Поспех – у руках цялятніц

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама адзначылі, што жывёлаводы СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі рйаграсэрвіс» працуюць стабільна – з плюсам да ўзроўню мінулага года.

За кошт чаго дасягаецца рост, мы пацікавіліся ў галоўнага заатэхніка філіяла Ірыны Цярэшка.       

– Добра працуюць нашы людзі, – пачынае з асноўнага Ірына Цярэшка. – У першую чаргу хачу пахваліць калектыў МТФ «Апечкі», дзе загадчыцай працуе Таццяна Высоцкая. У цэлым фермай дасягнута сярэднясутачная прывага ў 480 грам. На МТФ «Аталезь» (загадчыца – Алена Мялешка) сярэднясутачныя прывагі маладняка буйной рагатай жывёлы склалі 509 грам, а маладняку ва ўзросце да аднаго месяца – 670 грамаў. Бясспрэчна, заслуга ў гэтым вопытнай цялятніцы Марыны Яўсейчык. Старанна працуюць жывёлаводы Ніна Янушка ў пары з Людмілай Бурдзейка, Ала Нарановіч у пары з Міхаілам Скорбежам. Каб вазіцца з цялятамі, хапае звычайна жаночага цярпення, а Міхаіл Уладзіміравіч у калектыве – адзіны мужчына, і ён даказаў адваротнае. Ёсць што сказаць і пра  ферму «Семенчыцы», дзе сярэднясутачная прывага склала 625 грам. Тут утрымліваецца маладняк буйной рагатай жывёлы – цяляты, якім споўнілася больш за шэсць месяцаў. Працуе з маладняком старшая рабочая Ганна Касцюк, дапамагае ёй Ларыса Казлоўская.

– Ірына Мікалаеўна, вы назвалі вашу асноўную сілу ў жывёлагадоўлі. А што, на вашу думку, служыць складаемым стабільнай работы, поспеху жывёлагадоўчай галіны філіяла?

– Паказчыкі нашы дасягаюцца толькі дзякуючы людзям, іх намаганням і старанням. Зразумела, ролю іграе і тое, каб дастаткова было кармоў, камбікармоў для жывёлы. Але ўсё-такі, аснова ўсяму – людзі, іх рукі. У іх сёння ненарміраваны рабочы дзень, і бытавыя ўмовы, магчыма, не ўсюды такія, як хацелася б. Стараемся для іх нешта папраўляць, укараняць. Гутарым з людзьмі. Вось у Семенчыцах у нас ферма старэнькая, доўга не маглі падабраць туды кадры. З 1-га жніўня выказала жаданне працаваць тут жанчына-пенсіянерка, былая настаўніца Ганна Касцюк. Мы задаволены яе работай. У Ганны Фадзееўны столькі энергіі! У спалучэнні з дасведчанасцю яшчэ адной работніцы, Ларысы Казлоўскай, у іх усё выдатна атрымліваецца.

Можна прывесці і такі прыклад. На ферму «Апечкі» мы доўга падбіралі кадры. Людзі мяняліся, таму што работа з цяляткамі – у ліку самых цяжкіх у жывёлагадоўлі. Да кожнага, як да малога дзіцяці, трэба падысці і напаіць яго з соскі. Вольга Бычко цудоўна спраўляецца з гэтымі абавязкамі і не толькі. Вольга Юр’еўна лічыцца памочнікам брыгадзіра, але пры неабходнасці можа замяніць і слесара па даенні.

Увогуле без сумяшчэння прафесій у нас цяжка абысціся. Загадчыца апечкаўскай фермы Таццяна Высоцкая працуе яшчэ і як тэхнік-асемянатар. Работа асемянатара вельмі адказная. У памочнікі выдзелілі ёй маладога спецыяліста – ветфельчара Наталлю Сенька. Наталля цяпер знаходзіцца на вучобе, павышае сваю кваліфікацыю. Выдзелілі ёй жыллё.

– У вашу гаспадарку прыбыло многа маладых спецыялістаў?  

– У нас маладыя юрысконсульт Карына Аруцюнян і галоўны эканаміст Варвара Рудніцкая. Усе трое, разам з Наталляй, прыехалі да нас у гэтым годзе па размеркаванні. Дзяўчаты ўсе разам займаюць службовую кватэру. Прыйшоў да нас і малады галоўны інжынер. З маладымі стараемся знаходзіць агульную мову.                      

– Як часта вы бываеце ў сваіх падначаленых на фермах?

– На дзень па некалькі разоў. Неабходна пагутарыць з кожным работнікам. Выслухаць. Знайсці свой падыход.

Гутарыла

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *