Сіла закона мацней за злачыннасць

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

У міліцэйскай справаздачнасці за дзевяць месяцаў бягучага года звяртае ўвагу такі паказчык, як узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва. На тэрыторыі нашага раёна ён вырас у параўнанні з леташнім і склаў 107 злачынстваў (па Мінскай вобласці – 91,9).

Стаўбцоўская міліцыя стала працаваць  менш эфектыўна, не так вынікова, як летась? З гэтага пытання мы пачалі гутарку з начальнікам раённага аддзела міліцыі Іванам МАМАЙКАМ.

–  Пытанне слушнае. На думку адразу прыходзіць выказванне з легендарнага мастацкага фільма «Месца сустрэчы змяніць нельга»: «Правапарадак у краіне вызначаецца не агульнай колькасцю злачынстваў, а ўменнем уладаў іх выкрываць». Нягледзячы на агульны рост злачыннасці, магу запэўніць, што мы працуем не горш, чым раней, а нават крыху лепш. У нас, дарэчы, адна з самых высокіх па вобласці нагрузак на супрацоўнікаў аддзялення крымінальнага вышуку. Калектыў міліцыі стабільны, граматны, працуе ў цесным узаемадзеянні з раённымі аддзеламі Следчага камітэта і судовых экспертыз, пракуратурай, судом. Значны прырост злачыннасці адбыўся за кошт крадзяжоў, у тым ліку сезонных. На тэрыторыі раёна больш за адну тысячу домаўладанняў, якія лічацца жылымі, але фактычна маюць гаспадароў толькі ў дачны сезон. Міліцыі прыходзіцца быць напагатове, таму што злачынствы ўчыняюцца незалежна ад часу сутак, святочных дзён і т. п. Пры неабходнасці нясем службу ва ўзмоцненым варыянце, каб трымаць абстаноўку пад кантролем.

Для характарыстыкі работы міліцыі прывяду такія лічбы. Летась намі было раскрыта 65 крадзяжоў, у гэтым годзе – 83, і, хаця агульная колькасць учыненых злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку ў раёне таксама ўзрасла больш чым на 25 працэнтаў, нам удалося раскрыць 60,7 працэнта ўсіх учыненых злачынстваў (у мінулым годзе – 60,4). Наогул па лініі крымінальнага вышуку зарэгістравана 272 злачынствы, з іх 155 – раскрыты (летась з 217-ці зарэгістраваных было раскрыта 131). Актыўную работу вядзем па лініі наркакантролю, у барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. З мэтай прафілактыкі злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін запланавалі на лістапад прафілактычную акцыю з сямейнымі скандалістамі. Асобныя з іх з-за адсутнасці заявы ад пацярпелага боку пазбеглі адміністрацыйнай адказнасці, таму будзем уздзейнічаць на іх праз грамадскія пункты аховы парадку.  

– Можна назваць нейкія новыя тэндэнцыі ў злачыннасці?

– Праблемай сярод катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў сталі падпалы. Зарэгістравана шэсць падобных фактаў, і чатыры з іх лічацца нераскрытымі, пры тым, што ўстаноўлены падазраваемыя ва ўсіх учыненых забойствах і замахах на яго, наўмысным нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Большасць узгаранняў адбываецца, як правіла, па віне саміх уладальнікаў (што пацвярджаюць і пажарныя), але яны гэта адмаўляюць. Магчыма, уплывае пытанне страхавых выплат і т. п.

– Традыцыйна негатыўна ўплываюць на крымінагеннае становішча асобы з ліку раней судзімых, алкагольны фактар. Якая прафілактыка праводзіцца ў даным накірунку?

– У гэтым годзе ў раён прыбыло з месцаў пазбаўлення волі 70 чалавек. Гэта нямала. І другое, раней судзімымі ўчынена 128 злачынстваў. Таму менавіта прафілактычнай рабоце з гэтай катэгорыяй грамадзян удзяляецца асаблівая ўвага. Стараемся дапамагаць ім з працаўладкаваннем, але тых, хто не хоча працаваць і працягвае злоўжываць спіртным, ізаліруем ад грамадства. Такіх асуджана і накіравана ў лячэбна-працоўны прафілакторый 42 чалавекі (летась – 27). Акрамя накіравання ў ЛПП, прымяняем і іншыя супрацьалкагольныя меры. З пачатку года было канфіскавана 3 811 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці, 12 самагонных апаратаў. Трэба прызнаць і мэтазгоднасць адміністрацыйнага рэсурса. Складзена 510 пратаколаў за распіванне спіртнога ў грамадскіх месцах і 66 – на рабочым месцы, 350 – за паўторныя факты. Асноўная мэта – не пакараць штрафам, а праз рубель «збіць» хвалю ўседазволенасці, бо спачатку п’юць на лавачцы, а потым — патасоўкі, бойкі, выхад у такім стане на дарогу…

– У нас ёсць падобныя прыклады?

– Прыкладаў дастаткова, таму што на даны момант зарэгістравана 24 ДТЗ з пацярпелымі, на 50 працэнтаў больш, чым летась. У іх загінулі сем чалавек і 22 – паранены, у тым ліку чацвёра дзяцей. Сярод іх, безумоўна, ёсць і пешаходы, веласіпедысты… Спрабуем уплываць на дарожную бяспеку шляхам маніторынгу дарожнай сеткі, адміністрацыйнага рэсурса. Так, за парушэнне правілаў дарожнага руху складзена ў гэтым годзе каля 8 000 пратаколаў, амаль на адну тысячу больш, чым летась. Паколькі асноўным парушэннем на вуліцах горада з’яўляецца хуткасны рэжым, то звярнуліся ў раённы Савет дэпутатаў з прапановай аб набыцці пераноснага відэарадара. Гэты прыбор дапаможа дакуменціраваць правапарушэнні і, адпаведна, прыцягваць вінаватых да адказнасці. Хацелася б выкарыстаць і вопыт нясвіжан з устаноўкай на скрыжыванні і ў іншых месцах канцэнтрацыі ДТЗ увагнутага люстэрка, здольнага інфармаваць вадзіцеля пра абстаноўку на дарозе. На пешаходных пераходах практыкуем нясенне службы ў выглядзе камбініраваных патрулёў – пешых і аўтатранспартных.

– У раёне, як і ў цэлым па рэспубліцы, прыцягваецца замежная рабочая сіла. Наколькі актуальнае для нас гэтае пытанне? 

– Да нас прыехала на даны момант больш за 120 грамадзян Украіны. Іх бяруць на працу гаспадаркі, аднак нярэдка з парушэннямі заканадаўства. У прыватнасці, назіраецца неадпаведнасць адраса рэгістрацыі і пражывання. Нядаўна прыйшлося прыцягваць да адказнасці кіраўніка аднаго з сельгаставарыстваў раёна, па віне якога вырашалася пытанне аб дэпартацыі грамадзянкі Украіны. Жанчына працавала звычайнай даяркай.

– Якія змены адбыліся ў калектыве міліцыі?

– У гэтым годзе трое супрацоўнікаў выйшлі на заслужаны адпачынак, а 12 новых прыняты на службу (дадаткова на міліцыю ўскладзены абавязкі па рабоце з неплацельшчыкамі ўстаноўленага збору сістэмы BelToll, таму на аўтамагістралі, на былым пункце спагнання дарожных збораў, пачаў дзейнічаць пост). Прыемна, што ў нас сфарміравана ветэранская арганізацыя. Пры звальненні ў запас кожнаму ўручаецца пасведчанне члена ветэранскай арганізацыі. Ветэраны міліцыі – людзі неабыякавыя, актыўныя, таму многія з іх знайшлі дастойнае прымяненне ў органах улады, на прадпрыемствах.  

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *