Без рэкламацый – з усёй Еўропай

Нумары Прамысловасць

image_pdfimage_print

Асноўная асаблівасць вытворча-майстарскага ўчастка «Акінчыцы» Стаўбцоўскага доследнага лясгаса – пастаўкі дрэваапрацоўчай прадукцыі на экспарт. Калектыў зарабляе валюту. Праца лесаперапрацоўшчыкаў па-ранейшаму застаецца прыярытэтнай і, нягледзячы на нестабільнасць эканамічнага рынку, не паддаецца дэвальвацыі.  

За межы рэспублікі накіроўваецца дзве трэці ўсіх адгрузак на ўчастку. Германія, Галандыя, Бельгія, Польшча, Чэхія, Францыя, Італія, краіны Прыбалтыкі – такая шырокая геаграфія.

– Працуем фактычна з усёй Еўропай. Без рэкламацый. Нас заказчыкі ведаюць, – не без гордасці зазначае начальнік падраздзялення Генадзь Клімовіч. Абсталяванне ўчастка загружана на поўную магутнасць. Людзі ўвіхаюцца ў дзве змены.   

За восем месяцаў бягучага года ўчасткам рэалізавана 8 100 м3 піламатэрыялаў (пры плане – 7 300 м3), 752 тоны паліўных гранул і 2 915 м3 ацыліндраваных вырабаў, 302 м3 рыгелю. За сем месяцаў выручка склала амаль 15 мільярдаў рублёў.

Вытворчы рытм на ўчастку адчуваецца адразу, як трапляеш на яго тэрыторыю. На фуры грузяцца піламатэрыялы, ацыліндраваныя вырабы. Увішна спраўляецца са сваёй задачай малады вадзіцель пагрузчыка Дзяніс Махнач. Кіраўніцтва цэха задаволена яго акуратнай работай. Праводзячы вачыма караван з фураў, Генадзь Клімовіч заўважае: «Запатрабаваны і нашы паліўныя гранулы (пелеты). Мы адпраўляем іх з чыгуначнай станцыі ў вагонах».          

Гадоў восем таму менавіта Стаўбцоўскі лясгас быў пачынальнікам у рэспубліцы гэтай новай вытворчасці. Паліўныя гранулы адразу знайшлі свайго спажыўца. Сыравінай для іх служаць апілкі, а гэта адходы ўласнай вытворчасці. «У летні перыяд за суткі выпускаем да 20 тон прадукцыі», –  тлумачыць майстар Андрэй Жылінскі. «Паглядзіце, якія яны! – зачэрпвае з мяха прыгаршчы гранул аператар фарміровачнай машыны Валерый Кузьміч. Валерый Пятровіч лічыцца старажылам – на пелетнай вытворчасці ён з дня заснавання.

Калі пелетнай вытворчасці споўнілася восем гадоў, то ў гісторыі вытворча-майстарскага ўчастка «Акінчыцы» сёлета назіраецца юбілей. «У маі 1995 года ўчастак быў здадзены ў эксплуатацыю», – нагадвае непасрэдны ўдзельнік гэтай падзеі, механік Віктар Ярашэвіч. На яго вачах ідзе развіццё матэрыяльнай базы ўчастка. У апошнія гады, напрыклад, яна папоўнілася круглапільным шматпільным тарцовачным станком мадэлі ТМ-10, які дазваляе атрымліваць з аднаго праходу бруса адразу пяць загатовак. У планах – набыццё сучаснай лініі па перапрацоўцы дробнатаварнай драўніны.

На сучасным абсталяванні працуе Яўген Міцюля. У станочніка самы высокі, шосты, разрад. «Я ўжо прапах дрэвам», – усміхаецца ён у адказ на пытанне пра працоўны стаж. «Такім спецыялістам, як Яўген Міцюля, можна даверыць самы складаны заказ», – дадае майстар дрэваапрацоўкі Андрэй Курак.

Дзяніс Стома на ўчастку не навічок, ён таксама працаваў станочнікам. Але, калі ўзнікла вакансія рамшчыка, згадзіўся перакваліфікавацца. Ужо месяц, як праходзіць тэарэтычны курс у Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Стаўбцоўскага райсельгасхарча і, адначасова, на месцы атрымлівае практычныя заняткі ў вопытных рамшчыкаў – брыгадзіра Валянціна Анісовіча і Сяргея Варанога. Навучанне ідзе паспяхова, сцвярджаюць абодва бакі гэтага працэсу.   

Моладзь прыходзіць на змену вопытным спецыялістам. Сёлета калектыў ВМУ «Акінчыцы» асабліва амаладзіўся.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *