам  усяго толькі добрага!  Абдымаю нашага класнага кіраўніка  Людмілу Раманаўну Супрановіч. Ніколі не забуду свой першы клас і першую настаўніцу Ірыну Міхайлаўну Нікіціну».

Вершаваным радком цёплыя словы віншавання і добрых пажаданняў адрасавала сваім настаўнікам вучаніца Цясноўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа  імя Ф. Э. Дзяржынскага Ангеліна Ліпніцкая.

Вучань пятага класа СШ № 3 г. Стоўбцы, член гуртка «Юны карэспандэнт» Васіль Зянько таксама вершаваным радком выказаў любоў да трэнера па шахматах Івана Іванавіча Корсака.

Па-ранейшаму актыўнасць праяўляюць члены гуртка «Юны карэспандэнт» Дзераўнянскай СШ. Аляксандра Патапенка адрасуе радкі сваёй маме Алене Віктараўне: «Мамачка, я абяцаю табе, што ніколі не пакрыўджу цябе, засланю ад нягод. Я вельмі хачу, каб свяціліся радасцю твае вочы».

Ганна Сіняўская піша: «Мая мама Наталля Уладзіміраўна працуе дырэктарам Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў. Яна мае шмат розных узнагарод, як таленавіты рэжысёр дзіцячага тэатра. Мы ўсе любім матулю і даражым ёй. Я ўдзячна ёй за ўсё – за яе рукі, за бяссоннныя ночы, за адданае сэрца, за пяшчоту, дабрыню, любоў і проста за тое, што яна ў нас ёсць такая непаўторная».

Аксана Валовіч захапляецца прыгожосцю залатой восені: «Паглядзіце, як восень прыбрала ўсё навокал, колькі колераў радуе вока – залацісты, бронзавы, медны, зялёны, чырвоны, аранжавы… Хутка гэтыя фарбы паблякнуць, таму я так спяшаюся налюбавацца прыгажосцю восені».

Рэдакцыя дзякуе нашым аўтарам  і абяцае, што і надалей ніводнае пісьмо  не застанецца без увагі.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *