Для нашай бяспекі

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

АКНО ДАІ. ПАЦВЕРДЖАНА ЭКСПЕРЫМЕНТАМ

Шмат гаворыцца пра патрабаванне Правіл дарожнага руху па абазначэнні святлоадбівальнымі элементамі, катафотамі і камізэлькамі ў цёмны час сутак. Усе ведаюць, але не ўсе, акрамя вадзіцеляў, лічаць гэтыя самыя простыя сродкі абароны ад аўтанаезду сапраўды карыснымі і патрэбнымі. Толькі ў Мінскай вобласці з пачатку года пад коламі загінулі 50 чалавек.

Для таго каб пешаходы і веласіпедысты самі пераканаліся ў карысці святлоадбівальных элементаў, ДАІ Мінскай вобласці правяла невялікі эксперымент на дарозе ў Маладзечанскім раёне. Да ўдзелу ў ім запрасілі каля дзясятка пешаходаў і веласіпедыстаў, якія парушылі вышэйзгаданыя патрабаванні Правіл дарожнага руху.

На прыгарадным участку дарогі, дзе адсутнічае асвятленне, ва ўмовах сустрэчнага раз’езду пешаходам па чарзе прапаноўвалася заняць месца вадзіцеля ў спыненым транспартным сродку і самім паспрабаваць разглядзець чалавека на праезджай частцы ў бліжнім святле фараў.  

Насустрач аўтамабілю даследчыкаў па чарзе рухаліся валанцёры: пешаход у цёмнай вопратцы, не абазаначаны святлоадбівальнымі элементамі, затым – пешаход у светлай куртцы, таксама не абазначаны, і, нарэшце, пешаход, абазначаны, як і належыць, святлоадбівальнымі элементамі. Такія ж даследаванні былі праведзены і з веласіпедыстамі.

Удзельнікі акцыі сваімі вачыма ўбачылі, што ў першым выпадку адлегласць, на якой стаў прыкметны чалавек, склала ўсяго 35 м, у другім выпадку (у светлай куртцы) – каля 70 м. Пешаход жа са святлоадбівальнай павязкай на рукаве быў відзён за 150 м. Пераможцам эксперыменту стаў веласіпедыст, экіпіраваны ў салатавую камізэльку са святлоадбівальнымі ўстаўкамі, у якога і тэхніка была аснашчана катафотамі. Яго назіраць можна было за 200 і больш метраў.

Далей супрацоўнікі ДАІ і пешаходы заняліся звычайнымі арыфметычнымі падлікамі. Так, на хуткасці 90 км/гадз. аўтамабіль за адну секунду праязджае 25 метраў. Пры ўзнікненні на дарозе небяспекі, напрыклад, у выглядзе пешахода, спатрэбіцца на рэакцыю вадзіцеля, нажацце ім на педаль тормазу і спрацоўванне тармазной сістэмы – у лепшым выпадку – 1–1,5 секунды, а гэта ўжо 37 і больш метраў. Таму часцей за ўсё так і атрымліваецца ў начных дарожна-транспартных здарэннях, што вадзіцель нават не паспявае затармазіць. Як правіла, наезды заканчваюцца гібеллю пешахода…

Вынікі эксперыменту ўразілі запрошаных. Яны зрабілі для сябе важныя высновы. Пара зрабіць іх і ўсім астатнім. Пакуль жа, штодзённыя зводкі аб загінуўшых пешаходах…

Алег ЦЮРЫН, начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС  Мінаблвыканкама

 

ПРАВАПАРАДАК. ХУЛІГАНЫ ЎСТАНОЎЛЕНЫ

Аналіз злачыннасці на тэрыторыі раёна паказвае, што за апошні месяц зарэгістраваны чатыры хуліганствы,  тры з іх – у Стоўбцах. Усе асобы хуліганаў устаноўлены.

Падобныя злачынствы суправаджаюцца насіллем, а зачастую і цяжкімі траўмамі для пацярпелых. Да прыкладу, а 19-й гадзіне на вуліцы Паркавай у аграгарадку Горкі грамадзянін Г., будучы нецвярозым, беспрычынна нанёс удар кулаком у твар грамадзяніну Н. Гэтыя і іншыя наўмысныя дзеянні груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць непавагу да іншых, да ўсяго грамадства, таму артыкулам 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за іх прадугледжана крымінальная адказнасць.

Тыповыя прыкметы сучаснага хулігана наступныя: гэта малады мужчына, хутчэй за ўсё – мясцовы жыхар, нярэдка – раней судзімы, які злоўжывае спіртнымі напіткамі. Ад сустрэчы з такім «тыпам» на вуліцы ці паблізу свайго пад’езда ніхто не застрахаваны, аднак ёсць нямала простых рэкамендацый, якія дапамогуць пазбегнуць непрыемнасцяў.

На вуліцы лепш не пагружацца ў свае думкі, а больш-менш удзяляць увагу навакольнай абстаноўцы. Маршрут дадому варта выбіраць не карацейшы, а той, дзе ёсць вулічнае асвятленне, магазіны і іншыя аб’екты. Жанчыне або дзіцяці не раім уваходзіць у ліфт з незнаёмым чалавекам. Трэба быць асабліва абачлівым, калі ў вас просяць пазваніць з вашага мабільнага тэлефона ці, да прыкладу, незнаёмыя прапануюць падвезці вас.

П’яную кампанію на сваёй дарозе лепш абысці ці, урэшце, павярнуць ад яе назад. Не трэба паказваць сваёй боязі, але і весці сябе з выклікам небяспечна. Калі вам пагражаюць, трэба крычаць. Гэта прыцягне да вас увагу іншых і, немалаважна, адпужае нападаючага. Неабходна як мага падрабязней запомніць знешнія прыкметы грабежніка (твар, валасы, вопратку і т. п.) і адразу звярнуцца ў міліцыю. Затрымаць злачынцу прасцей па гарачых слядах, чым праз суткі або нават больш. У райаддзеле міліцыі дастаткова сіл і сродкаў, каб за лічаныя мінуты блакіраваць раён нападу і, згодна з прыкметамі, выйсці на яго.

Юлія БЕЛАВУСАВА, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *