Быць прыгожай ва ўсім

Гандаль Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Калі пераасэнсоўваць пісьменніка Льва Талстога, то кожная жанчына прыгожая і шчаслівая па-свойму. Без слоў скажуць пра гэта яе абаяльная ўсмешка, далікатныя рухі, сваёй рукой падпраўленая прычоска… Не бывае жанчыны без уласнага вобразу, без нейкай таямніцы, схаванай у куточках вачэй. І для кожнага ўзросту характэрны свае радасці і клопаты.

У стаўбчанкі Валянціны Доўнар, матулі, якая выгадавала траіх дзяцей, у тым ліку дзвюх дочак-блізнят, сёння ўся ўвага сканцэнтравана на любімых унуках, на тым, каб выхаваць з іх добрых людзей. Для дзяцей дапамога матулі, яе мацярынскі вопыт – такая неабходная рэч!

Усюды паспявае Валянціна Аляксандраўна. Амаль тры дзясяткі гадоў шчыруе яна на адным рабочым месцы – на складзе № 4 аптова-гандлёвай базы райспажыўтаварыства (у райспажыўтаварыстве працуе і яе дачка Ірына, якая цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку). Стала добрым спецыялістам, з якім лічацца калегі. Іх невялікі калектыў прымае ад пастаўшчыкоў з усёй рэспублікі бакалею, потым забяспечвае адгрузку тавару і яго своечасовае паступленне ў гандлёвую сетку раёна. Попыт на пячэнне, цукеркі, чай і іншыя далікатэсы – высокі.

Выгрузкі, загрузкі – такая ў работніц склада штодзённая работа, якая нярэдка зацягваецца дапазна… Відавочна, што ў іх спецыфічныя, не зусім прывабныя ўмовы працы… Але калегі адна адной усміхаюцца, гатовы дарыць свой добры настрой іншым. «Наш калектыў можна назваць адной сям’ёй», – звяртае ўвагу Валянціна Аляксандраўна. Яе параўнанне з сям’ёй невыпадковае: сама яна выйшла з вялікай сям’і і разумее, як важна мець у жыцці падобную псіхалагічную падтрымку, абарону, не зважаючы на тое, гэта ёсць твае блізкія ці проста людзі, з якімі звёў лёс, – калегі, сябры, суседзі.

Ураджэнка невялікай лясной вёсачкі на Гродзеншчыне, яна цудоўна прыжылася і ў калектыве райспажыўтаварыства, і ў цэлым на Стаўбцоўшчыне. У знакамітым месцы – у Акінчыцах, непадалёку ад філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, пабудавалі разам з мужам дом. За некалькі дзясяткаў метраў ад яго пачынаецца лес. Прыгожа навокал і зімою, калі елкі здаюцца казачнымі веліканамі, і летам, калі ўсё цвіце, буяе, а слых ловіць гукі жывой прыроды. Калі пройдзеш крыху ўглыб – натрапіш на аблюбаваныя грыбныя, ягадныя паляны.

З маленства ў Валянціны Аляксандраўны склалася асаблівая прыцягальнасць да «ціхага палявання». Грыбоў сям’я Доўнараў назбірвае столькі, што хапае да новага сезона. Калі ўсе збіраюцца разам, гаспадыня рыхтуе з грыбоў фірменную сямейную страву – салату-далікатэс. Такая нагода здарылася, калі Валянціна Аляксандраўна адзначала свой жыццёвы юбілей. Столькі віншаванняў, падарункаў паступіла, што слёзы радасці выступілі на вачах жанчыны. Нішто так не кранае кожнага з нас, як увага, праяўленне павагі і выказаная ад душы ўдзячнасць.  

Нягледзячы на разбег гадоў, хочацца жыць, быць карыснай, любіць людзей і жыццё.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *