Суботнія сустрэчы

Захапленні Нумары

image_pdfimage_print

У СКВЕРЫ ГАРАДСКІМ

Сям’я Александровічаў у выхадныя любіць адпачываць разам. І сонечным восеньскім днём добра прайсціся па горадзе, пабываць у скверыку. Радуюцца дзеці, што бацькі з імі разам, што можна даверыць ім свае сакрэты, падзяліцца навінамі.

Фота Нэлі АСТРЭЙКА

 

УРАДЖАЙНЫ САД

Чым не садовае багацце? Сапраўды, ёсць чым пахваліцца Валерыю Рыжых. Адна з груш на яго садовым участку парадавала восенню зайздросным ураджаем. Плады  важаць больш як па 500 грамаў.

Фота Васіль ЗЯНЬКО

 

МАЛІТВА Ў БРОНЗЕ

Для мяне вялікую цікавасць уяўляюць людзі, прыкметныя ў грамадстве сваімі талентамі, вышынёю службовага становішча, якія адкрыта спавядаюць сваю веру ў Бога. Падчас нядаўняга фестывалю праваслаўнай культуры «Кладзезь», які прайшоў у Стоўбцах, у рамках іншых быў рэалізаваны духоўна-асветніцкі праект «Музыка – выхаванне душы». Стаўбчане і госці райцэнтра мелі магчымасць сустрэцца з прафесійным музыкантам, артыстам Белдзяржфілармоніі, лаўрэатам міжнароднага конкурсу баяністаў, магістрам мастацтваў Багданам Бярозкіным. Музыкант сумяшчае свой прафесійны занятак са служэннем у Царкве – з’яўляецца загадчыкам аддзялення царкоўнага звону Мінскага духоўнага вучылішча. Тыя, хто знайшоў час і жаданне і прыйшоў у гэты вечар на дабрачынны канцэрт у раённы Цэнтр культуры, прызнаваліся, што нічога падобнага да гэтага ім не даводзілася бачыць, яны змаглі адчуць тое, што немагчыма перадаць словамі. Прысутныя пераканаліся, што царкоўны звон – унікальная музычная з’ява, перажылі эфект, які робяць гукі званоў. Нездарма царкоўны звон называюць малітвай у бронзе.

Вечар пачаўся канцэртам царкоўнага звону на пераноснай званіцы на сцэне з 8-мю званамі. Гэта былі аўтарскія кампазіцыі, а яшчэ – дэманстрацыя разнастайных відаў царкоўнага звону: дабравест, святочны трызвон, Чырвоны (Пасхальны) звон, сустрэчны архіерэйскі, вадасвятны, правадны перабор (пахавальны), набат, малінавы звон.

У другім аддзяленні канцэрта Багдан Бярозкін падарыў гледачам віртуознае выкананне лепшых класічных і народных твораў на баяне. У поўнай меры ацаніць яго талент маглі тыя, хто мае музычную адукацыю, у ліку іх – выкладчыкі Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, якія дружна прыйшлі на гэты канцэрт. Прагучалі выдатныя творы Баха, Вівальдзі, народныя матывы. Выканаўца ўзяў у палон залу не толькі таленавітым віртуозным выкананнем на баяне і творчасцю на званіцы, але і сваёй абаяльнасцю. Яго твар свяціўся дабрынёю, мірам, спакоем, любоўю да ўсіх прысутных. Была такой жа і ўся атмасфера канцэртнай праграмы.

Прысутным далі магчымасць пазваніць у званы. Багдан Бярозкін ахвотна згадзіўся даць інтэрв’ю нашай газеце. Перш чым падысці да размовы аб асобе выканаўцы, было б недаравальна ўпусціць момант прыадчыніць дзверцы ў культуру царкоўнага звону.

–       Звон з’явіўся яшчэ да Ражджаства Хрыстовага і прайшоў шлях эвалюцыі да той дасканаласці, якую мае цяпер, – расказвае Багдан Бярозкін. – Людзі даўно заўважылі, што звон валодае такой магічнай сілай, што ад гукаў званоў разбягаецца ўсё нячыстае. Званы ў розныя перыяды па-рознаму гучалі і выконвалі розныя функцыі. У старадаўнасці званы былі свайго роду сродкамі інфармацыі: па іх арыентаваліся тыя, хто збіўся з дарогі ў непагадзь, набат збіраў люд у час бедаў і войнаў, званы званілі падчас эпідэмій. Аб званах той формы, якія існуюць цяпер, ёсць прыгожае царкоўнае паданне. У Італіі жыў епіскап Паўлін Міласцівы. Так яго празвалі за добрае сэрца і добрыя справы. Аднойчы  пасля службы ён быў такі стомлены, што па дарозе ў манастыр прыхіліўся да каменя і задрамаў. У сне яму з’явіліся ангелы, якія трымалі ў руках палявыя кветкі – званочкі. Ад іх ішоў прыгожы меладычны звон. Паўлін Міласцівы прачнуўся, паспяшаўся ў манастыр, выклікаў майстра і папрасіў яго вырабіць звон, які па форме будзе нагадваць палявыя званочкі. Першае ўпамінанне аб званах на нашых славянскіх землях адносіцца да 1066 года. У гэты гістарычны перыяд званы мелі такую каштоўнасць, што іх маглі набыць толькі багатыя княствы і гарады. І гэта быў прызнак заможнасці. Падчас ваенных дзеянняў самым галоўным трафеем было раздабыць звон, а для княства пазбавіцца яго было самай страшнай стратай. Званы, як і самі храмы, перанеслі трагічныя моманты ў сваёй гісторыі ў савецкі час. Царкоўны звон быў наогул забаронены.

–       Багдан Уладзіміравіч, якія абставіны паспрыялі таму, што да царкоўнага звону вы маеце такія непасрэдныя адносіны – і як кіраўнік аддзялення царкоўнага звону, і як музыкант, які стварае гэтую музыку для Бога?

–       У 2000 годзе я закончыў  Беларускую акадэмію музыкі, потым – магістратуру. Калі вучыўся на пятым курсе, даведаўся, што адкрываецца школа званароў пры мінскім прыходзе «Усіх тужлівых Радасць».  Думка пайсці паспрабаваць узнікла дзякуючы маёй жонцы, таксама музыканту, музыкаведу. Я быў у ліку навучэнцаў першага набору. Нас было шэсць чалавек у першым выпуску. У 2003 годзе заснавальнік школы званароў паехаў жыць у Расію. Так з сакавіка 2003 года  мне прапанавалі ўзначаліць школу званароў. Пры гэтым я не пакідаю баян, з’яўляюся салістам Белдзяржфілармоніі, удзельнічаю ў канцэртах у нашай краіне і за мяжою.

–       Вы выступаеце з аўтарскімі праграмамі царкоўнага звону, і вельмі паспяхова, што паказаў сённяшні канцэрт у стаўбцоўскім Цэнтры культуры. Што для вас значыць гэтая творчасць?

–       Так, я з вялікім задавальненнем займаюся царкоўным звонам, ствараю музычныя кампазіцыі. Для мяне асабіста гэта – творчасць для Бога.

–       Раскажыце, калі ласка, аб дзейнасці аддзялення царкоўнага звону .

–       Цэнтралізаванае адраджэнне царкоўнага звону ў Беларусі пачалося напрыканцы 90-х. Наша школа стала дзейнічаць з 2000 года. Мы займаемся падрыхтоўкай званароў для прыходаў, храмаў, манастыроў. Гэта запатрабавана. У бягучым навучальным годзе залічаны 17 чалавек. У школе вячэрняя форма навучання. Можна вучыцца ці працаваць і быць навучэнцам аддзялення званароў. У школе паўгадавы курс навучання. Заняткі праходзяць два разы на тыдзень.

–       Ці абавязковая музычная адукацыя для паступлення на вучобу на аддзяленне царкоўнага звону?

–       У прынцыпе, у кожнага ёсць музычны дар, патрэбна толькі жаданне, каб яго развіць. На аддзяленне царкоўнага звону прымаюцца ўсе жадаючыя па рэкамендацыі прыходаў, манастыроў. Безумоўна, ёсць навучэнцы з музычнай адукацыяй, ёсць тыя, у каго яе няма. Заняткі праходзяць на вучэбнай званіцы ў класе. Для тых, хто мае захапленне царкоўным звонам, праводзяцца конкурсы, фестывалі званароў. Мы іх арганізуем і таксама ў  іх удзельнічаем. Прыемна, што нашы навучэнцы атрымліваюць дыпломы. Аднак галоўная задача – падрыхтаваць званароў для прыходаў. Важна, каб чалавек адвучыўся, а потым у сябе на прыходзе званіў. Добра, калі ў храме з’яўляецца свой голас.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ЯК НЕКАЛІ Ў ЮНАЦТВЕ

Да Дня пажылых людзей у тэрытарыяльным цэнтры прайшло пасяджэнне клуба «Гады – не бяда», адметнае сваёй імправізацыяй.

Члены клуба – гэта тыя актыўныя і жыццелюбівыя людзі, маладосць якіх, сталае жыццё прайшлі ў савецкі час. Менавіта з ім звязаны ўсе іхнія яркія ўспаміны, памятныя моманты, важныя падзеі. Пасяджэнне клуба з назвай «Ад вас бяром успаміны, а сэрца пакідаем вам» акурат і прысвечана было таму, каб разам прыгадаць лепшае з нашага агульнага жыцця, паказаць яго сувязь з цяперашнім часам.

Вядучыя – загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс і работніца Наваколасаўскага Дома культуры Людміла Сінькевіч – адразу заінтрыгавалі прысутных, бо выйшлі ў вобразе… акцябрат, затым – піянераў, камсамольцаў. Членам клуба, як некалі ў юнацтве, прымацоўвалі на грудзі імправізаваныя значкі, яны давалі клятву і з настальгіяй спявалі разам добра знаёмае – «Взвейтесь кострами, синие ночи…», «Комсомольцы-дабровольцы…». Дарэчы, было згадана і пра пераемніка камсамольскіх традыцый – БРСМ, раённы камітэт БРСМ нагадаў пра сябе яблыкамі – сімвалам арганізацыі.      

Уся гэтая імправізацыя, падрыхтаваная пры метадычнай падтрымцы хармайстра Навасвержанскага цэнтральнага Дома культуры Алы Янскай, выклікала ва ўдзельнікаў шквал эмоцый і буру апладысментаў. Успаміны – добрая нагода падзякаваць лёсу за сваё жыццё, за магчымасць жыць далей, быць шчаслівымі і карыснымі. Свой лірычны настрой перадалі ва ўласных вершах члены клуба Аляксандра Бібікава, Мая Жалязняк. Пад акампанемент Валерыя Цеўшчакава спяваў творчы калектыў «Родны кут», створаны з ліку наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

Кожны з прысутных атрымаў сувенір, выраблены рукамі кіраўнікоў гурткоў дэкаратыўна-прыкладной творчасці аддзялення Людмілы Няверавай і Таццяны Шаўчук.            

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *