Спартыўныя дасягненні

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

НА НАДНЁМАНСКІХ ТРАСАХ

Восеньскі лёгкаатлетычны крос па традыцыі зноў стаў масавым. Са школ раёна, каб паспаборнічаць на наднёманскай лугавіне, сабралася больш за 200 удзельнікаў. Сярод іх былі тыя, хто ўжо праявіў сябе ў спаборніцтвах, і, можна сказаць, пачаткоўцы. Усе належна падрыхтаваныя з дапамогай вопытных педагогаў, трэнераў.

Спаборніцтвы праводзілі па ўзроставых групах. У малодшай, дзе выступалі хлопцы і дзяўчаткі, якім па 11-12 гадоў,  на 500-метровай дыстанцыі першынствавалі Карына Татэвасян з сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы і Вадзім Хмель, які займаецца ў Навасвержанскай СШ. Асаблівыя віншаванні пачаткоўцам: тым, чый год нараджэння 2005 і яшчэ маладзейшым. Першыя свае перамогі атрымалі Аліна Чэмка і Данііл Сінкевіч, вучні СШ № 3 г. Стоўбцы.

У сярэдняй групе першыя радкі выніковых пратаколаў занялі Настасся Губар і Арцём Рынкевіч, навучэнцы Налібацкай СШ. Сярод старшакласнікаў найлепшыя вынікі ў Ксеніі Гацура (гімназія № 1 г. Стоўбцы) і Арцёма Пяткевіча (Коласаўская СШ).

Пераможцы і прызёры, зразумела, далі самы большы ачковы ўзнос у камандны залік. Тут упэўнена перамагла каманда СШ № 3 г. Стоўбцы. На другім месцы спартыўны калектыў Рочавіцкай СШ, а на трэцім – Коласаўскай школы. Лепшыя спартсмены рэкамендуюцца да ўдзелу ў абласных спаборніцтвах.

 

ФУТБОЛ – ХЛОПЦАМ РАДАСЦЬ

Хто з хлопцаў не любіць футбол? А ўдзел у спаборніцтвах, тым больш, у першынстве раёна – падзея, якая заўсёды будзе памятнай. Каманды 15 школ раёна на працягу двух дзён аспрэчвалі права называцца мацнейшымі. І тут верх узялі юныя футбалісты з навучальных устаноў горада. У фінале калектыў СШ № 3 г. Стоўбцы перамог сапернікаў з гімназіі № 1. А на трэцім прызавым месцы юныя футбалісты СШ № 2 нашага горада.

Хто з рабят найбольш ярка сябе праявіў? Лепшым варатаром прызнаны Павел Нятрэба (СШ № 3 г. Стоўбцы), абаронцам – Сяргей Болсун (Шашкоўская СШ), нападаючым – Павел Бычынскі (гімназія № 1). Аляксандр Мішук (СШ № 2 г. Стоўбцы) – лепшы бамбардзір, а Ілья Супрановіч з Дзераўнянскай СШ атрымаў прыз сімпатый гледачоў.

 

П’ЕДЭСТАЛ МАРЫНЫ ДАМАНЦЭВІЧ

Звыш 16 тысяч спартсменаў удзельнічалі ў Мінскім паўмарафоне.

Сярод бегуноў былі прафсаюзныя спартсмены. У ліку іх – 26 навучэнцаў спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.

На другой прыступцы п’едэстала галоўнага забегу на 21,195 км у жанчын стала выхаванка прафсаюзнай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы  «Аграбудфірмы «ПМК-74 – Налібакі» Марына Даманцэвіч. Сваёй выпускніцай можа ганарыцца і Дзераўнянская сярэдняя школа. Марына мае перамогі ў многіх спаборніцтвах, у тым ліку міжнародных – чэмпіянатах Еўропы і свету. Яна ўваходзіла ў састаў зборнай Беларусі, якая рыхтавалася да Алімпійскіх гульняў. І гэта, можна сказаць, прафсаюзная перамога, таксама прыемная падзея ў спартыўнай кар’еры нашай зямлячкі.

 

ПАМЯТАЦЬ АБ ПРЭСТЫЖЫ

Вынік выезду каманды «Нёман-Агра» ў Смалявічы прынёс задавальненне і прыхільнікам нашай футбольнай дружыны, і самім ігракам. Стаўбчане на працягу ўсяго матча з клубам «СМІ  аўтатранс» мелі перавагу і заслужана перамаглі – 3:0. Галы на рахунку Дзмітрыя Даўбейкі, Аляксандра Палешчука і Аляксандра Крамко.

Гэты поспех дазволіў толькі замацавацца на шостым месцы ў турнірнай табліцы чэмпіянату Міншчыны. У стаўбчан 33 ачкі, у тых жа, хто стаіць вышэй, – камандаў ДЮСШ-4 з Маладзечна, ФК «Старыя Дарогі» набытак на 10 ачкоў большы, у ФК «Фалько» і «Лівадзія-Юні» – адпаведна 42 і 41 ачко. Яны ўсе прэтэндуюць на прызавыя месцы, а можа нават мараць заняць пазіцыю лідара – «Коласа» з Чэрвеньскага раёна, у якога 48 ачкоў. Гэтыя вяршыні наўрад ці ўжо дасягальныя для «Нёмана-Агра», бо да заканчэння спаборніцтваў засталіся толькі чатыры туры.

Аднак жа турнірная мэта заўсёды ёсць. Цяпер, зразумела, не засмучаць шматлікіх прыхільнікаў паражэннямі, радаваць выніковай гульнёй. Правільна, што трэнер каманды больш давярае моладзі, няхай хлопцы набіраюцца вопыту. А пра магчымасці калектыву сведчаць іншыя паказчыкі выступленняў. У 22 матчах каманда стаўбчан правяла ў вароты сапернікаў 83 галы. 63 і 53 забітыя галы на рахунку адпаведна ДЮСШ-4 і «Коласа». Назад жа цягне статыстыка прапушчаных мячоў – 43. Яшчэ прыклад бескампраміснасці – у каманды «Нёман-Агра» па 11 выйгрышаў і паражэнняў і ніводнай нічыёй. А ў спаборніцтве бамбардзіраў у Дзмітрыя Даўбейкі цвёрдая лідарская пазіцыя – 23 галы. І з такімі хлопцамі здавальняцца роляй сераднякоў?

Але чэмпіянат яшчэ не закончаны. Спадзяёмся, што балельшчыкаў на стадыёне «Юнацтва» нашы футбалісты парадуюць цікавай гульнёй.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *