На тыдні маці

Нумары Соцыум

ОРДЭН МАЦІ – ЗНАК СЛАВЫ

У гэтым годзе прырода падарыла  14 кастрычніка жанчынам-маці яркі, прыгожы, сонечны дзень. Гэта так адчувалася на іх настроі. У стаўбцоўскім райвыканкаме не парушаецца добрая традыцыя ўрачыстага прыёму старшынёю раённага выканаўчага камітэта жанчын, узнагароджаных ордэнам Маці ў гэты святочны дзень. І ў гэтым годзе 10 жанчын нашага раёна атрымалі запрашэнне на ўрачыстасць у райвыканкам.

Наколькі для іх гэта шаноўна, яны паказалі сваім знешнім выглядам – усе былі прыгожа прыбраныя, узрушаныя, ад іх унутранага святла твары былі такія, што мастакі маглі б з іх стварыць вобраз маці.

Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў на цяпло і сардэчнасць жанчын адказаў узаемнасцю. Яго прывітальнае віншавальнае слова было сагрэта прызнаннем подзвігу жанчыны-маці, якія нарадзілі і выхавалі пяць ці нават больш дзяцей. За гэта ім прызнанне і ўдзячнасць грамадства. Юрый Мікалаевіч адзначыў, што палітыка нашай дзяржавы накіравана на падтрымку мацярынства і ахову дзяцінства, ажыццяўляюцца сацыяльныя праграмы па стымуляванні нараджальнасці. У нашым грамадстве ўзрастае роля сям’і, прыкладу бацькоў у выхаванні маладога пакалення.

За кубкам гарбаты за святочным салодкім сталом жанчыны адчулі сябе ў камфортнай абстаноўцы. Завялася душэўная размова аб выхаванні дзяцей, аб аздараўленні нашага грамадства. Юрый Горлаў звярнуў увагу жанчын на выбар прафесіі для сваіх дзяцей. Пераканаўча адзначыў шмат плюсаў выбару сельскагаспадарчых, запатрабаваных на сучасны момант, прафесій. Маладыя спецыялісты маюць перспектывы кар’ернага росту, атрымання жылля, стварэння сваіх сем’яў. Жанчыны былі салідарныя з кіраўніком раёна, прыводзілі прыклады, колькі трэба грошай, каб аплаціць наём жылля ў вялікім горадзе.

Гэты прыём на высокім узроўні даў магчымасць жанчынам задаць свае пытанні, звярнуцца з просьбамі. Іх выслухалі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі. Як слушна заўважыла старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Лапко, у жанчын са шматдзетных сем’яў, як правіла, няшмат просьбаў, заўваг, скаргаў. У іх больш удзячнасці за ўсё. Наталля Лапко па традыцыі прадставіла кожную з жанчын, адзначыўшы не толькі іх заслугі ў высакароднай справе мацярынства, але і ў працоўнай і грамадскай дзейнасці.

Вольга Грышан з Янкавіч – маці пяцярых дзяцей: чатырох сыноў і дачкі. Трое дзяцей ужо «выпырхнулі» з бацькоўскага гняздзечка, двое – яшчэ школьнікі. Да нядаўняга часу Вольга Іосіфаўна працавала сацыяльным работнікам і паказвала ўзор добрасумленных адносін да працы, міласцівага стаўлення да пажылых людзей, якіх абслугоўвала.

Ганна Дземянчук з Жацерава – маці шасцярых дзяцей. Пяцёра з іх маюць ужо свае сем’і і падарылі бабулі ўнукаў. Да пенсіі Ганна Іванаўна працавала ў калгасе «Чырвоны сцяг», цяпер – ААТ «Жацерава».

Аляўціна Івашчанка з Цеснавой – маці пяцярых дзяцей. Яе працоўная дзейнасць была звязана з калгасам «Радзіма Дзяржынскага». Цяпер Аляўціна Уладзіміраўна ажыццяўляе догляд за сынам-інвалідам.

Ірына Крывашэй, аператар машыннага даення ААТ «Радзіма Якуба Коласа», – маці пяцярых дзяцей. Ірына Мікалаеўна і яе муж Канстанцін Канстанцінавіч – таксама выхадцы са шматдзетных сем’яў. Таму для іх шматдзетная сям’я – гэта звычайны ўклад жыцця.

Данута Ройка з Дзянісоў мае чатырох сыноў і дачку. Данута Віктараўна працуе санітаркай у Стаўбцоўскім  псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці.

Праскоўя Садаўнічая з вёскі Тонава – маці пяцярых дзяцей. Некаторыя з іх маюць ужо свае сем’і, у шчаслівых бабулі і дзядулі ўжо трое ўнукаў.

Жанна Ермаковіч з Мікалаеўшчыны мае пяцярых дзяцей, чацвёра з якіх ужо пайшлі ў самастойнае жыццё.

У Софіі Шыенка – чатыры дачкі і сын. У яе ўжо восем праўнукаў і праўнучак.  Софія Аляксандраўна прызналася, што вельмі любіць ездзіць у госці да сваіх дзяцей.

Галіна Чарнецкая з пасёлка Коласава – маці пяцярых дзяцей. Яны ўжо дарослыя і папаўняюць каштоўны сямейны «багаж» унукамі. Галіна Уладзіміраўна працуе касірам на чыгуначнай станцыі. Яна – актыўны член грамадскага аб’яднання «Шматдзетная сям’я».

У гэтым годзе папоўніла склад жанчын раёна, узнагароджаных ордэнам Маці (іх у нас 53), Марына Рыштоўская з Залужжа.  І за гэтым святочным застоллем прысутныя не ўпусцілі моманту пажартаваць над яе сапраўдным багаццем – у яе пяць сыноў. Знаходлівая і адкрытая Марына Ізыдораўна адказала ім сваім жартам, што ўсім спадабалася і зблізіла жанчын.

Ад гэтай сустрэчы маці-гераіням застануцца на памяць падарункі, прыемныя ўражанні. І надзея сустрэцца разам у наступныя Дні маці.

Святлана ЖЫБУЛЬ,

фота Васіля ЗЯНЬКО

На здымку: старшыня райвыканкама Юрый Горлаў і яго намеснік Сяргей Шэсцель уручаюць кветкі і падарунак шматдзетнай маці Вользе Грышан.

 

ЗАПРАСІЦЬ БЫЛЫХ КАЛЕГ НА СВЯТА

Прафсаюзная арганізацыя райспажыўтаварыства працягвае добрую традыцыю – з нагоды Дня маці запрашаць на ўрачыстасць ветэранаў спажывецкай кааперацыі. У гэтым годзе такое свята прайшло ў 13-ы раз і сабрала ў рэстаране «Нёман» каля 40 чалавек – ветэранаў працы ўсіх вытворчых падраздзяленняў, былых кіраўнікоў, вясковых прадаўцоў.

 Як умець весяліцца, радавацца сустрэчы, трэба павучыцца ў ветэранаў спажывецкай кааперацыі. Іх вельмі цёпла і сардэчна прывіталі старшыня прафсюзнага камітэта Валянціна Ліпніцкая, намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства па ідэалагічнай рабоце Галіна Душэўская.

Ветэраны працы не скрывалі сваёй удзячнасці за гэтае запрашэнне на свята, радасці сустрэчы з былымі калегамі, сябрамі. Аб гэтым яны шчыра гаварылі ў сваіх выступленнях.

Раскрыць таленты прысутных дапамагла вядучая – прафсаюзны камітэт наняў жывую музыку. Былі конкурсы, жарты, сувеніры. Можна было паспяваць, патанцаваць.

Для юбіляраў з круглымі датамі, каму споўнілася 60, 70, 90 гадоў, былі падрыхтаваны віншаванні і сувеніры.

Усе прыйшлі да думкі, што такім сустрэчам жыць і далей, бо яны так патрэбныя пажылым людзям.

 

ФАРБЫ ВОСЕНІ І ЭМОЦЫЙ

Дзень маці ўпрыгожваюць не толькі цёплыя пачуцці, але і апошнія фарбы восені. Яны сціплыя, тым і такія дарагія. Адчуць гэты каларыт прыгожага восеньскага свята работнікам цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 Мінскага аддзялення-500 ААТ «ААБ «Беларусбанк» дапамагае адметная традыцыя святкавання Дня маці ў калектыве. Да яе маюць дачыненне ўсе без выключэння члены калектыву.

Ужо не першы год супрацоўнікі кожнага аддзела банкаўскага офіса да Дня маці рыхтуюць кветкавыя кампазіцыі. Творчы позірк, палёт фантазіі дазваляюць заўважыць у прыродзе самыя незвычайныя дэкаратыўныя элементы і выканаць арыгінальныя кампазіцыі восені. Гэта пара года тым і адметная, што можна з чаго пажадаеце прыдумаць і зрабіць прыродную кампазіцыю. У гэтых букетах былі ўсе колеры восені. Іх дапоўнілі і фарбы яркіх эмоцый.

Акрамя восеньскіх букетаў кожны кабінет прадстаўляў і выставу кулінарных і кандытарскіх вырабаў, падрыхтаваных па фірменных сямейных рэцэптах. Іх потым, безумоўна, можна будзе паспрабаваць. А пакуль – усе чакаюць прыходу журы. Прафсаюзны камітэт падрыхтаваў ужо дыпломы – І, ІІ і ІІІ ступені. Як няпроста вызначыць пераможцаў! Аднак галоўнае, не гэта ўзнагарода, а атмасфера святочнага дня. Арганізатарам фларыстычнага шоу і яго ўдзельнікам, без сумнення, удалося стварыць атмасферу сяброўскіх, творчых зносін.

Дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 Людміла Стралкоўская расказвае, што раней адміністрацыя і прафсаюзны камітэт сумяшчалі ў адзін два кастрычніцкія святы – Дзень пажылых людзей і Дзень маці з запрашэннем ветэранаў банкаўскай справы. А потым вырашылі для ветэранаў, сваіх шаноўных калег, выдзеліць асобны дзень, 1 кастрычніка, з заказам месцаў у кафэ. Ветэраны працы ўдзячныя за такі клопат.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *