Бачыць людзей сэрцам

Дабрачыннасць Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

У тэрытарыяльным цэнтры адбыўся сход раённага таварыства інвалідаў па зроку, на якім былі ўшанаваны найбольш актыўныя члены гэтай арганізацыі. 13-га кастрычніка пачаўся рэспубліканскі месячнік «Белая трость».

Мы гутарым са старшынёй праўлення раённага таварыства інвалідаў па зроку Аляксандрам Клімашам.

– Наша таварыства з’яўляецца адной са старэйшых грамадскіх арганізацый, – пачынае з гістарычнага экскурсу мой суразмоўца. – Яшчэ ў 1875 годзе было створана таварыства «всепомоществования» сляпых у Санкт-Пецярбургу. З 1895 года дзейнічала папячыцельства імператрыцы Марыі Аляксандраўны аб сляпых і, з гэтай нагоды, зацверджаны нагрудны знак. Калі звярнуцца да нашых мясцовых рэалій, то ўжо 1901 годзе ў Стоўбцах дзейнічаў саюз невідушчых  пры папячыцельстве Мінскай губерніі. У 1949 годзе было арганізавана адзінае таварыства сляпых у Стоўбцах і Дзяржынску…

У розны час на чале раённага таварыства інвалідаў па зроку працавалі Пятрухін, Мурашка, Навіцкі, Гадомская, Сошка. Ад Леаніда Сошкі, які, дарэчы, займаўся праблемамі невідушчых людзей раёна на працягу 20 гадоў, эстафета перайшла да мяне. Спрабуем наладзіць работу. На жаль, самае старэйшае таварыства ўжо больш за два гады не мае свайго памяшкання, але гэтае пытанне на кантролі ў райвыканкаме і, магчыма, у хуткім часе нам будзе дзе сустракацца і працаваць. На ўрачыстым сходзе адзначаны падзякамі старэйшыя члены нашай арганізацыі – Лідзія Цярэшка і Ірына Гайко, а яшчэ дваіх – Марыю Брода і Святлану Суднік (яны выконваюць адпаведна абавязкі рэвізора і сакратара) – павіншавалі з нагоды юбілеяў.    

– Аляксандр Іванавіч, што прадстаўляе сабою сёння арганізацыя?

– У яе радах каля 100 чалавек. У большасці члены арганізацыі – гэта людзі сталага веку, якія патрабуюць да сябе павышанай увагі. У Стоўбцах няшмат моладзі з інваліднасцю па зроку, але сярод яе пераважаюць людзі з першай групай інваліднасці, якія не могуць выйсці са свайго жылля без старонняй дапамогі. І ў цэлым наша таварыства таксама мае вострую патрэбу ў дапамозе, у ахвяраваннях у любым выглядзе.

– На каго вы можаце абаперціся, хто сярод вашых спонсараў?

– Мы падрыхтавалі лісты на многія прадпрыемствы з просьбай аб выдзяленні матэрыяльнай дапамогі. Мая асабістая падзяка кіраўніку СФГ «Сула» Уладзіміру Радзевічу за добрае сэрца і павагу да членаў нашай арганізацыі. Ён бясплатна выдзеліў для іх бульбу. Дырэктар раённага камбіната бытавога абслугоўвання Святлана Янушкевіч пайшла на тое, каб члены нашай арганізацыі мелі магчымасць пастрыгчыся са скідкай. Рэдактар раённай газеты «Прамень» Нэлі Астрэйка выдзеліла бясплатныя падпіскі на газету. Мы ўдзячныя галоўнаму ўрачу цэнтральнай раённай бальніцы Святлане Глебка, бо атрымалі магчымасць на пазачарговы прыём да ўрача-афтальмолага, а таксама яе намесніку Іне Кукота – праз МРЭК членам нашай арганізацыі выдзяляюцца тэхнічныя сродкі рэабілітацыі (палкі, хадункі, гадзіннікі, якія «гавораць», і т. п.). Кампанія мабільнай сувязі «Лайф» забяспечыла членаў таварыства разам з іх сем’ямі бясплатнымі пажыццёвымі ўнутрысеткавымі размовамі.

Выказваем удзячнасць за супрацоўніцтва раённаму выканаўчаму камітэту, раённаму вузлу паштовай сувязі, дырэкцыі гімназіі № 1, раённаму Цэнтру культуры, індывідуальнаму прадпрымальніку Сяргею Броду.

– Грамадскай арганізацыі патрэбна пастаянная падтрымка. Будзеце шукаць новых спонсараў?

– Паверце, гэта такое балючае пытанне… Прыніжаеш сябе, калі ў некага нешта просіш. І просіш для каго?..  Для людзей невідушчых! Яны вельмі тонкія, эмацыянальныя –  яны бачаць і слухаюць сэрцам. Я разумею так: шчасце адчуваць, што ты каму-небудзь неабыякавы, але шчасце ўдвая, калі ты здольны каму-небудзь дапамагчы, і твая дапамога абавязкова вернецца да цябе або да тваіх дзяцей. Дабрачыннасць спаконвеку вызначала наш народ, яна ў нас у крыві. 

Гэта маральны бок справы. А ёсць яшчэ і ініцыятыва дзяржавы, накіраваная на заахвочванне дабрачыннасці. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 300 ад 01.07.2015, суб’екты гаспадарання вызваляюцца ад падатку на прыбытак у памеры да 10 працэнтаў пры аказанні спонсарскай дапамогі інвалідам па зроку. Членам нашай арганізацыі нагадваю, што тэрмін выплаты ўзносаў – першы квартал наступнага года. Таксама запрашаю ўсіх інвалідаў па зроку станавіцца членамі таварыства. Інваліднасць – не загана, а ўсяго толькі медыцынскі дыягназ. Разам мы зможам многае.

Сродкі для Стаўбцоўскай раённай арганізацыі БелТІЗ можна пералічыць па адрасе: Мінская абласная арганізацыя ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ) № 3015006523714 у аддзяленні № 537 у г. Мінск ААТ «Белінвестбанк» ЦБУ, код банка 739 (абавязкова пазначыць – для Стаўбцоўскай раённай арганізацыі БелТІЗ).

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *