Стаўбцоўшчына працоўная

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

Восеньская пара для перапрацоўшчыкаў садавіны і гародніны Стаўбцоўскага філіяла Гарадзейскага цукровага камбіната самая напружаная, так званы час «пік». Усе лініі тут працуюць пры поўнай загрузцы. Станочніца Таццяна Шухтава стараецца, каб духмяныя вітамінныя сокі, джэмы, павідла, расфасаваныя ў рознай вагі і ёмістасці  ўпакоўкі, задаволілі любых спажыўцоў і прыйшліся да стала халоднай зімовай парой. Вырабленую прадукцыю адвозіць Юрый Губар. Увесь тэхналагічны працэс кантралююць вядучы тэхнолаг Алена Жаўняркевіч і загадчыца лабараторыі Алена Катлова.

Фота Васіля Зянько

 

САМАСТОЙНАСЦЬ З НОВЫМ «ІМЕМ»

Стаўбцоўскі мясакамбінат нарэшце набыў статус юрыдычнай асобы і цяпер называецца ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат».

9-га кастрычніка зарэгістравана адпаведнае рашэнне ў раённым выканаўчым камітэце за № 691098545. Гэта – доўгачаканая і знамянальная падзея для перапрацоўшчыкаў і, адначасова, вынік вялікай работы, праведзенай прадпрыемствам. Як вядома, на працягу апошніх трох гадоў, са студзеня 2012 года, мясакамбінат фактычна быў падраздзяленнем у складзе ААТ «Мінскі мясакамбінат».

Набытая камбінатам самастойнасць (ды яшчэ напярэдадні свайго 70-гадовага юбілею!) абяцае многае, а ў першую чаргу – свежы фінансавы імпульс для яго далейшага развіцця і мадэрнізацыі. Адметна тое, што ў новай назве – Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат – адлюстравана і значная асартыментная «мадэрнізацыя» – наладжаны выпуск ад традыцыйных каўбасных вырабаў і паўфабрыкатаў да разнастайных мясных кансерваў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

З ПАШАНАЙ ДА НАСТАЎНІКА

Ветэраны педагагічнай працы нашага раёна, былыя кіраўнікі ўстаноў адукацыі Таіса Цвірка, Валерый Рыжых і Юрый Гота былі ў складзе дэлегацыі калег Мінскай вобласці, якіх ушанавалі  з нагоды прафесійнага свята – Дня настаўніка. Урачыстасць прайшла ў Слуцку.

Педагогам-ветэранам была прапанавана праграма, у ходзе якой яны пазнаёміліся з развіццём сістэмы адукацыі на Случчыне, наведалі Мінскае абласное кадэцкае вучылішча, новы дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці «Сонейка», сярэднюю школу № 8 г. Слуцка, Слуцкі дзяржаўны каледж.

На ўрачыстым пасяджэнні са словамі віншаванняў, добрых пажаданняў да шаноўнай публікі звярнуліся старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак. У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел 102 ветэраны педагагічнай працы, сярод якіх выдатнікі народнай адукацыі, выдатнікі асветы, заслужаныя настаўнікі Рэспублікі Беларусь. У асноўнай колькасці стаж работы ў сістэме адукацыі складае больш за 40 гадоў.

На памяць аб гэтай прыгожай урачыстасці ў педагогаў засталіся добрыя ўспаміны і падарункі.

 

ПУСК У ЗІМУ ДАДЗЕНЫ

Камунальнікі раёна, згодна з рашэннем райвыканкама, пачынаючы з 7-га кастрычніка ўжо падключылі да ацяплення дзіцячыя садкі і школы, жылыя дамы. 

– Падключэнне прайшло нармальна. Узнікаюць іншым разам дробныя пытанні, такія як, напрыклад, запаўненне сістэмы паветрам. Адразу ўхіляем іх, гэтым займаецца наша брыгада на чале з майстрам Сяргеем Касцевічам, – тлумачыць галоўны інжынер аб’яднання камунальных службаў Алег Кухарчык.

Сёлета падчас падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона было выдаткавана 150 мільёнаў рублёў на паверку манометраў, а таксама на набыццё аўтаматыкі на катлы і матэрыялаў для рамонту дахаў на кацельнях. На ўвесь ацяпляльны сезон нарыхтавана дроў – 10 тысяч м куб. З дапамогай падраднай арганізацыі – Белгазбуд – працягваюцца работы па замене састарэлай цеплатрасы на пі-трубу ў Наваколасаве і на двух участках у Стоўбцах, па вуліцах Свярдлова і Энгельса.  

 

АД АДНАРАЗОВАЙ ДА ШТОМЕСЯЧНАЙ

Адрасная дзяржаўная сацыяльная дапамога застаецца адной з эфектыўных мераў матэрыяльнай патрымкі жыхароў раёна.

Як адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ганна Яўсейчык, за дзевяць месяцаў бягучага года штомесячная сацыяльная дапамога была прызначана 75-ці грамадзянам на суму 176,6 мільёна рублёў. Аднаразовую сацыяльную дапамогу атрымалі 46 грамадзян на суму 25,6 мільёна рублёў. На аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі выдаткавана больш за 90 мільёнаў рублёў 44-м грамадзянам. Найбольшую суму пацягнула кампенсацыя выдаткаў на набыццё падгузнікаў – 712,5 мільёна рублёў 354-м грамадзянам. Атрымаць кансультацыю адносна атрымання адраснай дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі можна па тэл. 5-32-84.

Пр

 

СЛЕДЧЫЯ І ПАЛЯЎНІЧЫЯ НА КАРЫСЦЬ… ШКОЛЫ

З’явіўся свежы прыклад цеснага ўзаемадзеяння раённага аддзела Следчага камітэта і раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў».

Ураджэнец Дзяржынска М. учыніў паляванне ў паляўнічых угоддзях таварыства паблізу вёскі Трылес без належнага дазволу, у забароненым месцы, у забаронены час, а таксама забароненымі спосабамі з прымяненнем аўтамабіля. Падчас палявання ён быў затрыманы работнікамі раённай арганізацыйнай структуры таварыства.

Затрыманы грамадзянін, як падкрэслілі ў раённым аддзеле Следчага камітэта,  сваю віну прызнаў поўнасцю і асэнсаваў неправамернасць учыненых злачынных дзеянняў, даваў у ходзе папярэдняга следства праўдзівыя паказанні.

З улікам гэтых акалічнасцяў і беручы да ўвагі тое, што злачынства ўчынена ім упершыню, крымінальны пераслед у дачыненні да яго быў спынены на падставе артыкула 30 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, з прымяненнем мераў адміністрацыйнага спагнання, прадугледжаных часткай 2 артыкула 86 Крымінальнага кодэкса. Такім чынам, парушальнік заплаціў за незаконнае паляванне штраф у памеры 5 400 000 рублёў, якія пайшлі ў даход дзяржавы,  а яшчэ аказаў дапамогу школе № 3 г. Стоўбцы ў пакупцы спартыўнага інвентару на суму 2 400 000 рублёў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *