Законнасць

Ахова правапарадку Нумары Пракурорскі нагляд

ПАТРАБАВАННІ, ЯКІЯ НЕАБХОДНА ВЫКОНВАЦЬ

У адпаведнасці з п. 470 каардынацыйнага плана кантрольнай (нагляднай) дзейнасці па Мінскай вобласці на другое паўгоддзе 2015 года пракуратурай Стаўбцоўскага раёна праведзена праверка выканання патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны», № 3 «Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы», захавання патрабаванняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, а таксама аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Звернута асаблівая ўвага на законнае вядзенне закупак тавараў, выкананне работ ці паслуг. Праверка ішла ў дзяржаўным унітарным прадпрыемстве меліярацыйных сістэм «Стаўбцоўскае ПМС».

Устаноўлена, што загадамі дырэктара прадпрыемства штогод, пачынаючы з 2013 года, стваралася камісія па папярэджанні і прафілактыцы карупцыйных парушэнняў у ДУП «Стаўбцоўскае ПМС».

Адпаведная камісія створана загадам дырэктара ад 05.01.2015 г. Аднак намеснік старшыні і сакратар камісіі выбраны не на пасяджэнні данай камісіі (адпаведны пратакол не прадстаўлены), а назначаны загадам дырэктара прадпрыемства, у выніку чаго парушаны патрабаванні Тыпавога палажэння аб камісіі па супрацьдзеянні карупцыі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26.12.2011, № 1732.

Акрамя таго, старшынёй камісіі назначаны галоўны інжынер, нягледзячы на наяўнасць у штаце прадпрыемства намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце, які назначаны сакратаром данай камісіі.

Згодна з п. 6 Тыпавога палажэння дзейнасць камісіі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з планамі работы на каляндарны год, што зацвярджаюцца на яе пасяджэннях.

У ДУП «Стаўбцоўскае ПМС» адпаведна планы за 2013 – першае паўгоддзе 2015 гг. не распрацоўвалі і на пасяджэннях камісіі не зацвярджалі. Дзейнасць камісіі заснавана на штогадовых планах мерапрыемстваў па папярэджанні і прафілактыцы карупцыйных парушэнняў, зацверджаных дырэктарам прадпрыемства.

Пры вывучэнні пратаколаў пасяджэнняў камісіі ўстаноўлена, што яны малазмястоўныя. Рашэнні заключаюцца ў  прыняцці інфармацыі да ведама і не ўтрымліваюць канкрэтных мерапрыемстваў, прапаноў, накіраваных на папярэджанне і выяўленне карупцыйных праяў. Пярвічныя матэрыялы па разгледжаных на пасяджэннях камісіі пытаннях адсутнічаюць.

У ходзе праверкі выканання заканадаўства аб закупках тавараў, правядзенні работ, паслуг таксама выяўлены недахопы. Згодна з гадавым планам дзяржаўных закупак ДУП «Стаўбцоўскае ПМС» на пастаяннай аснове з адной крыніцы набываюцца аўтамабільнае паліва, запасныя часткі для аўтамабіляў і спецмашын, ажыццяўляюцца паслугі па іх рамонце і тэхнічным абслугоўванні. Кошт гэтых тавараў, работ, паслуг не перавышае 300 базавых велічынь.

Разам з тым, якія-небудзь звесткі аб вывучэнні спецыялістамі прадпрыемства кан’юнктуры рынку да заключэння адпаведных дагавораў адсутнічаюць, што парушае патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)».

Праверка выканання ў ДУП «Стаўбцоўскае ПМС» патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 і № 3 у ДУП «Стаўбцоўскае ПМС» паказала, што ў дзейнасці прадпрыемства маюць месца парушэнні правілаў аховы працы і пажарнай бяспекі.

У прыватнасці, на падлозе аглядавай канавы не ўстаноўлены трывалыя драўляныя рашоткі, месцы пераходу канавы не абсталяваны здымнымі пераходнымі масткамі шырынёй не менш за 0,8 метра. Аглядавыя канавы, траншэі ці іх часткі, што не эксплуатуюцца больш адной рабочай змены, не перакрываюцца трывалымі шчытамі, пераходнымі масткамі.

Транспартныя сродкі не абсталёўваюцца супрацьадкатнымі ўпорамі ці башмакамі пад колы, каб не дапусціць рух аўтамабіляў пры правядзенні рамонту. Не праводзяцца тэхнічны агляд і выпрабаванне газавых рэдуктараў. Праходы і праезды вытворчай зоны, на якой у тым ліку ажыццяўляецца рамонт аўтамабіляў і сельскагаспадарчай тэхнікі, не абсталяваны цвёрдым пакрыццём. Дапускаецца неакуратнае складзіраванне металічных вырабаў, запасных частак.

Спецыяльная тэхніка, як і пост правядзення зварачных работ, не ўкамплектавана пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, што з’яўляецца парушэннем правілаў пажарнай бяспекі.

Газазварка вялася няспраўным абсталяваннем.

Праверка выканання заканадаўства аб захаванасці ўласнасці паказала, што ў ДУП «Стаўбцоўскае ПМС» дапускаецца неналежнае захоўванне сельскагаспадарчых машын і тэхнікі. На адкрытай пляцоўцы размешчана як эксплуатуемая тэхніка, так і тая, што вычарпала свой рэсурс. Належная ахова тэхнікі ад ўздзеяння атмасферных ападкаў і нізкіх тэмператур не забяспечана, і яна прыходзіць у нягоднасць. Меры па разукамплектаванні і перамяшчэнні тэхнікі ў боксы для далейшага захоўвання і рамонту не былі прыняты. Толькі па ўказанні пракуратуры частка тэхнікі пастаўлена ў закрытае памяшканне. Тэрыторыя прадпрыемства належным чынам не агароджана, поўнасцю не асвятляецца, вокны некаторых боксаў не заклеены, што спрыяе свабоднаму доступу пабочных асоб і крадзяжу маёмасці.

Паводле вынікаў праверкі ДУП «Стаўбцоўскае ПМС» унесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў антыкарупцыйнага заканадаўства, патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 і № 3, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць.

Аляксей КУТАС,

памочнік пракурора раёна

 

СУПРАЦЬ ІНТАРЭСАЎ СЛУЖБЫ   

Раённы аддзел Следчага камітэта паведамляе, што завершана вытворчасць па крымінальнай справе па абвінавачанні ва атрыманні хабару і службовым падлогу жыхара Стоўбцаў.

У ходзе следства ўстаноўлена, што ён, будучы ўрачом паліклінікі і ў далейшым выконваючы абавязкі загадчыка аддзялення, учыніў у чэрвені 2015 года злачынства супраць інтарэсаў службы. Так, маючы паўнамоцтвы на ажыццяўленне юрыдычна значных дзеянняў, ён выкарыстаў сваё службовае становішча ў мэтах асабістай карыслівай зацікаўленасці, што выразілася ў прыёме грашовых узнагароджанняў ад жыхароў раёна за выпіску фіктыўных медыцынскіх даведак аб стане здароўя і лісткоў непрацаздольнасці.

Матэрыялы крымінальнай справы накіраваны ў суд.

Раённы аддзел

Следчага камітэта



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *