Вось такое воінства – пяць сыноў

Нумары Сям'я

У маі бягучага года яшчэ адна жанчына ў нашым раёне ўдастоена высокай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Маці. Напярэдадні Дня маці мы едзем да Марыны Рыштоўскай у Залужжа.

На гэтым здымку не хапае мужа Марыны Ізыдораўны Аляксандра Віктаравіча, у яго, машыніста экскаватара Стоўбцыгазбуда, раз’язны характар работы з камандзіроўкамі. А таксама двух старэйшых сыноў – Віталя, тэхніка-механіка па спецыяльнасці, які жыве ў Мінску, і Аляксандра, газазваршчыка той жа арганізацыі, дзе працуе бацька. Старэйшыя сыны маюць ужо свае сем’і. Так што на гэтым здымку з поўным правам маглі б быць старэйшая нявестка Ганна і ўнук Уладзіслаў, малодшая нявестка Вікторыя і ўнук Мікіта. Адметна, што хлопцы жонак сабе выбралі з дзяўчат, радавыя карані якіх тут жа, у роднай мясцовасці – Вечатарове і Скамарошках.

Сям’я Рыштоўскіх адметная такой неардынарнай з’явай – Аляксандр Віктаравіч і Марына Ізыдораўна мелі ўжо ўнука, калі ў іх нарадзілася пятае дзіця. Марыне Ізыдораўне было тады 45 гадоў. Яна з усмешкай расказвае аб тым, што ім з мужам вельмі хацелася мець дзяўчынку. А тут нарадзіўся яшчэ адзін хлопчык – пяты. Назвалі яго Ягорам. Ён самы маленькі – два годзікі. Перад ім яшчэ дзевяцікласнік Залужскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа Аляксей і чатырохгадовы Стасік. Вось такое воінства – пяць сыноў і два ўнукі. У сям’і захаваецца такая жартаўлівая гісторыя. Апошняе дзіця Марына Рыштоўская нараджала ў Мінску, так падстрахаваліся медыкі. Медсястра вынесла нованароджанага і хацела падаць сыну. Аляксандр малодшы збянтэжыўся. Усе сумеліся, медсястра тады перадала дзіця бацьку. Аляксандру Віктаравічу было ў той час 49 гадоў. Марына Ізыдораўна працягвае гэтую жартаўлівую гісторыю. Муж нібыта прыстрашыў яе: як народзіць не дзяўчынку, а яшчэ аднаго сына, не паедзе забіраць іх з раддома. Марына Ізыдораўна суцешыла тады яго: «Паглядзіш, які будзе прыгожанькі, так любіць яго будзеш!» І сапраўды, Ягор такі анёлачак, любімец у сям’і. І сыны адказваюць бацькам узаемнасцю. Бацька, калі вяртаецца з камандзіроўкі, не вытрымлівае іх любові, пачынае прасіцца ў іх, каб далі адпачыць.

…Пазнаёмілася Марына Ізыдораўна са сваім мужам, яшчэ будучы студэнткай Мінскага культасветвучылішча (цяпер каледж мастацтваў). Яна сябравала з Аленай Рыштоўскай, роднай сястрой яе мужа, і прыязджала да яе ў госці ў Залужжа. Сама Марына Ізыдораўна родам з Налібак. Выбар прафесіі для яе вызначыў  талент спявачкі. Вясковая дзяўчынка трапіла нават на тэлевізійны конкурс «Красная гвоздика». Так яна ўсё жыццё на сцэне. Са спецыяльнасцю харавы дырыжор Марына Ізыдораўна паспяхова рэалізоўвала свой талент і як салістка, і як кіраўнік песенных вакальных калектываў у мясцовых установах культуры. У сабе яна выявіла яшчэ і талент паэта і кампазітара, з аўтарскімі песнямі ўдзельнічала ў конкурсах і атрымлівала ўзнагароды. У сельскай мясцовасці, дзе не заўсёды хапае спецыялістаў, здольнасці Марыны Ізыдораўны былі запатрабаваны і ў навучальных установах. У Залужскай школе яна спачатку вяла гурткі, а потым давала дзецям урокі музыкі і спеваў. І цяпер, хоць і знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, працягвае эстэтычнае выхаванне маладога пакалення, працуе музычным кіраўніком у дзіцячым садзе. Для Марыны Ізыдораўны прыемная акалічнасць, што яе лепшая студэнцкая сяброўка стала ёй залоўкай і таксама абжылася ў родных мясцінах, прысвяціла сябе працы ў культуры.

Марына Рыштоўская – узор сельскай жанчыны, якая ўмее арганізаваць свой час, не баіцца работы, можа справіцца з дамашнімі клопатамі і за мужа, пакуль той у камандзіроўцы. Гаворыць, што цяпер вельмі аблегчана праца жанчын па доглядзе дзяцей – ёсць машына-аўтамат, памперсы. Ёй ёсць з чым параўнаць – калі гадаваліся старэйшыя дзеці, такіх даброт яшчэ на было. У руках Марыны Рыштоўскай аўтамабіль, яна паспявае адвезці дзяцей. Шматдзетная сям’я скарыстала льготны крэдыт на рэканструкцыю дома, усе арганізацыйныя работы з рамонтам падчас адсутнасці мужа Марыне Ізыдораўне даводзіцца браць на сябе. Для бацькоў радасць, што і сын Аляксандр будуе сабе ў райцэнтры дом.

Яна з удзячнасцю гаворыць пра сваю свякроў Аляксандру Уладзіміраўну, якая жыве праз некалькі дамоў. Бабуля заўсёды выручыць, калі патрэбна панянчыцца з унукамі. Дзеці так яе любяць, не выцягнуць дадому. У бабулі хапае на іх цярпення – кульбу забяруць, а бабуля іх даганяе. Столькі пацехі і смеху дзецям!

У народзе заўсёды казалі, што роды амаладжаюць жанчыну. Гэта пацвярджае і прывабны выгляд Марыны Рыштоўскай. Пажадаем ёй заставацца такой жа актыўнай, прыгожай, радаснай, каб яе мацярынскія надзеі ў адносінах да сваіх дзяцей сталі рэальнасцю.

 

АДЗІНСТВА ДВУХ СВЯТАЎ

Беларусь, адзіная краіна, дзе Дзень маці прыўрочаны да святкавання Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Гэтае свята з’яўляецца данінай глыбокай пашаны і пакланення перад жанчынай-маці, працаўніцай, ахоўніцай сямейнага ачага. Тэматычны Тыдзень маці, які праходзіць у нашым раёне, дазволіць паказаць адзінства гэтых двух святаў – дзяржаўнага і праваслаўнага, устанавіць больш цесную сувязь паміж дзецьмі і маці, адчуць велічнасць і святасць важнейшай місіі жанчыны, звязанай з нараджэннем і выхаваннем дзяцей, усвядоміць яе вялікую ролю ў захаванні і ўмацаванні духоўных каштоўнасцяў, маральных ідэалаў і, перш за ўсё, – сямейных, без якіх немагчыма духоўнае адраджэнне грамадства, паўнацэннае развіццё дзяржавы.

Святочныя богаслужэнні з нагоды Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Дня маці пройдуць і ў храмах Стаўбцоўскага благачыння. Асабліва ўрачысты гэты дзень у Свята-Пакроўскім прыходзе вёскі Аталезь. Сіламі свяшчэнніка Сергія Бегіяна, актыўных прыхаджан і ўсіх жыхароў навакольных вёсак у Аталезі ўзводзіцца храм у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Выканана ўжо шмат работы, будынак накрыты, вядуцца планавыя ўнутраныя работы. І свяшчэннік, і прыхаджане чакаюць дня, калі можна будзе пачаць служыць Літургіі. А пакуль у храме, які знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва, здзяйсняюцца малебны і паніхіды.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

КУПАЕМСЯ Ў ДАБРЫНІ

Мама – самае светлае i чыстае слова на Зямлi. Я вельмi люблю сваю матулю, напэўна, як i кожнае дзiця. Мама для мяне самы блiзкi i родны чалавек. I таму ў гэтае свята, мамiн дзень, для мяне вялiкая радасць сказаць словы падзякi ў першую чаргу сваёй матулi, а таксама i ўсiм мамам вучняў нашага 4 «А» класа. За любоў, за ласку, за бяссонныя ночы, праведзеныя ля нашых ложкаў. За ўсе песнi, якiя гучалi для нас, за ўсе казкi, прыдуманыя i прачытаныя нам, за ласкавыя, смешныя словы, якiмi яны нас называлi. За дабро, якое яны з намi дзялiлi, у якiм яны нас купалi. Кожную нашу радасць яны падзяляюць з намi, нашы слязiнкi пакiдаюць мора слёз у iх сэрцах.

 Мы сталi такiмi, якiя мы ёсць, дзякуючы нашым любімым мамам. Яны ў нас самыя звычайныя i простыя жанчыны, але вельмі сумленныя, прыстойныя i дружныя. Любое свята нашы мамы арганiзоўваюць разам з нашай любiмай настаўнiцай Галiнай Мiкалаеўнай Латушка. У кожную паездку або на экскурсiю мы едзем разам з мамамi.

 I я хачу ў гэты дзень пажадаць маёй матулi i ўсiм мамам нашага класа: «Будзьце з намi заўсёды! Здароўя, шчасця, доўгiх гадоў жыцця!»

Ганна ХАРЫТОНЧЫК, вучаніца чацвёртага класа СШ № 3 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *