Ураджайны год «Вясёлага падворка»

Культура Нумары

Увосень у сельскай мясцовасці прынята падлічваць вынікі сабранага ўраджаю. Падлічвае свой «лаўрэацкі ўраджай» і ўзорны ансамбль народнай песні «Вясёлы падворак» Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў.

Калектыў створаны ў 2006 годзе. З 2011 года ансамблем кіруе таленавіты настаўнік Надзея Зубовіч. У снежні 2013 года мастацкаму дзіцячаму калектыву прысвоена ганаровае званне «ўзорны».

З першых дзён свайго існавання калектыў заваяваў прызнанне гледачоў, мясцовых жыхароў сваім выканаўчым майстэрствам, разнастайнасцю рэпертуару, дзіцячым запалам, непасрэднасцю і любоўю да народнай песні. Традыцыйна ўдзельнікі «Вясёлага падворка» выступаюць перад жыхарамі мясцовых вёсак, горада і раёна, на святах народнай творчасці, удзельнічаюць у аглядах і конкурсах рознага ўзроўню.

З 2012 года ансамбль штогод паспяхова ўдзельнічае ў мерапрыемствах па міжнародным абмене Беларусь – Літва  «Дзіцячая творчасць – без межаў» у рамках праграмы «Дзве краіны – адна песня».

«Вясёлы падворак» – неаднаразовы пераможца рэгіянальнага дзіцячага фестывалю беларускай песні «Альбуцкая крынічка», а салісты ансамбля Надзея Рыцько, Павел Баран, Марына Зубовіч удастойваліся галоўнага прыза фестывалю «Крыштальны жаўрук».

У 2014 годзе на ІV адкрытым музычным конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці «Новое движение» (г. Мінск) ансамбль стаў лаўрэатам  ІІ ступені, на VІІ Міжнародным конкурсе-фестывалі народнай музыкі «Самародкі – 2013» (г. Севастопаль) калектыў атрымаў лаўрэацкі дыплом ІІІ ступені, Гран-пры рэгіянальнага свята-конкурсу дзіцячай творчасці «Калыска талентаў» (г. Клецк).

Вельмі выніковым стаў для ансамбля 2015 год. Салісты Надзея Рыцько, Павел Баран, Марына Зубовіч сталі ўладальнікамі лаўрэацкіх дыпломаў ІІ і ІІІ ступеняў Міжнароднага конкурсу салістаў-вакалістаў у г. Клайпеда (Літва). У красавіку бягучага года на Міжнароднай алімпіядзе «Мой свет мастацтва» (г. Мінск) калектыў атрымаў дыпломы ІІ і ІІІ ступеняў. Напрыканцы навучальнага года  ў Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячага мастацтва «ЛьВёнак» (г. Ліда) артысты старэйшай групы ансамбля сталі лаўрэатамі дыплома І ступені, а  малодшай – лаўрэатамі дыплома ІІІ ступені.

Творчым і паспяховым для мастацкага калектыву было лета бягучага года. Дзве групы (малодшага і сярэдняга ўзросту) прымалі ўдзел у 17-м Усерасійскім фестывалі фальклорных калектываў «Кубанскі казачок» у жывапісным кутку Чарнаморскага ўзбярэжжа курортнага пасёлка Лазараўскае каля горада Сочы.

У гэтым годзе фестываль прысвячаўся 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У фестывалі прынялі ўдзел дзясяткі творчых калектываў Расіі, прадстаўнікі Рэспублікі Адыгея, Рэспублікі Калмыкія, Рэспублікі Паўночная Асеція-Аланія, Рэспублікі Татарстан, Удмурцкай Рэспублікі, Чувашскай Рэспублікі і з іншых месцаў. Вось так шырока была прадстаўлена геаграфія ўдзельнікаў. Праграма фестывалю была вельмі насычанай. Кіраўнікі творчых дэлегацый паўдзельнічалі ў пасяджэнні за круглым сталом па пытаннях развіцця нацыянальных культур. Надвор’е спрыяла рэпетыцыям і канцэртам. Вельмі прадстаўнічым было журы конкурсу пад старшынством мастацкага кіраўніка Кубанскага казачага хору. Па аднагалосным рашэнні саліднага і «зоркавага» журы ХVІІ Усерасійскага фестывалю фальклорных калектываў «Кубанскі казачок» дыпломам лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі «Ансамблі», хоры народнай песні ў малодшай узроставай катэгорыі і дыпломам лаўрэата ІІІ ступені ва ўзроставай катэгорыі ад 14 да 21 года ўзнагароджаны ансамбль народнай песні «Вясёлы падворак». Кіраўнік узорнага калектыву Надзея Зубовіч за вялікі ўклад у зберажэнне і развіццё традыцыйнай народнай культуры адзначана дыпломам. Такім жа дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны і ўдзельнікі вакальнага ансамбля народнай песні народнага хору «Нёман» Старасвержанскага Цэнтра культуры (кіраўнік Іна Пугач).

Галіна ГРЭКАВА, выкладчыца Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *