Спайс б’е накаўтам…

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

Стаўбчанін Ц. у свае 24 наўрад ці спадзяваўся, што яго лёс можа так крута перамяніцца – прыгаворам суда яму вынесена пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 10 гадоў з адбываннем яго ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыяй маёмасці.

Улічваючы тое, што сябе ён лічыў звычайным хлопцам, без асаблівых «пантоў», у меру сучасным, які патроху «сядзіць» у камп’ютары, а патроху выходзіць «патусавацца» на вуліцу, і ўся яго ўласна нажытая маёмасць – сціпленькі халасцяцкі набор з мяккага кутка, шафы і тэлевізара (і тых пазбавіўся), прыгавор стаў сапраўдным накаўтам…

Праўда, да бокса малады чалавек ніякіх адносін не мае, а вось да сноўборда – так. Зацікавіўся гэтым відам спорту вельмі спецыфічна – праз відэаролік «Разбэшчаныя дзеўкі на сноўбордзе», які, відаць, так разгарачыў яго кроў і памуціў розум, што ён выклаў яго ў інтэрнэце на сваёй старонцы. Маўляў, няхай і іншыя карыстальнікі сеткі пацешацца-павесяляцца. Адносна зместу гэтага відэароліка зроблена экспертнае заключэнне Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па папярэджанні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці, у якім сцвярджаецца: «Відэаролік утрымлівае сцэны наўмыснай дэманстрацыі аголеных геніталій, у выніку чаго адносіцца да парнаграфічных, прадастаўленых да агульнага агляду і свабоднага капіравання неабмежаванай колькасцю людзей». Было ўстаноўлена, што відэафайл з «парнухай» неаднаразова праглядваўся рознымі карыстальнікамі камп’ютарнай сеткі.               

Так званы аматар «аголеных сноўбардыстак» гэтым не задаволіўся. Даходу ж ад такой парнарэкламы няма. Тым больш, ён нідзе не працаваў, а здымаў з дзяўчынай кватэру ў Мінску. Трэба былі грошы. У пошуках заробку Ц. ступіў на яшчэ больш небяспечны шлях.

Пазычыў у сябра грошай (цікава, што яны былі адпраўлены праз банкаўскае аддзяленне пераводам) і набыў у Мінску ў невядомага высушанае змельчанае рэчыва зялёнага колеру, якое ўтрымлівала ў сваім складзе асабліва небяспечны псіхатроп. Гэта каліва атруты ўмяшчалася ў трох пальцах (31,71 грама), але несці яго дадому ён не рызыкнуў. Схаваў у пад’езде, у праёме ўваходных дзвярэй. Як паказалі суду сведкі, канспірацыю захоўваў Ц. і па дарозе з Мінска ў Стоўбцы – у раёне Яблынаўкі ён выйшаў з аўтамабіля, на якім разам з кампаніяй наведваўся ў сталіцу.   

Асноўныя падзеі пачалі разгортвацца назаўтра з самай раніцы. Не зважаючы на тое, што быў студзень, малады чалавек накіраваўся з сябрамі на возера, што паблізу Заямнага. Рыбалка тут ні пры чым, галоўнае – расфасоўка і продаж набытага спайсу. Хітрасць заключалася і ў яго ўпакоўцы – кулёчкі скручвалі з грашовых купюр дробнага наміналу – 500 і 100 рублёў. У Ц. зазвінеў тэлефон, а неўзабаве пасля званка прыбыў і кліент. Перашкодай для яго не сталі і шматлікія яміны ўздоўж берага, па якіх прыйшлося гнаць сваю машыну. Прывёз з  сабою гарэлку, закуску. Намячаўся пір за  кошт даходаў ад спайсу…

Аднак яму перашкодзілі работнікі міліцыі. Яны затрымалі Ц., у кішэні якога заставаўся нерэалізаваны спайс, прама на возеры.                    

Відавочна тое, што ўсе сведкі, якія потым давалі суду паказанні, так ці інакш выконвалі пэўную ролю ў набыцці і перавозцы спайсу. Яны згаджаліся пазычыць буйную суму –  тры мільёны рублёў, згаджаліся быць у ролі таксіста для паездак па раёне, у Мінск. Згаджаліся рабіць ад свайго імя падазроны грашовы перавод і т. п. Сёння гэтыя маладыя людзі нібыта ні пры чым, ходзяць на волі і неяк жа жывуць без аднаго свайго прыяцеля. Але дзе гарантыя, што заўтра і іх не зацягне гэтая спакуса лёгкіх грошай, інерцыя дзейнічаць «за кампанію», не асабліва задумваючыся пра наступствы?.. Зразумела, усе маладыя людзі ўжо дарослыя, самастойна нясуць адказнасць за свае ўчынкі і дзеянні. Але гэтае злачынства гаворыць і аб тым, што і бацькі, і іншыя блізкія людзі  ў нечым маглі папярэдзіць злачынны «бізнес», а не наіўна купляцца на розныя просьбы і пажаданні, ілюзорна падманваць сябе, што нічога страшнага адбыцца не можа. Даны выпадак паказвае, што да злачынства дастаткова і аднаго, зусім нябачнага, кроку.         

Дзеянні абвінавачанага Ц. былі кваліфікаваны згодна з п. 4 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6 ад 28.12.2014 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў» – за незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне, перавозку і збыт асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў, а таксама згодна з ч. 2 арт. 343 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – за захоўванне з мэтай распаўсюджання і рэкламавання парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт.

З улікам станоўчай характарыстыкі з месца жыхарства і змякчаючай віну акалічнасці – раскаяння маладога чалавека ва ўчыненні злачынства, звязанага са збытам наркотыкаў, ступені грамадскай небяспекі ўчыненага ім, суд палічыў неабходным вызначыць канчатковае пакаранне па сукупнасці шляхам складання. Пры тым, што вызначана дзевяць гадоў пазбаўлення волі за збыт наркотыкаў і два гады – за распаўсюджанне парнаграфічных  матэрыялаў, яму вынесена пакаранне ў выглядзе дзесяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Тэрмін фактычна пачаў адлік раней – пасля затрымання і чатырохмесячнага знаходжання Ц. пад вартай, пакуль вялося следства і адбыўся суд.   

Ёсць над чым задумацца…

Аляксей КУТАС, памочнік пракурора раёна, Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *