Восеньскі дзень год корміць

Нумары Сельская гаспадарка

ЦУКРОВЫЯ КЛОПАТЫ

У ААТ «Жацерава» разам з усімі першачарговымі клопатамі шчыруюць на ўборцы цукровых буракоў. Церабленне іх праведзена ўжо на амаль 250-гектарнай плошчы. Ураджайнасць па сёлетнім засушлівым годзе нядрэнная, каля 300 цэнтнераў з гектара. Актыўна вядзецца вываз караняплодаў на Гарадзейскі цукровы камбінат, прададзена ўжо звыш шасці тысяч тон.

Дбаюць жацераўцы і аб «цукровым» ураджаі наступнага года. Унесена каля 17 тысяч тон арганічных угнаенняў пад бураковы клін 2016-га. Апрацавана 340 гектараў плошчы гліфаўтрымліваючымі гербіцыдамі.

 

КАЛІ БУЛЬБА Ў ПАШАНЕ

Бульбу ў раёне вырошчваюць цяпер не ўсе гаспадаркі. Самыя вялікія, 140-гектарныя плантацыі ў ААТ «Вішнявецкі-агра». Засталося ўбраць яшчэ каля 50 гектараў. Ураджай усё ж не ўражвае – 180 цэнтнераў з гектара. У ААТ «Рубяжэвічы» пад другім хлебам занялі 100 гектараў. Тут ураджайнасць вышэйшая – 250 цэнтнераў з гектара. 70 гектараў са 100 убралі ў ААТ «Радзіма Дзяржынскага», капаюць на круг да 200 цэнтнераў клубняў.  Рэкорднай можна было б назваць ураджайнасць у ААТ «Агранёманскі»  – 575,5 цэнтнера з гектара, але ўвесь бульбяны клін склаў толькі два гектары… У ААТ «Радзіма Якуба Коласа» з кожнага з пяці пасаджаных гектараў накапалі па 306 цэнтнераў.

 

50 ГЕКТАРАЎ ЗЯБЛІВА ЗА ДЗЕНЬ

Паспяхова і ў комплексе вядуцца асеннія сельскагаспадарчыя работы ў ААТ «Каганец».

– Асноўнае на даны момант – пад’ём зябліва і вываз арганікі. Усе работы выконваем сваімі сіламі, – зазначае галоўны аграном гаспадаркі Дзмітрый Вашкевіч.

На пад’ёме зябліва фактычна заняты трое механізатараў, якія разам узнімаюць у сярэднім за дзень да 50-55 гектараў, ці прыкладна 5-6 працэнтаў ад планавага задання. «Пры такіх тэмпах на працягу кастрычніка гэтую работу завяршым», – выказвае ўпэўненасць галоўны аграном. Добрых слоў заслугоўваюць Аляксандр Кавалёў, які працуе на трактары МТЗ-1221 з плугам ППО-440, Захар Шарамет і Іван Малчанаў, якія шчыруюць на энерганасычаных трактарах. Захар праходзіць з прычапным плугам ППО-840, а Іван вядзе безадвальную апрацоўку глебы з дапамогай дыскатара «Топдаўн».

З 25-га верасня, адразу пасля завяршэння сяўбы азімых збожжавых, у «Каганцы» прыступілі да ворыва зябліва. На даны момант звезена салома. Выкапаны цукровыя буракі. Спецыяльнае звяно працуе на вывазцы арганікі. Руплівасці хлебаробаў спрыяе і надвор’е.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *