Шэсць жыхароў раёна маюць узрост больш за 100 гадоў

Людзі і лёсы Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Можна назваць удачай: у адзін дзень убачыць траіх больш чым стагадовых людзей. Такая сустрэча з доўгажыхарамі нашага раёна адбылася дзякуючы супрацоўнікам раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на чале з дырэктарам цэнтра Святланай Блашко, якія з нагоды Дня пажылых людзей наведалі шасцярых стагадовых з падарункамі – прадуктовымі наборамі.

Двое з доўгажыхароў жывуць у Налібаках. 103-гадовую Вольгу  Ігнатаўну Курдун даглядаюць Вера і Генадзь Пятроўскія. Гэта цётка Веры Мікалаеўны. Вольга Ігнатаўна жыла ў Карэліцкім раёне з маці Веры Пятроўскай. Калі тая памерла, Пятроўскія забралі пажылога чалавека да сябе дамоў у Налібакі. І беражліва даглядаюць яе вось ужо восем гадоў. Вера Мікалаеўна – педагог, хоць ужо і на пенсіі, працягвае весці ўрокі ў Налібацкай школе. Калі яна на працы, увесь клопат па доглядзе ляжыць на мужы. Вера Мікалаеўна гаворыць, што цётка шмат значыць у яе жыцці. Дзядуля і бабуля яе рана памерлі, яе маці было тады толькі 10 гадоў. Вольга Ігнатаўна, старэйшая, узяла на сябе клопат аб чатырох дзецях. Замуж яна не выйшла, так і засталася жыць з маці Веры Мікалаеўны, самай малодшай з чатырох дзяцей. Дапамагала гадаваць ёй яе дзяцей, у тым ліку і Веру Мікалаеўну. Узамен за дабрыню і сардэчнасць цяпер і Вольгу Ігнатаўну саграюць любоўю родныя.

Дом узорнага парадку ў Налібаках смела можна прысвоіць уладанню гаспадара Івана Юльянавіча Чарняца. Стагадовы чалавек жыве адзін, аднак ён пад клапатлівым наглядам сваіх трох дачок – дзве жывуць у Мінску, а адна – побач, у Камянцы. Дзеці наведваюцца часта, летам двор ажыўляецца праўнукамі. Іван Юльянавіч гаворыць, што яму цяжка палічыць, колькі ў яго ўсіх унукаў і праўнукаў. Кажа, што не менш за 18. Мы сядзім з ім на лавачцы ў двары. Ніяк не скажаш, што гэты чалавек размяняў стагоддзе – яму 101 год.

–       Летам, калі дзеці гасцілі, добра было, – гаворыць ён нам. – Устаў, гатовага паеў, і ўся работа. А цяпер сам сабе гатую, сёння вось кваску зварыў. Паціхеньку і посуд памыю. Парадак падтрымліваю.

Пра сваё доўгае жыццё ён расказвае так. Жылі на хутары, у вялікай сям’і, з вялікай гаспадаркай, дзе было пяць кароў і двое коней. Так што да працы быў прывучаны з самага маленства, тым больш што застаўся без бацькі ў восем гадоў. У маладосці асвоіў уменні краўца, абшываў мужчынскім адзеннем навакольныя вёскі і меў неблагі заробак. Закончыў чатыры класы польскай школы. І цяпер добра чытае па-польску і нават па-нямецку, хоць перакласці з нямецкага не можа. Пры Польшчы ў армію не трапіў па прычыне няшчаснага выпадку. Калі іх везлі на падводах у райцэнтр, няўдала саскочыў і атрымаў складаную траўму. Аднак палячыўся ў бальніцы, выжыў. У вайну шыў вопратку партызанам. Калі арганізавалі калгасы, стаў працаваць у паляводстве. Быў брыгадзірам на смалакурні. Жыццё прымусіла асвоіць і іншыя прафесіі. Напрыклад, усе будаўнічыя. Сваімі рукамі пабудаваў дом, у якім цяпер і жыве. Нават вокны і дзверы сам зрабіў. Вельмі цёпла, сардэчна гаворыць пра сваю жонку Броню. Ужо 18 гадоў, як ён удавец. Кіраўніку і супрацоўнікам тэрытарыяльнага цэнтра прыемна было слухаць, з якой удзячнасцю гаварыў Іван Юльянавіч пра сацыяльнага работніка  Наталлю Макоўскую, якая яго даглядае.

–       Калі б ні зярнуўся, нават калі і не яе рабочы дзень, падбяжыць, хлеба прынясе. І ноччу прыляціць, было і такое, клікаў яе, як дрэнна сябе адчуваў. Лекі дасць, хуткую выкліча. Такі душэўны чалавек.

Як бачым, аберагае Бог старажылаў, пасылаючы ім добрых людзей.

З Марыяй Францаўнай Агейка ў Ніўным мы не змаглі сустрэцца. Дачка яе адлучылася па неадкладных справах. Нас гасцінна прыняла суседка Станіслава Бурдукевіч і расказала, што Тэрэза Соза перавезла маці да сябе з Несцеравічаў, калі памёр брат, з якім жыла Марыя Францаўна. У даччыным доме маці ўтульна, яна дагледжаная, абагрэтая любоўю. Станіслава Валянцінаўна гаворыць, што яна часта наведвае суседку, пасядзіць ля ложка, пагаворыць, хоць сама таксама ўжо ва ўзросце, ад 9 мая пайшоў 82-гі год. Пра Станіславу Бурдукевіч таксама клапоціцца сацыяльны работнік  – Аліна Шуцько, пра якую мы пачулі нямала ўдзячных добрых слоў за міласэрныя адносіны да пажылых людзей.

У спісе стагадовых жыхароў нашага раёна 105-гадовая  Надзея Міхайлаўна Ярашэвіч з Пагарэлага, самая старэйшая са старажылаў на Стаўбцоўшчыне. Пра яе ўзяла на сябе клопат нявестка Зінаіда Ярашэвіч, вядомы ў нашым раёне чалавек, перадавая даярка, Герой Сацыялістычнай Працы.

Візіт міласэрнасці работнікі тэрытарыяльнага цэнтра здзейснілі і ў Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы і інвалідаў. Падарункі былі ўручаны 101-гадовай Разаліі Станіславаўне Мякчыла-Талстыка і 102-гадовай Аляксандры Юльянаўне Шавель.

На здымку:  Станіслава Бурдукевіч з Ніўнага.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *